Партрэт
Калi я закахаўся ў Алену, дык несупынна яе маляваў. Цяпер у мяне процьма тых малюнкаў... Але ёсць адзiн партрэт, зроблены алейнымi фарбамi на палатне, якi ўвабраў у сябе ўсе мае графiчныя пошукi. Алена яго любiць i заўсёды вешае на сцяну. Гэтая далёка не найлепшая з маiх карцiнаў часам моцна раздражняе вочы. Аднойчы, у прыпадку вар’яцкай лютасцi, я хапаю нож i рэжу палатно, нявечу сваё, каб не калечыць ейнае. Алена хавае дзiравую карцiну за шафу. Праз тры гады яна вязе парэзаны нажом партрэт да рэстаўратараў. Тыя здзiўляюцца: «Нiколi не здаралася, каб нехта хацеў аднавiць сучасную карцiну». Цiкава, якiм будзе жончын партрэт пасля аднаўлення.
Частка трэцяя. Брат
Вочы
Калi Мiрык нарадзiўся, вочы ў яго былi цёмна-цёмна-сiнiя, як берлiнскi лазурак, а потым паступова зрабiлiся «чорнымi» — цёмна-карымi. Гэта, пэўна, самае чароўнае пераўтварэнне, якое я ў iм назiраў.
Сон
Калi мы з мацi прыехалi да Мiрыка ў вайсковую вучэбку, што мясцiлася ў Чарнаўцах, i забралi яго на суткi, дык мяне вельмi здзiвiлi змены, якiя адбылiся з братам. Юнак-студэнт пераўвасобiўся ў iстоту, якую ў народзе абразлiва называюць «гарматнае мяса». Худы да нейкай спружынiстай драўлянасцi, Мiрык глядзеў на свет вачыма, якiя ў адначассе кантралявалi вонкавыя з’явы i ўглядалiся ў глыбiнi ўласнай прыгнечанай душы. «Я магу спаць стоячы, — салдацкiм голасам распавядаў брат, — магу спаць iдучы. Ісцi i спаць. Магу бегчы i спаць. А галоўнае, я магу бегчы i спаць з расплюшчанымi вачыма...» Мама вельмi ўразiлася гэтымi здольнасцямi. А я ўзрадаваўся, бо з такога воiна не зробiць гарматнае мяса нiводзiн генералiсiмус.
Удар
У кожнага мужчыны ўзнiкае жаданне разбiць твар iншаму, падобнаму да сябе. І раней цi пазней абставiны складаюцца на тое, каб злосць увасобiлася ў бойку. Чалавек — iстота ваенная. Нiчога не паробiш. З астатнiмi нiчога не зробiш, а сябе ўсё ж у пэўны момант можна пераарыентаваць. Удар, якi Мiрык абрынуў на тоўстае дзвярное шкло, каштаваў яму шмат. Шкло разляцелася на аскепкi, але i кулак ператварыўся ў крывавую кашу. Генiяльны, без перабольшання, хiрург Пал Палыч Беспальчук нейкiм магiчным чынам разабраўся ў крывавай кашы i сшыў, склаў, аднавiў братаву руку наноў. Тыднi тры Мiрык праляжаў у бальнiцы ў Беспальчука, скiнуў кiлаграмаў дваццаць i выйшаў падобны да падлетка. Яго сустрэла Таня, другая жонка, з-за якой i разляцелася тоўстае шкло. Мусiла разляцецца на кавалачкi галава Танiнага першага мужа, якi цяжка перажываў страту жонкi i часткi рэчаў. Каб хоць неяк выглядаць па-мужчынску, ён не аддаваў Танi яе вопратку, а тут прыйшоў Мiрык. Ударыў ён адбiтак Танiнага мужа, ударыў адлюстраванне, а не арыгiнал, разбiў цень, каб iстота, што цень наводзiла, спалохалася i ўцякла. Істота збегла. Скалечаная рука гаiлася доўга. Больш за год брат не адчуваў пальцамi нi холад, нi цяпло. Бывала, курачы цыгарэту, заўважаў, як на пальцы ўздзiмаецца пухiр апёку, але болю не чуў. Жахлiвы пах спаленай чалавечай скуры напаўняў пакой, але Мiрык нi разу не пашкадаваў пра тое, што зрабiў.
Бензiн
Як лёгка гарыць бензiн, без усялякага напружання! Гэта чыста мужчынскi занятак — палiць бензiн. Як пiць спiрт. Пра бензiн мы з Мiрыкам загаварылi, калi нам не вярнулi грошы. Быў такi час, калi грошы да нас прыходзiлi лёгка, а таму шмат каму здавалася, што iх можна пазычыць i не вярнуць. Так проста: узяў, сказаўшы, што вернеш, i нiбыта забыўся. Толькi грошы, насамрэч, прыходзiлi да нас цяжка, i за кожны рубель-даляр мы адпрацоўвалi напоўнiцу. А тут паверылi, як верылi нам, далi, а праз месяц зразумелi, што нiхто нам пазыкi вяртаць не збiраецца. Вялiкадушнасць, усёдараванне, любоў да чалавека — выдатныя рэчы, але яны не тычацца злодзеяў i шэльмаў. Папярэджаннi шэльма ўспрымаў спакойна. Абяцаў, хлусiў, час цягнуў... Вось i ўзнiкла думка: а цi не даць яму панюхаць бензiну. Ёсць жа асобы, якiм падабаецца вастрыня бензiнавай пары. Шэльма жыў на другiм паверсе, над аптэкаю. Ягоныя кватэрныя дзверы мы падперлi драўляным брусам, каб не выскачыў. Бутэльку з бензiнам кiдаў я. Каб кiдаў Мiрык, напэўна, пацэлiў бы ў шыбу, а я расхваляваўся i ўпiндзюрыў у раму. Такая злосць мяне ахапiла, хоць Мiрык i крычаў, што трэба ўцякаць, а я ўсё ж выдраў кавалак асфальта, вялiкi, памерам з два кулакi, i зафундырыў у шыбу. Ну, мусiў шэльма нюхнуць бензiну! Мусiў i нюхнуў. У дварах нас чакала машына, так што праз тры хвiлiны мы зноў былi на днi нараджэння ў сябра. Алiбi нiкому не шкодзiць, калi намерваешся даць панюхаць бензiну. Пах падзейнiчаў. Грошы вярнулiся. Не ўсе, але збольшага. І рэч тут не ў грошах. Галоўнае, мець брата, з якiм можна любой шэльме даць панюхаць бензiну.
Краiна кратаў