Выбрать главу

Прабачэнне

У кожнай справе галоўнае — зазiрнуць наперад. Цi то ты селянiн i разважаеш пра будучы ўраджай, цi рамеснiк i думаеш, як выканаць замову i выгадней прадаць плён рук сваiх, цi як брат лiтаратар, выдавец, мысляр. Яго здатнасць бачыць будучыню мяне заўсёды радавала i дзiвiла, бо сам я — чалавек настрою, люблю хуткаплыннасць, зменлiвасць, незавершанасць... Таму ў мастацтве раблю накiды i шкiцы, у лiтаратуры пiшу лiрычную прозу, а ў выдавецтве кiрую праектамi сезонных кнiжак. Брат — iншы, ён супрацьлегласць мне, ягоная стыхiя — доўгатэрмiновыя праекты. Калi мы толькi распачыналi працу над «Сусветнай гiсторыяй» у 24 тамах i толькi збiралiся выкасоўваць цытаты марксаў-ленiнаў, а факт паставiць вышэй усялякiх каментароў i трактовак, я толькi на адсоткаў трыццаць верыў у поспех (якi поспех?!), у простае выкананне працы аб’ёмам у 12000 кнiжных старонак. Брат верыў, ён бачыў гэтыя кнiгi, ён бачыў iх дзесяцiразовае перавыданне i пераўтварэнне ў iлюстраванае каляровае выданне. Цяпер, калi нашы кнiгi па сусветнай гiсторыi налiчваюць больш за сотню тамоў, а колькасць замоваў толькi на гэтую тэму не змяншаецца, я магу любога скептыка падвесцi да палiцы з кнiгамi i сказаць: мой брат здатны зазiрнуць у будучыню, i ягоная здатнасць, увасобленая ў сотнi i тысячы тамоў, — тут, перад Вамi.

Японiя

Японiя далёка-далёка, а Беларусь яшчэ далей. Каб убачыць i зразумець Беларусь, трэба пiсаць японскiя вершы, трэба вывучаць i перакладаць Басё. Як гэта растлумачыць недасведчаным? Цi трэба тлумачыць недасведчаным i насiць ваду ў рэшаце? Пройдзе адзiн час i надыдзе iншы, адны недасведчаныя адыдуць, а другiя ўжо будуць ведаць, што Беларусь стала блiжэй, бо нехта пiсаў хайку на палiгоне ў гарах на самай мяжы з радзiмай усiх войнаў — Нямеччынай, бо брат мой пераклаў зборнiк Басё, i сем разоў той зборнiк перавыдаваўся ў сталiцы адной з найвялiкшых iмперыяў свету — Маскве. Там нейкi майстра зрабiў для таго зборнiка вокладкi з цялячай скуры i скрынку з дрэва, абклеiў яе ядвабам i дарагой паперай. Кнiга круцiлася ў ярка асветленай шкляной вiтрыне i зiхацела, як каштоўны камень. Яе кошт быў большы за кошт двух залатых заручальных пярсцёнкаў. Але я не мог не набыць братаву кнiгу. «Цi былi там яшчэ такiя кнiгi?» — спытаў Мiрык. «Былi». — «А цi былi сярод аўтараў жывыя?» — «Не было».

Тэа

У гiсторыi мастацтва найузорнейшым прыкладам узаемаадносiнаў братоў, адзiн з якiх мастак, а другi бiзнэсовец, прынята лiчыць узаемаадносiны Тэадора i Вiнсэнта ван Гогаў. Небеспадстаўна. Бо менавiта Вiнсэнт дзякуючы матэрыяльнай падтрымцы Тэадора разбурыў мiф пра неабходнасць мастака быць iнтэграваным у грамадства i для рэалiзацыi здольнасцяў выконваць сацыяльныя замовы царквы, дзяржавы або мецэнатаў. Лiчыць Тэа мецэнатам Вiнсэнта нельга, бо калi б той i не намаляваў нiводнага палатна, брат усё адно дапамагаў бы хвораму брату чыста па-людску, як шмат хто iншы, маючы магчымасць, апякуецца бяднейшымi сваякамi. Жаданне быць ван гогамi за кошт братоў распаўсюдзiлася ў мастакоўскiм асяродку з хуткасцю чумы. Тысячы эпiгонаў па ўсiм свеце лiчаць сябе роўнымi, а то i лепшымi за вялiкага галандца i патрабуюць-вымагаюць сродкi на iснаванне ад наiўных сваякоў. Сапраўды спакуслiва пiць, гуляць, маляваць i нi за што не адказваць, нават за якасць уласнага пэцкання. З iншага боку, ахвяруючы невялiкiя грошы, прыемна цешыць сябе думкаю, што ўтрымлiваеш не проста разбэшчанага п’янтоса i няздару, а ўкладаеш сродкi ў генiя, якога праз пэўны час прызнае ўвесь свет. Безумоўна, Мiрык хацеў бы, каб я стаў знакамiтым, як Вiнсэнт ван Гог; бясспрэчна, мне было б значна прыемней займацца выключна станковым мастацтвам i лiрычнай лiтаратураю. Але нашыя адносiны падобныя да стасункаў славутых братоў якраз сваёй шчырасцю, даверам. Мiраслаў збiрае мае малюнкi i паспрыяў выданню вялiкага тома маiх лiтаратурных практыкаванняў, каб падтрымаць маю хiсткую веру ў свае здольнасцi. Я занадта ўважлiва вывучыў бiяграфiю ван Гога, каб зразумець яе непаўторнасць, унiкальнасць i драматызм. Самагубства Вiнсэнта прывяло да самазабойства Тэа. Дробныя шарлатаны ад мастацтва замоўчваюць гэты сумны факт. І калi галандскi галерэйшчык праз пасярэднiкаў (усё брыдотнае чымусьцi робiцца праз усмешлiвых пасярэднiкаў) замовiў мне сцэнар фiльма пра ван Гога Менскага, я спытаў: «У жытнёвым полi ты, ван Гог Менскi, страляцца будзеш?» — «Не!» Пра ягонага брата, якi ўтрымлiвае майстэрню па вытворчасцi надмагiльных помнiкаў, я пытацца не стаў i пiсаць сцэнар адмовiўся, бо Вiнсэнт ван Гог не iснуе без Тэа.