Га@ды
Наколькi я не люблю павукоў, змеяў, шэршняў, чарапах, восаў, настолькi iх любiць i заўсёды любiў Мiрык. Ён чытаў пра iх кнiгi, кшталту Халiфмана пра пчолаў, ён маляваў iх, лавiў, садзiў у загадзя падрыхтаваныя скрыначкi i слоiкi, разглядаў праз павелiчальнае шкло i вельмi дзiвiўся, калi нехта не ведаў, колькi лапак у тарантула або якi максiмальны памер змяi-мядзянкi. Каб бацькi толькi дазволiлi, у нашай кватэры абавязкова з’явiўся б тэрарыум, а так братава захапленне абмяжоўвалася жукамi i восамi. Ён iх сапраўды любiў настолькi, што яны яго не кусалi. А мяне... Мяне джыгнуў шэршань, ад аднаго ўспамiну пра той выпадак скура на шчоках шэрхне, а вушы пачынаюць гарэць... Мы жылi каля возера, на Браслаўшчыне. Усялякiм гадам там проста рай. Калi казачны чорт угаварыў дурнога беларускага мужыка развязаць мех з гадамi, якiх Бог загадаў вартаваць, дык тое здарылася не на Палессi, а на Браслаўшчыне. Мiрык ад ранiцы да ночы тых гадаў лавiў, садзiў у скрынкi i ставiў на падваконне. Лета стаяла задушлiвае, i я завёў сабе звычку адпачываць — чытаць i спаць пасярод дня. Чытаючы, я адчуў, як ражок падушкi нязручна ўпёрся мне ў шыю, я паправiў ражок... Толькi гэта быў шэршань-уцякач. Кiнжальны боль працяў маю шыю навылёт, скура на твары зморшчылася, вушы распухлi, язык запоўнiў увесь рот, вочы вырачылiся i перасталi мiргаць. У гняўлiвым шале я разбiў, патрушчыў, паламаў усю братаву калекцыю гадаў i жамярынаў. Дзень мы не размаўлялi, а ўвечары дамовiлiся, што ўсё злоўленае ён будзе адразу ж умярцвяць. Забiраць жыццё ў гадаў Мiраслаў навучыўся хутка, i робiць гэта па-майстэрску.
Карты
Шмат якiя зробленыя Мiраславам адкрыццi i праекты прыпiсваюцца мне. Грамадству, пэўна, так лягчэй; лепей трываць аднаго авантурыста, чымсьцi двух. І яшчэ я вельмi люблю iнтэрв’ю як лiтаратурны жанр, калi маеш справу з процьмаю самых iдыёцкiх пытанняў i спрабуеш, не выкiдаючы iх, зрабiць чытэльны тэкст цi разыграць сцэнку перад мiкрафонам або камераю. Проста я больш публiчны чалавек. Але вернемся да чыста Мiраслававай iдэi выдаваць карты. Вядома, не геаграфiчныя. Звычайна карты выдаюць дзяржавы, на карты ў дзяржаваў манаполiя, як i на большасць рэчаў, звязаных з азартам. Каб гэта ведаць, трэба ў маладосцi набыць пiсталет, кiнуць школу i на падпольнай кватэры гуляць у прэферанс на вялiкiя грошы. Зброя ў дадзеным выпадку — доказ братавага практыцызму i ягонай неазартнасцi. Руляй лёгка супакойваецца штучная iстэрыка i астуджваецца азарт сквапных гульцоў. Спасцiгнуўшы сакрэты картачных гульняў, братаў розум быў цалкам падрыхтаваны ў патрэбны момант, калi дзяржава СССР разбурылася, а Рэспублiка Беларусь не стала на ногi, сказаць: «Карты будзем друкаваць». Ад iдэi да рэалiзацыi шлях быў доўгi i няпросты. Асаблiва мярзотна выглядалi два моманты. Замовы на палiграфiчную прадукцыю не прымалiся без хабару. Пры дырэктарах iснавалi хабараносцы. Колькi яны заносiлi, а колькi пакiдалi сабе, без пiсталета не разбярэшся, але на той час зброi ў Мiрыка не было. Другi брыдкi момант: фабрыка адмовiлася складаць карты ў калоды. Пэўна, хабараносец шмат недадаў хабарнiку-дырэктару, i мы атрымалi асобна каралёў i асобна шасцёркi. Нанятыя намi людзi больш за год складалi i прадавалi тыя выдатна намаляваныя мастаком Чарыновiчам карты. Праект быў генiяльны, прыдумаць яго мог толькi брат. І галоўнае: у час, калi iмперыя зла зруйнавалася, а новыя незалежныя дзяржавы толькi ўздымалi свае сцягi, нiякiх iншых картаў, акрамя нашых, на рынку проста не было.
Скура
Наколькi ў Мiрыка цёмная, татава, скура, якая загарае за адзiн сонечны дзень i нiколi не ведае нiякiх апёкаў, — настолькi ж у мяне белая, мамiна, якая ўвесь час абгарае на сонцы. Але нi я, нi ён не любiм ляжаць на сонцы. Валяцца каля мора цi рэчкi — не наш занятак. Ісцi ўздоўж вялiкай вады — гэта нашае, гэта любiў тата, люблю я i любiць брат.