Казкi
Яшчэ з дзяцiнства я не любiў казкi з харошым канцом. Звычайна там нейкi ўмоўна станоўчы герой забiвае так званага адмоўнага. Каб сканчаць не забойствам, а вяселлем, станоўчы яшчэ забiраў у адмоўнага жонку-палоннiцу, ну а розных там вядзьмарак-пляткарак раздзiралi на баране. Такiя фiналы лiчацца добрымi, а дрэнным можна назваць такi: «Бяжыць брат-забойца па лесе, а Поўня за iм бяжыць; бяжыць брат-забойца па полi, а Поўня за iм ляцiць. І бачыць брат-забойца на Поўнi ясны твар свайго забiтага брата». Так канчаецца беларускi казачны пераказ бiблiйнага сюжэта пра Каiна i Авеля. Менавiта яго я хацеў праiлюстраваць у мастацкiм iнстытуце. Тэму мне не зацвердзiлi. Можа, i правiльна зрабiлi, бо грамадству больш падабаюцца вяселлi, перамогi герояў над цмокамi i дабра над злом. Разважаць пра грэх братазабойства хто захоча? Я, бо лiчу, што першародны грэх Бога перад чалавекам — гэта якраз правакаванне Каiна забiць Авеля. Чым Каiнаў хлеб быў горшы за Авелева ягня? Бог паставiў Авеля над Каiнам, Каiн загневаўся i забiў брата. Брат забiў брата... Што можа быць горш? Нiчога. Чаму ў словах пра брата Мiраслава я закрануў Поўню, з якой Авель глядзеў на Каiна? А таму, што я не хачу, каб нехта, ведаючы простую бiблiйную схему правакацыi, пасварыў нас, не хачу, нават каб гэта быў сам Бог.
Частка чацьвёртая. Баба зь дзедам
БАБА
Камень
Улюбёным сынам у дзедавай сям’i быў малодшы з трох братоў — Ян. Дзеля Яна дзед з бабай пасадзiлi сад, дзеля яго пачалi будаваць дом у яблыневай засенi. Калi зрабiлi падмурак, суседзi напiсалi скаргу, нiбыта наш новы дом загародзiць iм сонца. Дзяржава ўзяла бок суседзяў, бо наша вёска апынулася ў спiсе неперспектыўных. У такiх вёсках забаранялася будавацца. Каб скаргi не было, дык не прыехаў бы бульдозер i не пакрышыў бы падмурак. Прыпёрся, насмуродзiў сiнiм дымам i, зламаўшы плот, патрушчыў цэментовыя брусы. Бульдозер з’ехаў, а ўзрадаваная суседка на ўсю вулiцу ўсхваляла Бога i кляла нашых сваякоў да пятага калена. Баба Броня падняла з зямлi камень i патрапiла суседцы ў голаў. Тая змоўкла, павалiлася на дарожны пыл i ляжала, пакуль не прыехалi мiлiцыянты. Баба Броня сказала, што суседка сама сабе разбiла галаву, каб нас абгаварыць, бо разбуранага падмурка ёй замала. Мiлiцыянты вырашылi правесцi следчы эксперымент, бо сведкi мелiся з абодвух бакоў. Асноўнае пытанне, на якое мусiў адказаць эксперымент: цi магла баба Броня дакiнуць такi вялiкi камень з таго месца, дзе стаяла, да таго месца, дзе павалiлася суседка? Колькi разоў мянты нi спрабавалi дакi-нуць камень, нi разу не дакiнулi. Пра тое, каб пацэлiць у лоб, i гаворкi не вялося. Гэтым разам улада стала на бок бабы Бронi. Толькi радасцi не было. Дзе ж ты парадуешся, калi твой плот, твой сад, твой падмурак пабурылi, а твой любы сын змушаны з’ехаць ад цябе назаўсёды!..