Выбрать главу

Казка пра Васiлька

Дождж. «Баба Броня, я пагуляць пайду». — «Куды ты такiм дажджом пойдзеш? У хаце пасядзi, а я казку раскажу... Быў у мацi сынок, звалi Васiлёк. Любiў Васiлёк рыбу лавiць. Прывядзе яго мацi на возера, пасадзiць у чаўнок i накажа: «Сынку Васiльку, плывi i рыбу лавi, толькi да берагоў не падплывай, бо вядзьмарка схопiць цябе, панясе i з’есць. Толькi калi я цябе паклiчу, ты да берага плывi». Так i павялося. Прыходзiла мацi i клiкала: «Сынку Васiльку, плывi на беражок, дам табе пiражок». Прыплываў чаўнок на беражок, i мацi частавала сынка пiражком ды вяла дахаты. Прачула вядзьмарка, што Васiлёк рыбу на возеры ловiць. Прыйшла, схавалася за вярбу i гукае: «Сынку Васiльку, плывi на беражок, дам табе пiражок». А Васiлёк адказвае: «Не паплыве мой чаўнок на беражок, бо ў маёй мацi голас тоненькi, а ў цябе, вядзьмарка, тоўсты». Пабегла вядзьмарка да каваля i папрасiла распляскаць ёй язык, каб голас патанчэў. Распляскаў каваль вядзьмарчын язык, i голас патанчэў. Прысунулася старая вядзьмарка на возера, схавалася за дрэва i клiча тоненькiм голасам: «Сынку Васiльку, плывi на беражок, дам табе пiражок». Прыплыў чаўнок на беражок. Схапiла вядзьмарка Васiлька, закiнула на плечы i панесла, каб у лесе засмажыць i з’есцi. Несла, несла, стамiлася i сраць захацела...» — «Баба Броня, я таксама ў прыбiральню хачу». — «Схадзi, толькi дзедаў пiнжак накiнь, каб не змокнуць». Злётаў я ў прыбiральню i лёгкi вярнуўся. «Пасадзiла вядзьмарка Васiлька на пень, а сама побач сраць села. Пачаў Васiлёк прасiць пень: «Расцi, расцi, пень. А каб ты, ведьма, не высралася!» — «Што ты там гаворыш?» — «Прашу Бога, каб табе лёгка сралася». — «Ну, прасi». Прасiў Васiлёк пень, i той вырас пад самае неба. Высралася вядзьмарка i бачыць, што Васiлёк сядзiць не на пнi, а на высокiм дрэве. Пачала вядзьмарка скакаць, каб Васiлька дастаць. Не змагла даскочыць. Пачала дрэва грызцi. Зубы пакрышыла, а дрэва не перагрызла. Пабегла да каваля, прынесла сякеру i кажа: «Сячы, сякера, па палену!» А Васiлёк папраўляе: «Не па палену, а па калену!» Секанула вядзьмарка сабе па калену, раззлавалася i пакульгала да каваля па пiлу. Прынесла пiлу i пiлуе. А Васiлёк паглядзеў на неба, каб у неба папрасiць паратунку. Ляцелi па небу качкi. Пачаў Васiлёк качак прасiць: «Качкi, качкi, скiньце мне па пёрку, каб я крылы зрабiў i да мацi паляцеў». Кiнулi качкi па пяру, зрабiў Васiлёк крылы i да мацi паляцеў. А вядзьмарка не бачыла, што няма Васiлька, i пiлавала дрэва, i перапiлавала. Павалiлася дрэва на вядзьмарку i забiла яе». — «Баба Броня, дождж скончыўся». — «Абувай боты i iдзi». І я iшоў на вымыты дажджом двор.

Казка пра ваўка

Зiмовы вечар. У хаце залатое святло лямпачкi, а за шыбамi глыбокая сiнеча снежаньскiх халадоў. «Баба Броня, раскажы мне казку». — «Пра каго?» — «Пра зiму». — «Добра, слухай казку пра ваўка... Жылi дзед i баба. Жылi — не бедавалi. Мелi скварку i да скваркi. На Куццю нагатавала баба розных прысмакаў, i селi яны з дзедам за святочны стол. Толькi яны сабралiся павячэраць, як у шыбу нехта грукае. Калядоўшчыкi, кажа баба. «Хто там?» — пытаецца дзед. «Гэта я, воўк! Аддай, дзед, каляду, бо я бабу павяду!» Цэлы мех гасцiнцаў напакаваў дзед ваўку, i пабег той у лес. Селi дзед з бабай за стол, зноў нехта пад вокнамi ходзiць... «Аддай, дзед, каляду, бо я бабу павяду!» Сабраў дзед усё, што ў хаце было, i аддаў ваўку. Ледзь пацягнуў воўк дзедавы падарункi. Залезлi дзед з бабай на печ. Сядзяць, маўчаць, доўга маўчалi, а потым баба кажа: «Воўк усё забраў, але ж мы з табою засталiся жывыя i здаровыя, гэта ж добра...» — «Аддай, дзед, каляду, бо я бабу павяду!» — «Што ты да нас прычапiўся, воўк? Ідзi калядуй у другую хату! Няма ў мяне больш нiчога!..» — узбунтаваўся дзед. А воўк схапiў бабу, закiнуў на спiну — i бягом у лес. Застаўся адзiн дзед у пустой хаце. Нi скваркi, нi да скваркi, нi бабы... «Хай бы ўжо i мяне воўк забраў!..» Толькi дзед так падумаў, як з’явiўся воўк, схапiў дзеда i ў лес павалок. Вось i ўся казка». — «Баба, а каму iх пустая хата дасталася?» — «Нiкому не дасталася, бо не было ў тых дзеда з бабай унука. Каб у iх гадаваўся ўнук, дык не даў бы ён ваўку хату рабаваць. І хата перайшла б да яго. Наша хата дастанецца табе. Ты ж ваўка прагонiш?» — «Праганю...»