Ідэалiзацыя
Цi iдэалiзую я вобраз мамы? I так, i не. Каго яшчэ мне любiць i ўсхваляць, як не яе? Тату? Я спазнiўся са словамi прыязнасцi i павагi. Таты няма з намi. Адной з прычынаў яго хуткага згасання была любоў да алкаголю. Мама страшэнна перажывае i нервуецца, калi даведваецца, што я цi брат выпiваем. Не гавару з ёю на тэму п’янства. А яна мяне папярэджвае: «Бачыла сон, як цябе сустрэў наш сусед Караткевiч (ён таксама заўчасна пакiнуў гэты свет праз гарэлку), як ён паклiкаў цябе пайсцi разам з iм. Я прачнулася i не змагла заснуць ажно да ранiцы. Так што, налiваючы чарку, ведай: гэта ён цябе клiча». «А тата мяне не клiча?» — падумаў я i змаўчаў. Нiкога я не iдэалiзую: нi сябе, нi маму сваю.
Споведзi
Калi думаць, што ў бiблiятэку прыходзяць адно разумныя i выхаваныя людзi, можна моцна памылiцца. Наколькi кнiжкi трапляюцца разнастайныя, настолькi стракатыя ў iх i спажыўцы. Што ўжо казаць пра чытачоў часопiсаў ды газет! Асаблiва надакучлiвыя прыходзяць напрыканцы працоўнага дня. Мама сабралася зачыняцца, а тут увальваецца нейкi чытач з гучным голасам i пачынае на ўсё памяшканне пераказваць газетныя навiны. Бiблiятэка — цiхае месца, цi прынамсi мусiць быць такiм. З’яўленне шумлiвага чытача i несвоечасовае i недарэчнае. Але паспрабуй скажы, што бiблiятэка зачыняецца. Мама i не казала. Ну няма дзе выгаварыцца чалавеку! Цэрквы i касцёлы пазачыненыя стаялi. Вось i хадзiлi людзi ў бiблiятэку, да маёй мамы, як на споведзь. Хто навiны пераказаць, а хто пра самае патаемнае распавесцi. Мама нiкому нiколi тыя споведзi не пераказвала, чым вельмi ганарылася i ганарыцца дасёння. А калi хто i быў навязлiвы i надакучлiвы, дык яна спакойна трывала i такiх.
Вока
За мамiну прыгажосць я перажываў заўсёды больш, чымсьцi за яе здароўе. Лiчыў, што знешнасць i адлюстроўвае яе стан. Наколькi памыляўся, яшчэ пытанне. Калi мама адчувае сябе добра, яна i выглядае выдатна. Сам такi. Таму, калi ў мамы захварэла вока, я заперажываў. Яно нiбыта выкацiлася наперад, зрабiлася вялiкiм, немiрготкiм. Ягоная нерухомасць i блакiтная празрыстасць палохалi мяне. А тое, што мама з хворым вокам хадзiла ў сваю бiблiятэку, — абурала. «Ну што ты ходзiш на працу? Пабудзь дома!» — «Ну як гэта людзi застануцца без кнiжак, без часопiсаў новых, без свежых тыднёвiкаў? Сам падумай!» Мамiна вока мне, бясспрэчна, даражэйшае за ўсiх яе чытачоў, але забаранiць ёй хадзiць на працу не змог. А трэба было б. Добра, што вока вылекавалася, а мамiна прыгажосць вярнулася.
Помнiк i лавачка
Якi помнiк паставiць на татавай магiле? Мы з братам бясконца гэта абмяркоўваем. Крыж? Камень? Якi надпiс? Цi скульптуру рабiць? Цi архiтэктару праект замовiць? Знаёмыя не надта ахвотна гавораць на тэму могiлак i мемарыялаў. Цi то пабойваюцца. Цi то занадта асабiстай справай лiчаць. Мама сказала: «Рабiце што заўгодна, а мне толькi лавачку пастаўце». Атрымалася — лавачка пры татавай магiле на Кальварыйскiх могiлках i ёсць галоўнае ў помнiку, астатняе можа быць якiм заўгодна, а лаўка мусiць быць найлепшай, бо яна — для мамы.
Чаравiкi
«Мама, а чым ты чысцiш чаравiкi?» — спытаў брат, калi мы, папiўшы гарбаты, абувалiся i збiралiся сыходзiць. «Нiчым не чышчу, абцiраю вiльготнай анучкай i ўсё. Тата займаўся абуткам, i сваiм i маiм», — мама заплакала. Бацькi пражылi разам сорак чатыры гады, мама ўсё яшчэ не змiрылася з татавай смерцю, не можа рабiць тое, што звычайна рабiў ён. Балюча на гэта глядзець, горка пра тое думаць.
АДМЕТНАСЦЬ
Сваю адметнасць мама заўсёды iмкнулася схаваць. Непадобнасць да iншых была ў яе з самага маленства. Прозвiшча Глобус iнакш як дзiўная мянушка не ўспрымалася, упартасць асуджалася, любоў да кнiжак нiхто не ўхваляў. Пагаварыць пра Чарльза Дзiкенса i ягоны Лондан не было з кiм. Таму мама пачала хаваць уласную непадобнасць. Яна звычайна апраналася, хадзiла на звычайную працу, гатавала звычайныя стравы. З усяго незвычайнага навiдавоку ў яе засталося прозвiшча, але хто ў нас цiкавiцца прозвiшчам замужняй жанчыны? Нiна Уладзiмiраўна для ўсiх знаёмых была жонкай Чэся Адамчыка, i, адпаведна, Адамчыхай. Пра яе незвычайную дабрыню, такт, розум ведаюць, збольшага, толькi блiзкiя людзi.