Бiблiятэкi
Мамiны бiблiятэкi былi для нас другiм домам. У чытальных залах я, а пазней i Мiрык рабiлi ўрокi. Любiў я маляваць, схаваўшыся за кнiжнымi стэлажамi. Не было такога свежага часопiса цi новай кнiгi, якiя я не перагортваў. А найвялiкшым задавальненнем было ўзяць у мамы ключы ад бiблiятэкi, прыйсцi туды ў выходны дзень i доўга разглядаць i чытаць кнiгi ў адзiноце, у поўнай цiшынi. Тата, брат i я сапраўды лiчылi бiблiятэку домам. Аднаго разу я прывёў Мiрыка да дзвярэй дзiцячага сада i пабег у школу. Я быў упэўнены, што ён пойдзе ў групу. Думаць не думаў, што мой малодшы брат у садок не зойдзе, а пацягнецца бiць абцасамi лёд на лужынах. Хто з нас не ведае, як прыемна прайсцiся па малочным шкле плыткай калюжыны? Толькi ў адной з iх была ямiна, i Мiрык правалiўся ў ледзяную ваду па пояс. Выбраўшыся з вады, ён павалокся не дахаты, а ў бiблiятэку. I прастаяў пад дзвярыма гадзiны дзве, пакуль выхавацелька з iнтэрнату, якi быў у адным будынку з бiблiятэкаю, не знайшла яго i не патэлефанавала нам дамоў. Мiрык забыўся, што па аўторках мама не працуе, а дадому не пайшоў, бо тата насварыўся б мацней за маму. Гэта няпраўда, тата на Мiрыка амаль нiколi не сварыўся. Проста мамiна бiблiятэка была для нас другiм домам.
Павага i любоў
«Сынок, — кажа мама, — спачатку трэба, каб дзецi паважалi бацькоў, а бацькi любiлi сваiх дзяцей. Пазней надыходзiць час, калi ўсё мяняецца: трэба, каб старыя бацькi паважалi сваiх дзяцей i любiлi ўнукаў, а дзецi любiлi сваiх старэнькiх бацькоў. Я вельмi ганаруся сваiмi дзецьмi, i цябе паважаю». А я люблю цябе, мама.
ТАТА
Вугаль
Тата страшэнна не любiць рыпення вугалю на зубах. Адны калоцяцца, калi нехта жалезiнаю чыкiрыжыць па шкле, другiя не пераносяць шапацення паперы. А бацька не есць вугалю. Ён не можа пакаштаваць печанай у вогнiшчы бульбы, што для беларуса — дзiва дзiўнае.
Ручкi
Калi тата нешта любiць больш за кнiгi, дык гэта ручкi. Ён прывозiць iх адусюль: з Нью-Йорку, з Парыжу, з Масквы... У татавым стале — поўная шуфляда самых розных ручак i алоўкаў. I калi збiраюся ў якое падарожжа, тата нагадвае пра ручку i сшытак. З дзяцiнства я памятаю, як ён старанна прамывае над ракавiнай кiтайскую асадку. Тата любiць, каб ручка пiсала тоненька i добра пускала атрамант. А першы раман, «Чужая бацькаўшчына», пiша школьнай ручкаю, абмакваючы сталёвае пяро ў белую чарнiльнiцу. Апошнiм часам тата пачынае друкаваць на машынцы, але кожнае другое апавяданне прыносiць да маёй сакратаркi Надзеi ў тонкiм школьным сшытку. Напiсанае ручкаю.
НАЖЫ, НОЖЫКI, СЦIЗОРЫКI...
З вайны ў таты застаецца любоў да нажоў. Пэўна, гэта генетычнае, бо ў сялянскай хаце нашага дзеда Уладзiмiра нож — культавая рэч. Нiхто без дзедавага дазволу не можа крануць нож. Ён ляжыць у шуфлядзе кухоннага стала, iншага ў хаце i няма. Гэта ў бацькоўскай кватэры шмат сталоў i безлiч нажоў. Тата з дзяцiнства нажы збiрае. Кажа, што ў вайну меў тры казацкiя шашкi. Даводзiлася хаваць iх у лесе, увагнаўшы ў зямлю па самыя тронкi i замаскаваўшы мохам. Нехта высачыў i скраў бацькаву зброю. Ад усяго вайсковага застаецца толькi нямецкi штых-нож. Тата хоча назваць свае чатыры раманы, сабраўшы iх пад адной вокладкай, «Цень ад штыха». Але перавыданне раманнага цыкла адсоўваецца ў няпэўнасць. На жаль. А я дык нажы, ножыкi, сцiзорыкi не шаную. Купляю наступны, калi папярэднi губляецца альбо ламаецца.
Кнiжныя палiцы
Тата любiць сядзець на канапе насупраць кнiжных стэлажоў i разважаць пра лiтаратуру. Я магу гадзiнамi стаяць побач i слухаць, слухаць... Завязваецца спрэчка. Няма такога, каб не распачалася палемiка. З-за Камю, цi з-за Дастаеўскага, цi з-за Вавенарга... Абавязкова я цi тата ловiм суразмоўнiка на памылцы ў цытаце цi няправiльнай даце нараджэння якога з класiкаў. Спрачацца каля палiцаў з кнiгамi — сямейная традыцыя. Мы даводзiм адзiн аднаму сваю праўду з томiкамi ў руках. Тата паважае раманiстаў, а мне даспадобы апавядальнiкi. Ён выдатна ведае расiйскую лiтаратуру, а я так нiколi сур’ёзна i не перачытваў Цютчава, бо захапляўся Усходам — Сёнагон, Басё, Бусон, Iса. Мы розныя, але страшэнна любiм сядзець на канапе, насупраць кнiжных палiцаў, i весцi дыялог пра лiтаратуру.
Сябры
У таты няма i не было сяброў у маiм разуменнi гэтага паняцця. Можа, у юнацтве ён i меў сябра, але я пра тое нiчога не ведаю. Дый калi ўважлiва прачытаць татавы творы, наўрад цi знойдзецца яскравы матыў сяброўства. Тата шмат з кiм падтрымлiваў добрыя стасункi, але каб ён на роўных з кiмсьцi сябраваў — такога не было. Ён больш за мяне еўрапеец, бо заўсёды трымаў людзей на адлегласцi. Пэўна, таму тата любiць размаўляць з маладзейшымi, з тымi, хто не можа быць яму за сябра. I сваю выснову, што сябры знiкаюць у пэўным веку, недзе ў гадоў трыццаць, я зрабiў, назiраючы найперш за татам, а не за сабою.