Мама
Мама надзявае акуляры, i я бачу, якiя ў яе вялiкiя i якiя заплаканыя вочы. Мама ўспамiнае, як яна з татам i са мною, трохгадовым, iшлi па вулiцы. Я — у самаробных валёнках. «Кацiўся наперадзе». Вялiкi п’яны дзядзька прысеў перада мною, працягнуў руку i павiтаўся: «Сяргей». Я таксама даў яму руку i сказаў: «Адамка». — «Ну, ён у вас маладзец! Адам яго завуць?» — «Не, гэта прозвiшча», — сказаў тата. Мама ўспамiнае рознае, добрае, вясёлае, каб не закрычаць, не завыць, калi глядзiць на свайго Чэся.
Маркi
Далёкiя i нязначныя дэталi маiх стасункаў з татам пачалi набываць патрэбнасць i выразнасць. Гэта выключна нашае з iм, яно нiкому iншаму не належыць. Вось паштовыя маркi. Тата дасылаў iх мне з Масквы ў канвертах, разам з лiстамi да мацi. Я наклейваў маркi ў альбом для фотакартак i безнадзейна псаваў iх як калекцыйныя рэчы. Сутнасць таго збiрання, дасылання i наклейвання была ў нашым разуменнi адзiн аднаго. Мы сядалi за стол, разглядалi маленькiя карцiны, гаварылi пра далёкiя краiны, пра Бурундзi, пра Iндыю, пра Алжыр...
Спадчына
Тата шмат напiсаў. Апошнiя гады ён пiсаў па маiх замовах i нейкiм чынам асабiста для мяне. Цяпер я разумею, што большасць напiсанага татам зроблена дзеля мяне i майго брата, дзеля ўнукаў. Смешна згадваць тут аўтарскiя правы i наогул нейкае там заканадаўства. Але татава лiтаратурная спадчына належыць мне, я гэта адчуваю. I законы мяне не абыходзяць, хоць большасць нашчадкаў i спадкаемцаў творчага чалавека якраз цiкавяць законы i грошы, выгандляваныя за спадчыну. Звычайна гэта людзi бедныя, ва ўсiх сэнсах.
Камянi
Тата шмат разоў фатаграфаваў камянi. Вялiкiя валуны, што ляжаць на берагах беларускiх палёў. Захапляцца гэтымi цёплымi, парослымi мохам падарункамi ледавiка ён навучыў i мяне. Ёсць у нашых камянях неспазнаная таямнiца, як у егiпецкiх пiрамiдах. Калi доўга глядзець на такi неабдымны, непад’ёмны валун, можна ўбачыць у iм Бога, Буду, будучыню. Я вельмi ўдзячны тату за прагулкi да валуноў. Гэтыя камянi памiж полем i дарогаю сталi сiмваламi нашай з татам Радзiмы.
Трава
Праз Інтэрнэт на мой сайт, дзе змешчана i татава кнiга «Развiтальная аповесць», прыйшло пытанне: «Чаму Вячаслаў Адамчык так часта зло ўжывае складаныя прыметнiкi, напiсаныя праз дэфiс: «зеленавата-блакiтны», «рэдзенька-шары», «густа-лiловы»? Тата адказаў, што гэта з-за любовi да батанiкi ды, пэўна, перабольшанай увагi да розных даведнiкаў i паказальнiкаў раслiн, дзе колеры кветак падаюцца праз дэфiс. Апiсанне раслiнаў у татавых раманах — адзiн з найцiкавейшых матываў, прынамсi, для мяне, чалавека, далёкага ад прыродазнаўства.
Гадзiннiкi
Тата паскардзiўся Мiраславу, што ў яго зламалiся ўсе гадзiннiкi. Хоць насамрэч гэта няпраўда. Мiраслаў падарыў тату навюткi японскi настольны будзiльнiк. Тата доўга разглядаў яго, а потым спытаў: «Колькi зараз часу?» — i вельмi здзiвiўся, калi Мiраслаў назваў час, якi паказваў будзiльнiк. Тата ўсё нiяк не можа паверыць, што зламалiся не механiчныя прылады, а разбураецца ягоны ўнутраны бiялагiчны час. Ён можа сказаць: «Во, ты схадзiў пераапрануўся!», хоць прайшло два днi, а ў яго ўсё яшчэ цягнецца адзiн пакутлiвы, хваравiты, цёмны дзень.
Самагубства
Калi бачыш, як няўхiльна згасае зорка татавага жыцця, вельмi прымiтыўнымi падаюцца нават думкi пра самагубства. Колькi пакутаў i роспачы нясе ў сабе адыход блiзкай душы! А наколькi больш балюча такi зыход адгукнецца ў сэрцах блiзкiх людзей, калi ён несвоечасовы, калi дзецi памiраюць раней за бацькоў? I варта жыць толькi дзеля таго, каб не паранiць сваiх блiзкiх заўчасным зыходам.
Аптэка
Мама пайшла ў аптэку па лекi для таты. Па рэцэптах, выдадзеных у лечкамiсii, яна магла заплацiць палову ад кошту. Аптэкарка сказала, што такiх рэцэптаў не прызнае i выдасць лекi толькi за поўны кошт. Мама абурылася: «У такiм разе я не прызнаю вашай аптэкi!» На што гандлярка секанула: «А вам засталося нядоўга купляць такiя лекi». Мама расказвала пра сварку спакойна, плакаць у яе сiлаў няма.
Рэчка Ятранка
У кожнага чалавека ёсць свая рэчка, свой лес, сваё поле. Тата любiў Ятранку. Апiсваў яе. Калi мы разам прыязджалi ў Варакомшчыну, дык першым чынам iшлi на рэчку. Тата сядаў на беразе, даставаў нататнiк i пiсаў. Уся ягоная проза нiбыта напiсана на беразе Ятранкi. I для мяне крынiчная вада празрыстай Ятранкi — сiмвал чысцiнi. Нiдзе нiколi я не бачыў рэчкi, святлейшай за нашу.