Утульнасць
Натуршчыца Вольга сказала: «У вашым доме нельга адпачыць. Вы самi ўвесь час працуеце, i робiцца няёмка адпачываць...» Сапраўды, я ўвесь час iмкнуся зрабiць пустату, а жонка iмкнецца яе запоўнiць. Мне патрэбна майстэрня, дзе можна засяродзiцца на адной рэчы, на той, над якой я працую цi збiраюся працаваць. Астатняе мне перашкаджае. Жонка, наадварот, запаўняе прастору рэчамi, якiя будуць дапамагаць у будучай працы. Я раблю кабiнет-майстэрню, а яна — майстэрню-лабараторыю. Людзi вакол яе — натуршчыкi i лабаранты. Іншых не бывае. Натуршчыкi пераўвасабляюцца ў лабарантаў, а лабаранты ў натуршчыкаў, як плады ў кветкi, а кветкi ў плады. З кветак, пладоў, натуршчыкаў i лабарантаў жонка спрабуе стварыць утульнасць. Я ссоўваю гэтую ўтульнасць у адзiн пакой, а яна распаўзаецца па ўсiх пакоях. Працэс перасоўвання перманентны, таму адпачываць у iм немагчыма. У нашым доме нiколi не бывае выходных дзён, усе днi святочна-будзённыя i будзённа-святочныя ў адначассе. Такая ў нас квяцiста-рухомая ўтульнасць.
Паэма
Чытае паэму. На гары, над Чорным морам яна чытае сваю паэму пра мяне. А я ў гэты час пiшу аповесць пра каханне да вугоркi Агi. Тое каханне скончылася чорт ведае калi, ад яго толькi згадкi-ўспамiны, з якiх я старанна складаю кароткi раман. Гэта складанне засцiць рэальны свет. Аленiна паэма выглядае недарэчнасцю, несвоечасовым падарункам... Яшчэ я кiнуў курыць. Мне кепска. Свет чорны i лiпучы, нiбыта абмазаны смалою. Я кажу: паэма паганая. Мая злосць пералiваецца ў Аленiны вочы. Яна смяротна крыўдзiцца. Ну i чорт з ёю. Хопiць у сям’i аднаго паэта.
Парнаграфiя
Каханне запалохваюць парнаграфiяй. Стандартны прыём. У большасцi выпадкаў дзейнiчае беспамылкова i спараджае лютую рэўнасць. «А ты ўяўляеш, як яна тамака з другiм?!» — «Уяўляю». — «Яна з iм, ён у ёй...» — «Гэта, радасць мая, — танная парнуха тваiх уяўленняў, гэта — танга парнаграфii i парнаграфiка. Да любовi ўсё гэта не мае анiякага дачынення, як сэкс i каханне — розныя рэчы. Гэта другаснае, радасць мая. Першаснае — каханне i любоў. Так проста, што можаш мне i паверыць».
Нарцыс
Захапленне нарцысамi бязмежнае. Яны паўсюль. Жоўтыя, белыя, свежыя, сухiя i... сфатаграфаваныя. Яны ў руках у хлопчыкаў, у вянках на галовах красуняў, у букетах i паасобку. Нарцыс — сiмвал Аленiнай веры ў вечнасць. Мiфiчны юнак закахаўся ў сябе i бясконца любаваўся ўласным адлюстраваннем у ручаi. Самазакаханасць паспрыяла пераўвасабленню ў кветку. Нарцыс над адбiткам — натуршчык перад аб’ектывам. Алена множыць адлюстраваннi самазакаханых. Яна, як i яны, верыць у спыненую прыгажосць вечна маладога iмгнення. Яна зачараваная алхiмiяй фотапрацэсаў. Яе паланiла бiяхiмiя кветкi i апарата. Азарэннi замянiлiся ўспышкамi лямпачак, замест кветак — букеты двухногiх з пляскатымi пазногцямi i без крылаў. Алена прымацоўвае на плечы расквечаным грымам натуршчыкам штучныя крылы з мёртвых пёраў. Нiбыта анёлы, нiбыта нарцысы, нiбыта вада... Нiбыт. Вада цячэ з нiбыта ў нябыт. Алена захопленая iмгненнямi, нябыт для яе не iснуе. Ёсць: нарцыс, адлюстраванне i вечнасць.
КОЛЕРЫ
Яна захопленая шматколернасцю свету, хоць я больш люблю чорна-белыя фотаздымкi i шэры свет iнтэлектуальнага спакою. У каляровасцi мне бачыцца больш умоўнасцi i адназначнасцi, такая падлеткавая паэтычнасць... На Аленiных здымках сiняе — гэта мора i неба над морам, неба i мора пад пранiзлiва-сiнiм самалётным небам. Белае — снег на крыжах, твар жанчыны, пераапранутай у П’еро. Чырвонае — вочы самазабойцы, iржавая кроў жалеза, кроў мэталёвых арганiзмаў. Чорнае — ценi на смалiстым ад гарачынi асфальце, халаднаватыя адтулiны ў трубах, прагалы ў паўразбураных будынках. Срэбнае — вымытая рэчаiснасць. Зялёнае — вусны русалкi, што засумавала па страчаным леце. Пярлiннае — след дажджавой кроплi на люстэрку, след слязы... У манахромным варыянце ўсе колеры ярчэйшыя, прынамсi, на жончыных фотаздымках.
Талерка
Мы ямо з аднае талеркi... У нас усе талеркi агульныя, i не толькi талеркi. Каб не адна заўвага пiсьменнiка, якога я неабачлiва запрасiў зайсцi ў госцi, не стаў бы i задумвацца над талеркаю. Мы з iм выпiлi ў бары, i я прапанаваў павячэраць у мяне. Жонка, як звычайна, сабрала на стол. Перад тым, як выпiць, госць спытаў: «Вы так кожны дзень вячэраеце?» Нам з жонкай робiцца непрыемна, нiбыта мы абразiлi чалавека, зняважылi сваiм сталом з вячэраю ў вялiкiм пакоi. І тады мне стала шкада талеркi, з якой пачаў есцi госць. Я вырашыў завесцi асобныя прыборы для гасцей i для сябе. Не завялося. Абмежаваўся сваiм кубкам для ранiшняй кавы i нажом для падарожжаў. У жонкi ёсць таксама асобны кубак. Талерка ў нас па-ранейшаму агульная. І зранку мне прыемна есцi з талеркi, з якой увечары будзе есцi яна. Чамусьцi менавiта ранiцамi ў мяне кепскi настрой, а талерка крышку супакойвае.