Выбрать главу

«Як мудра яна сказала: мама – гэта той чалавек, хто кожны дзень побач», – думала Надзя. І вырашыла, што пакуль Алесік не падрасце, далёка ад’язджаць не будзе. Іначай сын зробіцца чужы. Навошта тады долары і еўра? Мала, што мужа няма, дык і сына можна згубіць.

Праўда, Надзіна маці ўспрымала сітуацыю не так востра. Алесік паціху падрастаў, і Надзя пачала ездзіць ізноў. Спачатку недалёка ды ненадоўга, а потым усё часцей і далей. Бясконцыя гастролі і работа дапамагалі забыць усе непрыемнасці: матчыныя хваробы, якіх пад старасць збіралася ўсё больш, не дужа моцнае сынава здароўе, заўсёдную нястачу грошай, невялікую зарплату і неўладкаванае асабістае жыццё.

* * *

Сёння Надзя мусіла ўстаць раней, чым звычайна. Трэба было сабраць сына ў школу. Амаль заўсёды гэтым займалася бабуля. Тая шкадавала дачку, якая позна вярталася дадому то з рэпетыцый, то з канцэртаў, і вызваляла ад многіх хатніх турбот. Як тая пані, Надзя часам магла зранку ўволю паспаць. Калі толькі ў музычнай вучэльні, дзе выкладала вакал, ёй не ставілі ў расклад ранішнія заняткі.

Але цяпер маці паехала да Соні, роднай сястры. Надзіна цётка жыла ў абласным цэнтры, цяжка хварэла і цяпер ляжала ў бальніцы. Калі ў адзін бок – дзвесце кіламетраў і столькі – у другі, які сэнс выпраўляцца на два дні? Гаспадыню адпусцілі на тыдзень. Яна вернецца паслязаўтра, напярэдадні Надзінага канцэрта.

На вуліцы яшчэ прыцемак, у лістападзе днее позна. Ранішнія зборы ў школу – нібыта рытуал, калі з дня ў дзень усё ідзе па адным і тым жа сцэнарыі. Мяняецца толькі змесціва талеркі ды змест Алесікавых аповедаў пра тое, што ўчора здарылася ў школе. Цырымонія развітання ў іх нязменная. Напаследак абняўшы сына, Надзя зачыняе за ім дзверы.

Цяпер, калі ў кватэры ўсталявалася цішыня, Надзя можа заняцца сабой. Заняткі ў вучэльні сёння толькі пасля абеду. Значыць, гадзіны тры-чатыры ў яе вольныя. Гэта цудоўна! Яна сёе-тое паўторыць са сваёй апошняй праграмы.

Але спачатку – гімнастыка, душ і кава. Зранку махаць рукамі і нагамі няма ніякай ахвоты. Зрабіць першыя практыкаванні – пакута, цела супраціўляецца. Яно проста хоча спакою. Але Надзя – артыстка, яна вымушана сачыць за знешнасцю і фігурай, хоча ці не хоча. Яшчэ дзесяць, нават пяць гадоў таму можна было цудоўна абысціся без усялякай гімнастыкі. А цяпер, на жаль, не.

Пасля душа Надзя ўважліва зірнула на сябе ў люстэрка. Цёмныя выразныя вочы добра пасавалі да колеру валасоў, такіх жа цёмных і густых. З імі столькі клопатаў! Мілавідныя рысы ўласнага твару Надзя звыкла не заўважае. Жанчына, якую яна бачыць у люстэрку, крыху псуе настрой. Без грыму твар здаецца будзённым і не надта выразным. Вочы зранку не ззяюць і ўсмешкі няма. А дробныя, здрадніцкія маршчынкі вакол вачэй?.. Яны выдаюць узрост. Цікава, што будзе яшчэ праз дзесяць гадоў? Напэўна, настрой будзе псавацца часцей. А-а, што загадзя перажываць! Пакуль касметыка дапаможа, а там што-небудзь прыдумаем… Цяпер засталася толькі кава і – хутчэй за інструмент!

Надзя любіла ўласную кватэру і свой пакой, дзе ўсё зроблена па яе гусце, так, як яна хацела. Фартэпіяна, сапраўдная нотная бібліятэка, стосы новых і старых нот, вялікая калекцыя дыскаў з запісамі класікі, музычны цэнтр. На сценах – карціны, падараваныя або набытыя, мноства адметных рэчаў, прывезеных з замежных вандровак. Каменьчыкі з пляжаў Адрыятыкі, сапраўдныя венецыянскія маскі і веер, марская зорка з глыбінь Чорнага мора. Яны сагравалі цяплом успамінаў. Надзін пакой быў для яе рэпетыцыйным класам, рабочым кабінетам, бібліятэкай, месцам адпачынку – усім адначасова.

* * *

Другі пакой належаў Алесіку і Надзінай маці, Вользе Аляксандраўне, яшчэ маладжавай, рухавай жанчыне. Яна заўсёды крыху недалюблівала зяця. Калі Надзя канчаткова разышлася з мужам, а бацька яе памёр, Вольга Аляксандраўна, як толькі сышоў зяць, перабралася да дачкі, пакінуўшы сваю кватэру меншаму, ужо жанатаму сыну.

Вольга Аляксандраўна вяла гаспадарку: хадзіла ў магазін, гатавала сняданкі, абеды і вячэры, у вольную хвіліну шыла і вязала – сваякам у падарунак, суседзям – за грошы, каб дадаць нешта, апрача пенсіі, у сямейны бюджэт. Забірала любімага ўнука Алесіка спачатку з дзіцячага садка, а потым са школы, рабіла з ім урокі, вадзіла ў бліжэйшую музычную школу, дзе ўнук вучыўся іграць на скрыпцы. I ведала ўсе ягоныя тайны. Надзя ў рэшце рэшт змірылася з тым, што бабуля бліжэй да ўнука, чым яна, родная маці.

Надзя была здабытчыцай, яна мусіла круціцца на трох работах – на адной стаўка, на іншых – па палове стаўкі, каб яе сямейнікам хапала на самае неабходнае. Асноўнае месца працы – філармонія, два разы на тыдзень – музычнае вучылішча, яшчэ палова стаўкі на радыё. Калі ў вучэльні пачыналіся канікулы, Надзя магла больш займацца чарговай канцэртнай праграмай. Выкладаць яна была вымушана, а вось падрыхтоўка канцэртаў – гэта для душы. Канцэртамі вялікія грошы не заробіш, дый перагружаць голас Надзя пабойвалася, але калі б Алег часцей успамінаў пра яе і Алесіка, дык і не трэба было б увесь час душыцца і шукаць дадатковы заробак.