Выбрать главу

Пачалося ўсё, як нашу дывiзiю ўвялi ў прарыў. Наступалi мы ў асноўным ноччу. Дзень звычайна вялi агнявы бой, а ноччу калёнай — у стэп, лезьлi як мага ўглыб, дзе можна пралезьцi. Дзе пускалi немцы. Спаць не было нiякай магчымасьцi, нiводнай гадзiны. Гэта таксама фэномэн, вынаходзтва савецкай ваеннай навукi — прымусiць салдата абыходзiцца бяз сну. Думаецца, нi ў адной армii так ня ўмеюць. I вось iдзем сонныя па стэпе, засьнежанай дарогай, шмат хто сьпiць на хадзе, спатыкаецца, падае. Тады iншыя лаюцца. Аднойчы я ледзьве не зайшоў да немцаў. Памятаю, дарога была замеценая, але сьнег не глыбокi. I вось бачу вакол сябе лета, нейкiя дрэвы, быццам алея. А наперадзе сьцяна, бы замак, i ў ёй вароты чорныя. Трохi трывожна, але я туды iду, у гэтыя вароты. I раптам чую: «Куды прэш? Лажысь!» Я прачынаюся. Побач ля дарогi ляжаць нашыя разьведчыкi, а наперадзе пасадка, тонкiя дрэўцы. Аказваецца, там немцы, i яны пачалi ўжо джгаць трасiруючымi ў наш бок. Калi б ня гэтыя разьведчыкi, дык i зайшоў бы ў iхнiя рукi. А тады сказалi б: перайшоў да немцаў. Дарэчы, гэткiя выпадкi на вайне былi дужа распаў сюджаныя — калi заходзiлi цi заяжджалi да немцаў. Нават генэралы гэтак траплялi ў палон.

Потым зноў iшлi па начы, помню — шэрань, мароз. Зноў розныя прыгоды былi. Начальнiк штабу палку завёў нас не туды, спынiлiся. Пачалi арыентавацца. А паспрабуй ноччу ў стэпе зарыентавацца па карце. Вакол паўзмрок, нiводнага арыенцiру, толькi няўбраная кукуруза ды сланечнiк шархацяць на ветры. Стаялi, стаялi, раптам на «вiлiсе» даганяе генэрал. Ня ведаю, якi, можа, камандзiр дывiзii, сарваў з капiтана пагоны, давай бiць яго. Але пакуль тое адбывалася, мы хоць трохi драманулi на сьнезе. Пасьля зноў пайшлi. Пад ранак выйшлi да сяла пад гарой, аказалася, то Вялiкая Севярынка — сяло, якое стала брутальным знакам у маiм лёсе. Там каля крайнiх хатаў нейкiя ямы, зь якiх, вiдаць, улетку бралi пясок, i мой узвод адразу ў iх зашыўся. Як разьвiднела, здаля ўбачылi будынкi ды трубы вялiкага гораду Кiраваграду. Але, пэўна, згледзелi нас i немцы. Нам страляць было далёка, а немцы зь цяжкiх мiнамётаў пачалi шпурляць па сяле, не давалi нiкому высунуцца ў поле. У нас стратаў не было, а там, ззаду, некаторых пабiла, у тым лiку i афiцэраў з нашага палку.

Увечары, як пацямнела, мiнамётны агонь спынiўся, i камандзiр батальёну капiтан Сьмiрноў загадаў выстрайвацца ў паходную калёну, якую павёў кудысьцi ў стэп.

Пасьля агнявога напружаньня трохi павальнела, стала на душы спакайней. I вось мы iдзем, у стэпе даволi сьветла, хоць месяца не было. Нейкая дарожка палявая, трошкi наежджаная. Я iду побач з нашым другiм узводным, якi нядаўна прыбыў у роту. Ён — старшы лейтэнант, артылерыст, але з акружэнцаў, i таму яго паслалi ў пяхоту — на перавыхаваньне. Наперадзе iдуць камандзiр батальёну, далей разьведка, а мы ў сярэдзiне калёны. Можна расслабiцца.

Бой грымiць, але дзесь зводдаль i збоку, а тут быццам цiха. Раптам гляджу — побач у зарасьнiку кукурузы нейкiя людзi. Толькi я iх згледзеў i нават не пасьпеў яшчэ што падумаць, як адтуль густа паласнулi чэргi — трасiруючымi па ўсёй калёне. Чорт ведае, што вакол пачалося, такi ўраганны кiнжальны агонь. А паводле загаду камбата ў выпадку нападу нашая рота разгортваецца зьлева ад дарогi, iншыя — справа. Я, канешне, зьбег з дарогi, упаў на сьнег. У мяне быў аўтамат, але пры iм толькi адзiн магазын.

Чаму адзiн?

Перад наступленьнем кiнулi нам невялiкае папаўненьне з тылавых падразьдзяленьняў. У нашу роту далi ручны кулямёт i прыслалi батальённага пiсара. У пiсара быў аўтамат, але без патронаў… Але сьпярша пра кулямёт. Вось пачынаюць выцягваць калёну, а ў мяне нiхто ня хоча браць кулямёт. Шмат людзей зь Сярэдняй Азii — мая нi бяльмеса, мая нi бяльмеса. I астатнiя адмаўляюцца: я не служыў, ня ведаю, як зь яго страляць. Каб ня кiдаць кулямёт, аддаў яго нейкаму дужаму дзядзьку, каб ён хоць нёс. Нельга ж губляць кулямёт… А тут стаiць пiсар без патронаў, мармыча: што мне рабiць, толькi блытацца пад нагамi? Хiтраваў, мабыць, хацеў, каб яго адправiлi з роты. Тады камандзiр роты кажа: Быкаў, аддай ты яму дыск, каб ён ня ныў. Ну я i аддаў, бо болей аўтаматаў ва ўзводзе не было, усе толькi зь вiнтоўкамi. А сам застаўся з апошнiм, што пры аўтамаце.