Прыкрыцьця нiякага, мы ж у сваiм тыле. Параненыя затрывожылiся i пачынаюць па адным выпаўзаць на вулiцу. А на вулiцы ўжо iмчацца фурманкi, ратуюцца. Мой аднакашнiк, малодшы лейтэнант, кажа: «Давай пойдзем да царквы, там цераз поле — нашы».
Неяк мы зь iм выйшлi з нашай хацiны, але да царквы не дайшлi, нас абстралялi. Я кажу: «Там мы ня пройдзем» — i вярнуўся, ён пайшоў адзiн. Ды празь нейкi час расчыняюцца дзьверы, i ён падае на парозе зь дзьвюма кулямi ў горле. Крывавая пена з роту i з ранаў. Нешта хацеў мне сказаць, ды толькi хрыпеў. Хутка сканаў на маiх руках. Яшчэ праз гадзiну ў хаце засталiся толькi тыя, што не маглi хадзiць, астатнiя паразьбягалiся. Танкi ўжо ўвайшлi ў сяло. Бачу, тут мне не адсядзецца. Нага распухла за ноч i балiць горш, чым напачатку. Ступiць я ўжо не магу. Тады i я выпаўз. У двары нейкi дзядзька з пограбу дае мне пачак аўтаматных патронаў i зноў — кумулятыўную гранату. Патронаў я ня ўзяў — у пiсталеце ў мяне былi патроны. Агранату ўзяў. Адкруцiў ручку, паглядзеў, цi ёсьць запал. Запал быў на месцы. Так я ўзброiўся i думаю: «Мабыць, то — мой фiнал, фiнiта ля камэдыя». I папоўз на дарогу. А на вулiцы ўжо, мабыць, нашыя схлынулi, нiкога няма. Танкi ўсё страляюць, асаблiва на тым канцы сяла. I тут паяў ляецца параконная фурманка, на ёй чалавек пяць салдатаў. Ага, думаю, стой! Крычу iм i махаю гранатай. Калi ня спыняцца, думаю, запушчу ў iх гранатай. Але чорта яны спынiлiся, — пранесьлiся мiма. Рашучасьцi кiнуць гранату ў мяне не хапiла. Ды ўсё ж там знайшлася добрая душа, фурманка спынiлася. Саскоквае адзiн у паўшубку, падбягае да мяне, хапае пад пахi. Так я апынаюся ў фурманцы. I як урэзалi мы з таго сяла ў поле, вырвалiся, можна сказаць, з-пад танкаў. А тыя не сьпяшаюцца нас даганяць, — страляюць з гарматаў, болей цераз нашыя галовы па тых, што далёка наперадзе. У паветры толькi фыркаюць танкавыя балванкi. Я аберуч трымаюся за нешта ў фурманцы i гляджу назад, на сяло. Ля царквы бачу нашу санчасьць у няхуцавай мазанцы. Адзiн танк там раптам спыняецца i з вулiцы двума стрэламi б’е па хацiне, тая знiкае ў воблаку пылу. I ўсё. Мабыць, тыя, што там заставалiся, абстралялi яго цi кiнулi гранату, во танк i расправiўся зь iмi. Па ўсёй верагоднасьцi, тое ж назiраў аднекуль i мой камбат, якi заходзiў перад тым, як пайсьцi зьбiраць батальён. Дык ён, канешне, рашыў, што там застаўся i Быкаў. Так мяне сьпiсалi зь лiку жывых, бо ў той полк я больш не вярнуўся.
Ёсьць і яшчэ адна версія паходжаньня мае «пахаронкі». Рэч у тым, што на тое поле пад Севярынкай наш полк не вярнуўся, начальства скіравала ягоную рэшту ў іншым кірунку. Забітыя заставаліся ў стэпе. Іх замяло сьнегам. І толькі як вясной сьнег растаў, пачалі вытайваць трупы, якія сяляне крукамі звалоквалі да саней і везьлі ў Севярынку. Ля аднаго зь іх, мабыць, знайшлі маю палявую сумку зь сякімі-такімі дакумэнтамі і палічылі, што той «падсьнежнік» ёсьць Быкаў.
Пасьля ў Севярынцы на братняй магіле зрабілі нейкі помнік зь некаторымі прозьвішчамі загіблых, сярод якіх апынуўся і я.
Пасьля ў мяне было яшчэ некалькi дзён прыгодаў, прыкладна такiх, як апiсана ў «Мёртвым не балiць». Дарэчы, гэта цi не адзiная аўтабiяграфiчная аповесьць, дзе ўсё цi амаль усё — праўда. Але менавiта тое, што праўда, i стала непрымальным для сацрэалiзму. Можна сказаць, што галоў ным ворагам гэтага славутага мэтаду была праўда. Праўду адсочваў увесь дзяржаўна-партыйны iнстытут выдаўцоў, рэдактараў, рэцэнзэнтаў i крытыкаў. У той час, як валадары нашых думак не пераставалi правакацыйна агiтаваць: пiшыце праўду! Колькi нашага брата, пiсьменьнiкаў, пагарэла менавiта на праўдзе… А на хлусьнi, наадварот, рабiлi кар’еру.
Далей нас, параненых, везьлi кудысь на бранi нашых танкаў. Была ноч, сьветлая, зiмовая. I нас раз за разам бамбiлi нямецкiя самалёты. У часе бамбовак танкi спынялiся, i танкiсты хавалiся пад iмi, каб, калi загарыцца, пасьпець адбегчыся. А я нi зьлезьцi, нi адбегчыся ня мог i ляжаў пад бомбамi зьверху. Толькi моцна трымаўся, каб ня скiнула выбухам. Але пасьля адной асаблiва лютай бамбоўкi, калi на сельскай вулiцы згарэлi дзьве машыны, ня вытрываў i скацiўся долу. Узьлезьцi назад не ўдалося, i я запоўз у нейкую хату. Танкi пайшлi далей. Куды? — я ня ведаў, ды i танкiсты самi ня ведалi. Даведалiся пасьля. Дык запоўз я ў хату, хтосьцi памог, узьлез на ложак. Цёмна, ноч. На стале нешта стаiць, гаршчок нейкi. Сунуў туды руку, намацаў яшчэ цёплы бурак i пачаў яго есьцi. Побач на ложку хтосьцi ўжо ляжаў, мая рука ўсё трапляла ў штось мокрае на саломе, ды мне было не да таго. Я адразу заснуў. А як прачнуўся, пачало сьвiтаць, гляджу на суседа, а гэта немец, обэрлейтэнант. Але ўжо нежывы, ужо сьцюдзёны i нават задубянеў. А быццам быў жывы, як я ля яго клаўся.