Ранкам пачаўся бой, ужо за гэтае сяло. Помню, узышло сонца, усё ярка высьвецiла. На вулiцы нейкiя выкрыкi, хтосьцi кудысь бяжыць, а ў мяне, вiдаць, тэмпэратура паднялася, i я перастаў разумець, што адбываецца. I ад гэтай калатнечы, i ад недасыпаньня. Ва ўсякiм разе я ўжо ня ведаю, хто ў сяле — нашы цi немцы? Бо стралянiна чулася ў адным канцы, пасьля ў другiм, раздавалiся незразумелыя крыкi, затым усё прыцiхла. Думаю, што ж я тут буду ляжаць, чаго дачакаюся? Выпаўз у сенi. Каля дзьвярэй адгароджаны дошкамi засек з бульбай, такой дробненькай, мабыць, на корм. Я прылёг на гэтую бульбу, дастаў пiсталет i ляжу. Чую, бягуць па вулiцы, па дварах, але быццам гаворка ня наша, значыць, немцы. Дзьверы зачынены, але калi iх расчынiць, дык я тут жа, насупраць дзьвярэй, можа, трошкi збоку. I вось туп-туп па двары. Адчыняюцца дзьверы — немец! Адной рукой трымае дзьверы, а ў другой — аўтамат. А я зь пiсталетам гляджу на яго. Канешне, я магу стрэлiць у кожную сэкунду, а яму для таго трэба перахапiць аўтамат у правую руку. I вось я ня стрэлiў, а ён кiнуў дзьверы i павярнуўся назад.
Я там праляжаў яшчэ нейкi час. Пасьля, як можна было меркаваць, немцы адсюль адышлi. Па вулiцы пайшлi нашы машыны. Праўда, адкуль i куды — не зразумець. Але я ўжо выпаўз з падворку i стаў ля паркану. Iдзе бензазапраўшчык, я пачаў махаць рукой, ды ён не спынiўся. Стаю, гляджу яму ўсьлед. Той выехаў зь сяла, едзе палявой дарогай, а там раздарожжа. Ён скiраваў улева, у бок невялiкага ярка, а з таго ярка па дарозе — трасы. Запраўшчык i пыхнуў, бы факел.
Пасьля мяне ўсё ж падабрала адна машына i давезла да чыгуначнага пераезду. Там былi нашы матацыклiсты зь нейкага разьведбату i яшчэ нейкiя байцы. Мы сунулiся ў чыгуначную будку — можа, аднак, гэта былi чыгуначныя казармы. Рабочыя ў iх жылi. I там — жах адзiн. Ляжаць на падлозе чалавек пятнаццаць нашых забiтых… Аказваецца, танкiсты ўчора пасьцягвалi сюды сваiх параненых, а па чыгунцы ходзiць нямецкi бронецягнiк, — гэта ж яшчэ ў iхнiм тыле. На досьвiтку ў тую казарму зайшлi немцы зь цягнiка i ўсiх параненых пастралялi. Дзядзька-рабочы кажа: «Ратуйцеся, хлопчыкi, яны хутка зноў вернуцца!». Ну мы i пайшлi. Але куды? Ззаду чыгунка з бронецягнiком, зьлева вiдаць, як за аўражынай немцы штосьцi капаюць, далей шаша, па якой гужом iдуць нямецкiя машыны, пэўна, выяжджаюць з Кiраваграду. А наперадзе — мiннае поле, — яшчэ ўказальнiкаў не прыбралi, на дарозе шыльдачкi з «Мinеn». Але iншае дарогi ў нас няма, а за полем хоць сьцiрты, нейкае сховiшча. I старшы лейтэнант, якi быў сярод нас, кажа: «А ну, упярод! Хто першы?». У яго некалькi падначаленых у белых маскхалатах. Але iх ён не пасылае, ён хоча паслаць кагосьцi з чужых. I паслаў аднаго, параненага ў галаву пехацiнца. Той падарваўся першы. Затым другi пехацiнец пайшоў, але падарваўся якраз ня ён, а «свой» у белым халаце, якi iшоў, здаецца, цi не чацьвёртым.
Хоць i iшлi па сьлядах першага. Я стыргiкаў цi ня пятым. Урэшце дабрылi да сьцiртаў…
Закапалiся ў сьцiртах, сядзiм. Назiраем. Сапраўды, празь нейкi час прыходзiць бронецягнiк, спыняецца на пераезьдзе. Зь яго выходзяць чалавек пяць немцаў, iдуць у наш бок. А там у полi стаялi дзьве пакiнутыя машыны, мы думалi, яны таксама падарвалiся на мiнах. Аж не. Тыя немцы дайшлi да машын, там нешта парабiлi (можа, замiнавалi), павярнулi назад, да чыгункi. Час iдзе, мы чакаем.
Баi грукочуць вакол нас, на ўсiм даляглядзе. Скрозь нешта гарыць, бухае. Тут жа, дзе мы, цiшыня, апроч нас, няма нiкога. Немцы нас ня бачаць. I раптам проста над сьцiртамi спускаецца нямецкая «рама», трохi прабягае па сьнезе i спыняецца. Вылазiць лётчык, адчыняе капот, пачынае штосьцi там калупацца. I адзiн з разьведчыкаў кажа старшаму лейтэнанту: «А давайце захопiм „раму“. Я авiямэханiк, магу ўзьляцець». Увогуле дзiўнаваты намер, але што рабiць? Улезьлi мы добра, невядома, цi выседзiм хоць бы да ночы. Карацей кажучы, пайшлi трое да самалёту. У белых халатах, не адразу зразумееш, хто? Не дайшлi, можа, мэтраў пяцьдзясят. Немцы штось крыкнулi, i нашы нерашуча спынiлiся, нехта схапiўся за аўтамат. I ў той момант разварочваецца кулямётная турэль, i з буйнакалiбернага як паласнуць па разьведчыках… Самалёт завёўся, зрабiў невялiкую разьбежку i падняўся ў неба.