Выбрать главу

Выходзiлi адтуль ноччу. Сьвяцiла поўня, на сьнезе вiдаць далёка, таксама натрывалiся страху. На гэты раз старшы лейтэнант першым паслаў мяне, i я стыргiкаў, абапiраючыся на чыюсь вiнтоўку. Але ўрэшце перайшлi шашу i ў нейкiм сяле выбавiлiся да сваiх. Але сяло бамбуюць «юнкерсы», сыплюць касэтнымi бомбамi.

У хаце, дзе ляжаць параненыя, чакаюць вывазу, гаспадарыць дзяўчына ў пагонах, выпiсвае «карткi пярэдняга краю» i кiруе пагрузкай. Але транспарту няма, параненыя нэрвуюцца. Даходзiць чарга да мяне, пытаецца: зь якой часьцi? Называю сваю дывiзiю, а яна кажа: то ня наша часьць, я ня дам картку. Што рабiць? Бяз гэтай карткi мяне ня прыме шпiталь. Я чакаю. Тады налятае чарговая партыя пiкiроўшчыкаў, — выбухi, вылятаюць прэч вокны. I дзяўчына, страсянуўшы зь сябе тынкоўку, таропка падпiсвае мне картку. Можна ў тыл. Але на чым? Яшчэ з адным параненым у руку сяржантам выбiраемся на вулiцу. Бамбоўка скончылася, ды на вулiцы пуста. I раптам аднекуль «вiлiс» з афiцэрам, i мой сяржант крычыць: «Коля!». Шафёр — яго знаёмы. На тым «вiлiсе» пад вечар я быў ужо ў армейскiм шпiталi ў Александрыi. Во як пашэнцiла ўрэшце.

Вайна — бадай, скрозь чалавечае няшчасьце, а шчасьце, як вядома, рэч дужа адносная. У параўнаньнi зь перадавой кожны шпiталь можа здацца курортам. Шпiталь у Александрыi якраз у цэнтры горада, здаецца, у будынку школы. Памылi ў лазьнi, пражарылi вашывую вопратку, далi чыстую бялiзну. Параненых шмат, месцаў, як заўжды, не хапае. Афiцэры ляжаць па два ў ложку. Памятаю, маiм суседам быў лейтэнант-танкiст са знакамiтым прозьвiшчам Варашылаў. (З Варашылавым ляжаў, казаў пасьля.) Той шпiталь належаў Пятай танкавай армii, таму пераважна тут былi танкiсты — параненыя, абгарэлыя, розныя. Абгарэлыя асаблiва страшныя. Абпалы дужа балючыя i доўга ня гояцца. Людзi пакутуюць, часта нэрвуюцца i лаюцца. Зь сёстрамi, мiж сабой, з начальствам. А начальства — дактары — тут цi ня спрэс жанчыны рознага ўзросту. Мужчыны — толькi палiтрукi, якiя i тут ведаюць адно i тое ж — сваю надакучлівую прапаганду, прывiваць нянавiсьць да нямецкафашыстоў скiх захопнiкаў. Тае нянавiсьцi ў нас самiх звыш меры — i ня толькi да фашыстоўскiх захопнiкаў. Некаторыя параненыя, не стрываўшы, са злосьцi пасылаюць начальнiкаў на тры лiтары, тады ў палаце скандал, вечарам цi ноччу паяўляецца сьмерш, недысцыплiнаванага кудысь пераводзяць. На перадавую, аднак, нiхто ня рвецца, усё ж тут як-нiяк цёпла, цiха i не забiваюць. Праўда, галаднавата, але да голаду за жыцьцё мы прывыклi.

Часам узьнiкаюць размовы, успамiны пра нядаўнiя баi.

Там я шмат што пачуў наконт славутага «порядка в танковых войсках», пра якасьць хвалёных танкаў. Пра саракапяткi танкiсты i слухаць не хацелi, для iх гэта быў не супрацьтанкавы сродак, а «хлапушы», як яны казалi. Гаворка часьцей iшла пра «тыгры» i «фэрдынанды», якiя са зручных пазыцый выбiвалi нашы танкавыя батальёны. А iх паспрабуй дастаць. Пастаўленая на трыццацьчацьвёрцы 76-мм гармата iх ня брала, а яны са сваёй 88-мiлiмэтроўкi наскрозь прабiвалi браню нашых танкаў. А мы, дурнi, былi засвоiлi, што наша трыццацьчацьвёрка — лепшы танк у сьвеце. Паслухалi б прыхiльнiкi гэтых трыццацьчацьвёрак, што пра iх кажуць тыя, хто ў iх гарэў i гiнуў. Але ж «наша», рускае, усё лепшае — i састарэлая «драгунка» ўзору мiнулага стагодзьдзя, i ППШ — аўтамат фiнскага ўзору, што выпускаўся там з 1934 году, i вядома ж, наш суконны шынэлак на «рыбiным мяху». Што ўжо казаць пра франтавыя шпiталi, пра якiя ня раз з болем i гневам пiсаў Вiктар Астаф’еў. Галоўнае шпiтальнае лякарства — iхтыёлавая мазь, чорная сьмярдзючая мазюка, якой мазалi ўсе раны. Добра, калi рана чыстая, а калi ў ёй зямля, часткi бруднай апраткi… Пэнiцылiну ж тады не было. Найбольшая надзея была на хiрургаў, якiя рэзалi няшчадна, тым, можа, i найбольш ратуючы. Кармёжка ўсё тая ж, вайсковая, хiба што гарачая — хлеб, каша пярловая, радзей пшонная, суп вермiшэлевы цi зноў жа пярловы. I традыцыйны чай. (На фронце мы дзiвiлiся, што немцы п’юць каву — напой, якi мы ў сялянстве нiколi ня спытвалi i якi здаваўся нам агiдным, бы з сажы. Але яны пiлi яго з малаком.)

Афiцэраў усё ж iмкнулiся разьмеркаваць па якiх-небудзь будынках, салдатаў жа клалi звычайна ў апусьцелых за вайну калгасных аборах, кароўнiках цi сьвiнарнiках. Трохi вычышчалi гной, слалi салому, якую накрывалi зьверху ўнiвэрсальнай салдацкай апраткай — плашч-палаткамi. Укрывалiся кожны сваiм шынялём цi ватоўкай, спалi нераспранутыя. Зiмой на праходзе ставiлi жалезную грубкубочку, якую палiлi круглыя суткi. Вакол яе месьцiлася 2–3 сотнi параненых. Адаспаўшыся пасьля перадавой, спакваля пачалi адзiн з другiм знаёмiцца, моладзь — кучкавацца па iнтарэсах. Нават гуляць у карты. Калi-небудзь ноччу пры сьвятле капцiлкi можна было пачуць пад цiхенькi перабор балалайкi якую з папулярных песьняў. А то i салдацкi фальклёр. («Первая болванка попала в бензобак, вылез я из танка сам не знаю как. Любо, братцы, любо, любо, братцы, жить, — в танковой бригаде мне уж не служить. А наутро рано ведут в особотдел: что же ты, подлюга, в танке не сгорел? Любо, братцы, любо, любо, братцы, жить… Очень виноватый, я им говорю: в завтрашней атаке обязательно сгорю…» — і г. д.).