Як пачала гаiцца нага, стаў выходзiць у горад. Недалёка быў iмправiзаваны кiрмаш, дзе прадавалi семкi, махорку, малако, гарачую бульбачку, яшчэ нешта. Але тут аказалася, што ў мяне няма разьлiковай кнiжкi, таму я не магу атрымлiваць зарплату. Увогуле зразумела, бо той кнiжкi я нiколi ня меў, на перадавой навошта мне былi грошы? Затое ў мяне, апроч шынялька, была аўчынная камiзэлька, якую я i загнаў, купiў бутлю бураковай самагонкi. Пасьля на той жа кiрмаш аднёс цёплыя, ватныя штаны — блiзiлася вясна, раставаў сьнег. Рана мая то гаiлася, то давала рэцыдыў, разы два на тыдзень рабiлi перавязкi. Са сваёй дывiзiяй ня меў нiякай сувязi, нiкога адтуль не паступала, i ня дзiва: то быў шпiталь iншай армii. Але за тым, што рабiлася на фронце, увогуле сачылi— кожны дзень прывозiлi параненых, тыя расказвалi. Асаблiвы наплыў быў, як пачаўся наступ на поўдзень, як фарсiравалi Буг.
Неўзабаве шпiталь перамясьцiлi трохi на поўнач, пад Знаменку. Зноў — у калгасную абору, афiцэраў — у будынак сельскае школкi. Там пачалi выдаваць лёгкi духмяны табак, i я прывучыўся курыць. Мне iшоў дваццаты год, а я яшчэ не пачынаў курыць — ганьба для савецкага афiцэра, як насьмiхалiся старыя курцы.
Нарэшце пад чарговы пераезд шпiталю выпiсалi. Зь яшчэ адным выздаравелым — параненым танкiстам, малодшым лейтэнантам Тавакiным атрымалi прадпiсаньне ў аддзел кадраў 5-й танкавай армii. Iшлi пехатой за фронтам, якi пачаў наступ. Ад сяла да сяла, кожны раз начуючы дзе заставала ноч, там жа i кормячыся. Тагачасныя ўкраiнскiя сёлы, двойчы абрабаваныя — калектывiзацыяй i вайной — былi не багацейшыя за беларускiя. Праўда, можа, ня надта пабураныя — там не было «партызанкi». Звычайна, як мы паяўлялiся на парозе, цётка пачынала бедаваць: «Ай, чым жа я вас нагадую, у мяне ж толькi фасоля ды бараболя». Нам добра была i фасоля з бараболяй. Калi-нiкалi, праўда, перападала i шклянка самагонкi — сьмярдзючай i мутнай буракоўкi, — i той мы былi радыя.
Усюды па дарогах i сёлах пыталiся з Тавакiным пра свае часьцi, i аднойчы мой танкiст нешта надыбаў, напаў на сьлед свайго танкавага корпусу. Але мне туды было неяк, я ж не танкiст, i я прадаўжаў пошукi адзiн. Вясна ўжо была ў разгары, сьнег на Украiне той год растаў яшчэ ў лютым. Дарогi былi жахлiвыя, суцэльная гразь. Клейкi ўкраiнскi чарназём адрываў падэшвы, i мае кiрзачы ашчэрылi зубы. Скрозь войскi, войскi… Адны калёны iшлi на поўнач, iншыя на захад цi на поўдзень — не зразумець. Аднойчы сеў на ўзбочыне перадыхнуць, гляджу, як брыдзе пяхота, за ёй пайшлi перадкi з гарматамi. I раптам бачу на адным знаёмы вусаты твар, — то ж старшы лейтэнант, узводны, зь якiм я расстаўся ў ноч майго раненьня. Я да яго — куды i адкуль, як тут апынуўся? Чаму апынуўся, кажа, а я нiкуды i не выбываў, толькi перайшоў у батарэю. Але ж дзе наша дывiзiя? — пытаюся я. А во яна, кажа, перакiдваюць на iншы ўчастак. Я падзiвiўся: перада мной прайшоў мой полк i — нiводнага знаёмага твару? А старшы лейтэнант кажа: «I ня ўбачыш знаёмых, нiкога няма. А наогул навошта табе вяртацца ў гэтую дывiзiю, якая надта ж невязучая, заўжды яе б’юць. Пашукай чаго iншага». (Наiўны чалавек — ён меркаваў, што дзесьцi ёсьць дывiзii «вязучыя».) Але тады я паверыў яму i зрабiў так, як ён раiў.
Празь дзень у нейкiм ацалелым маёнтку напаткаў штаб 4-й гвардзейскай армii, прад’явiў свае дакумэнты, запоўнiў патрэбныя анкеты i атрымаў накiраваньне ў 252 СД. Амаль шчасьлiвы выйшаў на вулiцу. Вакол было цiха, на фронце iшла перадыслякацыя, толькi ў адным баку нешта надта падазрона грукоча, бы таўкачамi б’юць у зямную ступу. Пытаюся ў сустрэтага афiцэра, можа, ведае, дзе шукаць 252 СД? Той уважлiва паглядзеў на мяне i паказвае рукой туды, дзе грукоча. Кiруй, кажа, на тыя грымоты, не заблудзiшся. I я трохi пашкадаваў тады пра сустрэчу на дарозе з дывiзiяй, якая пайшла ў тыл. Ды было позна. Таго ж дня ў штабе дывiзii мяне прызначылi камандзiрам узводу батарэі 45-мілімэтровых гармат стралковага палку.
Празь дзень ужо трываў бязьлiтасную агнявую калатнечу, ад якой грунтоўна адвык за шпiтальныя месяцы. Трудна было зноў прывыкаць, асаблiва як неўзабаве на нас навалiлiся нямецкiя танкi. Аднойчы пры перамене пазыцыяў наляцела шасьцёра «юнкерсаў», якiя канчаткова дабiлi батарэю, i мы засталiся без гарматаў.
Сталася так, што пяхота пайшла наперад, а мы адставал i, трэба было мяняць пазыцыi. Падагналi перадкi, прычапiлi гарматы… Але неўзабаве за пагоркам наткнулiся на вiнаграднiк, ад якога павярнулi ў аб’езд, да дарогi. Тут якраз i наляцелi нямецкiя пiкiроўшчыкi. Адзiн зь iх павярнуў да нас i сьпiкiраваў на гармату. Першаю бомбай разьбiла перадок, перабiла станiны з сашнiкамi, паранiла каня, якi, аднак, тузаўся, спрабуючы падняцца. Тады два iншых самал ёты сьпiкiравалi на ўцалелую гармату, якую ездавыя што было сiлы гналi ўздоўж вiнаграднiку. Гэтую яны найперш абстралялi з кулямётаў i паклалi коней. Затым стала ўсё прасьцей. Салдаты, натуральна, адбеглiся ў вiнаграднiк, а гэныя з двух заходаў ушчэнт раскалашмацiлi гармату.