Выбрать главу

А яна кажа: перавялi. Ну, перавялi дык перавялi. А пасьля ўжо, калi я быў камандзiрам узводу аўтаматчыкаў i бегаў пад агнём з аднаго флангу на другi, якраз пачуў знаёмы голас. Ля КП батальёну. Трохi мне стала цiкава, зазiрнуў у ровiк, а там ля тэлефона — тая дзяўчына. Я пытаюся: што, зноў перавялi? Так, кажа, ня ўжылася з ротным у палкавой роце сувязi… Значыць, не захацела спаць зь iм, во ён i сьпiсаў яе ў батальён. Так яе характар i прывёў яе на самую перадавую. А так бы скончыла вайну ў тыле, пры ўзнагародах. А тут цi хоць жывая засталася, ня ведаю. Маладыя ў войску, тым болей на фронце, былі пад узьдзеяньнем магіі зброі, асабліва стралковай. Нашыя «драгункі» (ня кажучы ўжо пра «СВТ») нікому не падабаліся.

Кожны баец пры выпадку наравіў замяніць гэтую даўжэзную няўклюду на які карабін ці трафэйную нямецкую. Таксама як і аўтамат ППШ — праслаўлены (як і ўся нашая зброя, прапагандай) ды няўклюдны. Канешне, нямецкі «шмайсэр» быў ва ўсіх адносінах лепшы, але яго трэба было «дастаць». Як і патроны да яго. Зноў жа, на тую замену дужа коса глядзела начальства, магло ўгледзець у тым палітыку. Прасьцей было зь пісталетамі — ня так кідаліся ў вочы. Я першай парой абыходзіўся без ТТ, які належаў [па званьні], але які не далі, у пяхоце меў ППШ, таго было даволі. Але пасьля набыў «парабэлум», які доўга ў мяне быў на дзязе. Праўда, як сталі ў абарону ў Малдавіі, ня стала нямецкіх патронаў, дык я, калі была патрэба, страляў зь яго нашымі, ад ППШ — яны падыходзілі, хаця білі карацей, чым нямецкія. Пасьля атрымаў ТТ, а «парабэлум» замяніў на «Вальтэр» — так і хадзіў з двума пісталетамі на дзязе. Толькі ў шпіталі застаўся бяз зброі, за што ледзьве ня трапіў пад расстрэл заградатраду на Дунайскай пераправе ў Венгрыі.

Страляць зь пісталета ў жывога немца, на шчасьце, не давялося, у аўтаматчыках страляў з аўтамата — на адлегласьці, па тых, што ўцякалі, аднойчы — што атакавалі. Быў бой у траншэях, які апісаны мной у «Яго батальёне», але там болей за ППШ ішлі ў ход гранаты — свае «лімонкі» і нямецкія «яйкі».

Вясной баi скрозь прыцiхлi, фронт стаў у абарону. Пасьля таго, як мы ня надта ўдала аддзяжурылi на ПНП, мяне выклiкаюць у штаб палку i ставяць новую задачу: з групай салдатаў (12 чалавек) паехаць у прыфрантавую вёску Барсучэнь i заўтра ж выселiць зь яе ўсё насельнiцтва. Сяляне могуць з сабой узяць тое, што ўлезе на воз. Другi раз нельга. Зразумела? Iспалняйце…

Пайшоў з салдатамi шукаць тыя Барсучэнi. Аказалася, за пагорачкам, кiлямэтра праз паўтаpa ад перадавой. Знайшоў старшыню сельсавету, растлумачыў задачу. Памочнiкам у мяне быў старшына Ганчарэнка, былы бухгалтар з-пад Вiньнiцы. Сяляне асаблiва не пярэчылi, — трэба дык трэба: вайна ж. Хто ведае, што тут задумалi гэтыя рускiя разам зь немцамi, якiя за бугром? Пагрузiлi на свае куруцы дзяцей, пасьцелi, паклалi колькi мяхоў кукурузы i паехалi, як было загадана, на пятнаццаць кiлямэтраў у тыл. Мы таксама, як было загадана, у абодвух канцах вулiцы збудавалi з жэрдак шлягбаўмы, паставiлi вартавых. Выбраў шы лепшую хату, я вугалем напiсаў на белай сьцяне «камэндатура».

Пачалася новая, тылавая служба ў да часу абязьлюдзелай вёсцы. Галоўны сэнс тае службы, як пасьля зразумеў, палягаў у тым, каб ня даць сялянам карыстацца ўласным харчам, бо той харч канфiскоўваўся дзеля патрэбаў фронту.

Неўзабаве ў сяло прыехалi нейкiя тылавыя часьцi, штаб армейскага iнжынэрнага батальёну, яшчэ нехта. Пачалi гаспадарыць, грузiць на машыны ўсё, што засталося з прадуктаў, — галоўным чынам кукурузу, збожжа, муку. У Малдавii на гэты конт — ня тое, што на Украiне, правiзii хапала. У кожнай гаспадарцы быў хлеб, нават белы, быў сыр, сушаныя фрукты, алей, малако. Калгасы малдаванаў абрабаваць не пасьпелi, цяпер законна рабавалi войскi, якiм з тылу перасталi вазiць правiзiю. Увесь вайсковы транспарт быў заняты падвозам боепрыпасаў — рыхтаваўся «бросок на Балканы». Высялялася шырачэзная 15-кiлямэтровая паласа па ўсёй Малдавii. Але ж заставалася вiно, якое таксама было ў кожнага гаспадара, i яго нельга было ўзяць на адну фурманку. Вiно закопвалi. Ды наiўныя былi тыя малдаване — хiба ад савецкага салдата можна было штосьцi схаваць? Тым болей вiно? У кожнага салдата пры вiнтоўцы быў шомпал, якi выдатна выконваў ролю «вiнашукальнiка». Празь якiх дзён дзесяць раскапалi i выпiлi ўсё. Часам мiж п’янымi салдатамi ўзьнiкалi бойкi i нават перастрэлкi, за вiно i за хаты таксама. Гэта калi адны часьцi яшчэ ня зьехалi, а iншыя прыехалi i патрабуюць жытла. Часта прыяжджала палкавое начальства — пракантраляваць i выпiць таксама, пакуль яшчэ было што. Пад камэндатуру я займаў хату псаломшчыка, дзе засталося трохi старых расейскiх кнiжак. I я там чытаў «Так сказаў Заратустра» i яшчэ нешта з антычных аўтараў, вядома, у перакладзе на расейскую. Хоць i вайна, але цягнула да ведаў, да культуры, якiх не дабралася за мiрным часам.