Выбрать главу

Пасьля вайны сястра распавяла пра тую сваю «вёрткасьць». Вясной 44-га году яна разам зь некаторымi вясковымi дзяўчатамi ўцякла з «акопаў», якiя капалi для нямецкай абароны. Але немцы прыехалi ў вёску i пачалi хапаць маладых для адпраўкi ў Нямеччыну. Шмат якiх дзяўчат пахапалi i вядуць у Чарапоўшчыну. А сястру не знайшлi, тая пад той час схавалася ў лазовым кусьце за сажалкай. I тады яе стрыечная сястра, што ўжо iшла пад канвоем, з зайздрасьцi кажа канваiру: «А вы паглядзiце там у кусьце». Так яны апаролi Валю i таксама паставiлi ў калёну.

Праз колькi дзён пешага, пад канвоем, падарожжа, скарыстаў шы здатны момант (бамбоўкi цi што), падканвойныя пачалi разьбягацца. Канваiры, страляючы, — за iмi. Валя прысела ў жыце, аж бачыць: на яе iдзе канваiр-немец. Ён згледзеў сястру, але зрабiў выгляд, што не заўважыў, прайшоў поруч. Так сястра ўратавалася i праз колькi дзён дабралася дахаты.

Наступ на Балканы (так званая Яса-Кiшынёўская апэрацыя) пачаўся для нас увогуле пасьпяхова: абарону прарвалi, рынулiся за Прут. Там усчалiся жорсткiя баi за масты i пераправы, бо якраз i немцы з Кiшынёўскага катла таксама пёрлi на тыя масты.

У горадзе Пермi пасьля вайны выйшла кнiжка пра нашу дывiзiю пад назовам «Ветераны дивизии вспоминают». Там надрукаваны ўспамiны падпалкоўнiка Пiлiпенкi, былога афiцэра штабу дывiзii. Мiж iншым Пiлiпенка пiша i пра адзiн эпiзод тых баёў з удзелам лейтэнанта Быкава. «Боевые порядки стрелкового батальона капитана Савченко, которому был придан взвод лейтенанта Быкова, атаковала вражеская пехота, поддержанная сильным огнем артиллерии, минометов. Около трех часов шел напряженный бой… На рассвете следующего дня гитлеровское командование бросило в бой несколько танков. На участке стрелкового батальона, который поддерживал артогнем лейтенант Быков, появились 3 вражеские машины. Быков подал команду „огонь!“. Два снаряда разорвались рядом с передним танком, но тот продолжал двигаться. Грянул третий выстрел, и немецкая машина остановилась. Другие вражеские танки стали обходить горящую машину, ведя на ходу огонь по нашим орудиям. Осколками вражеского снаряда было повреждено орудие, убит старший сержант Буяненко, ранен наводчик и заряжающий. В эту трудную минуту к орудию встал Быков. Через канал ствола он навел орудие, затем зарядил и выстрелил в приближаюшийся танк противника. Фашистская машина развернулась на одной гусенице и остановилась. Противотанковая батарея полка понесла значительные потерн в личном составе и боевой технике, поэтому лейтенант Быков был назначен командиром взвода роты автоматчиков этого же полка. Не раз ему приходилось со своим взводом ходить в атаку и отбивать контратаки противника». I так далей. Я ня ведаю дакладна, але, па ўсёй верагоднасьцi, гэты тэкст узяты з т. зв. «наградного листа». На самай жа справе ўсё адбывалася трохi iнакш.

Рэч у тым, што там немцы прарывалiся з Кiшынёўскага катла, таму ўпартасьцi ў iх хапала. Таксама справа iшла пра жыцьцё i сьмерць… У маёй гармаце ня толькi разьбiла прыцэл, яе таксама разьбiла снарадам з танка. Снарад ударыў амаль пад левае кола, ад выбуху нас завалiла зямлёй. Я быў побач з зараджаючым, мiж станiнаў, i на колькi сэкунд, вiдаць, страцiў прытомнасьць. Як узьняў галаву, бачу: мае не паднiмаюцца, наводчык зусiм у зямлi. А танк — во ён, стаiць у якiх пятнаццацi мэтрах i скiроўвае гармату далей, на кагось у наш тыл, — з намi ён ужо скончыў. А нашая гармата зараджаная, наводчык не пасьпеў стрэлiць. Я дацягнуўся рукой i, лежачы, цiскануў на кнопку спуску. Узьняўся пыл, штосьцi там сталася. Гляджу, танк паварочваецца, паварочваецца, — ну, думаю, зараз дасьць мне тут. Аж не — ня дасьць, бо ззаду сьцелецца гусенiца, усё ж я яе зьбiў. Куды дзелiся танкiсты, так i не зразумеў. Бой тым часам трохi перасунуўся збоч, да пераправы, куды яны прарвалiся. Каля агнявой прайшла нашая самаходка, прыбег нехта з другога разьлiку. Але ў мяне дужа балiць галава, з вуха iдзе кроў. Сяржант штось да мяне кажа, а я ня чую. Аглух. Аказалася, ня толькi ня чую, але i нiчога не магу сказаць. Адняло мову. I ўвесь я калачуся. Ужо цi не адваяваў ся, думаю…

На нейкай грузавой машыне паехаў у санбат. Там шмат параненых, дактары ўсе на апэрацыях. Я сеў у цяньку на прызьбе, праседзеў да вечара. Нават падрамаў трохi. Вуха балiць, але кроў больш не iдзе. На зьмярканьнi пайшоў у палатку, дзе дактары. Ды зачапiўся за вяроўку расьцяжкi i — вылаяўся. Паявiлася мова. Toe ўзрадавала неверагодна, i я яшчэ некалькi разоў вылаяўся — усё грамчэй i грамчэй. З заткнутым ватаю вухам пайшоў на дарогу. Позна ўвечары дагнаў свой батальён.