Адчуваю сакрамэнтальнае пытаньне пра страх: цi баяўся? Канешне, баяўся, а можа, калi i трусiў. Але страхаў на вайне шмат, i яны ўвогуле розныя. Страх перад немцамi — што маглi ўзяць у палон, застрэлiць; страх ад агню, асаблiва артылерыйскага цi бамбовак. Калi побач выбухне, дык, здаецца, цела само, без удзелу розуму, гатовае разарвацца на кавалкi ад дзiкiх пакутаў. Але ж быў i страх, што iшоў ззаду, — ад начальства, усiх тых карных органаў, якiх у вайну было ня менш, чым у мiрны час. Нават болей. Калi цябе камандзiр абяцае расстраляць пад ранак, калi ты ня возьмеш страчаны хутар цi вышыню, цi траншэю (што па тым часе зусiм верагодна), дык яшчэ невядома, каго ты пачынаеш баяцца болей — немцаў цi камандзiра. Немцы яшчэ могуць не пацэлiць, i табе абыдзецца. А свае, камандзiры (цi калi ўвяжацца трыбунал), ужо прамашкi не дадуць. Тут ужо ўсё дужа пэўна i катэгарычна.
Пасьля яшчэ былi баi, але ў Румынii па танках мы не стралялi. Маю падбiтую гармату выцягнулi з агнявой, замянiлi кола, а прыцэлу не знайшлi. Так мы яе i вазiлi на фармоўку над Луцк, пасьля ў Венгрыю. I да майго новага раненьня яна заставалася без прыцэлу.
А наконт танка. На фармоўцы ўвосень пачалi прадстаўляць да ўзнагародаў, напiсалi i на мяне: «к орудию встал Быков, через канал ствола навел орудие, затем зарядил» i г. д. Але аказалася, што за той танк ужо ўзнагародзiлi кагось з дывiзiйнай артылерыi, якая там таксама страляла. Выходзiць, Быкаў падбiў падбiты танк? Можа, i так, я спрачацца ня стаў, з начальствам тое бескарысна. Тым болей, што на тым часе я ўжо стаў аўтаматчыкам. Не захацеў стаць ад’ютантам у камандзiра палку, крыклiвага маёра Коваля, i той са злосьцi паслаў мяне ў аўтаматчыкi.
Тут, можа, варта вярнуцца назад i распавесьцi, як на пачатку вясны адбылося ў нас «братаньне зь немцамi». Сталася тое, як i ў «Праклятай вышынi», хаця, можа, трошкi i ня так. Можа, страшней нават. Сапраўды, тыя падзеi здарылiся ў роце аўтаматчыкаў. Вясна, а неяк сапсавалася надвор’е, шыбанула завея, сьнегу навалiла гурбы.
А пасьля раптам — сонца, сьнег адразу растаў, зноў вясна. Во якраз у тую ноч перад вясной немцы прагналi роту з вышынi i асталявалiся на ёй самi. А нашы замест таго, каб зноў атакаваць, рашылi замiрыцца, адпачыць, пакуль начальства далёка, штабы адсталi. Iнiцыяваў усё старшына роты. Унiзе працякала рачулка, за якой тая вышыня, а нашыя заселi на гэтым схiле. I во старшына выйшаў да рэчкi, паклiкаў нямецкага обэр-лейтэнанта, i яны заключылi перамiр’е. Наладзiлi сувязь… Сталi хадзiць i нашы, i немцы. Памыць парцянкi, перакiнуцца махоркай i атрымаць замест цыгарэты. Ну i размовы. Словам — братаньне, самае што нi ёсць. I доўжылася яно два днi. Камандзiр роты якраз адсутнiчаў, яго замяшчаў узводны, малады хлопец. А выкрылася як? Праз два днi, як параненых адпраўлялi ў тыл, тамашнi санiнструктар i «стукнуў». Натуральна, начальства ўзьвiлося…
Аднаго разу ноччу дзьве мае саракапяткi перакiдваюць на чужы ўчастак. Ну, трошкi мне дзiўнавата, але што ж, бывае, чаго начальства ня выдумае. Да ранку збольшага акапалiся, сядзiм. Пяхота крышку наперадзе i ўнiзе, неспакойная, усё варушыцца. Нешта чуем краем вуха, а не разумеем. Ззаду падвезьлi мiнамёты, артылерыю. Я — на прамой наводцы. I во толькi разьвiднела, гляджу — iдуць немцы да рэчкi. Iдуць так свабодна, са зброяй, але адкрыта зусiм. Падыходзяць да рэчкi i крычаць: «Эй, Iван!». I яшчэ нешта. А ў нас усё замерла. Яны пастаялi, мiж сабой пагутарылi, пасьля нешта, вiдаць, западозрылi, i двое бягом назад. Астатнiя таксама пачалi ад рэчкi адступаць. I вось тады нашы ўрэзалi. Спачатку артылерыя, затым падняўся батальён — цераз рэчку на вышыню. А яны маўчаць. Вось ужо ззаду рэчка i лужок, затым пайшла разьмяклая ральля на схiле, а за iм надта крутое месца зь невялiчкiмi кусьцiкамi, там ужо самая вышыня. Як да гэтых кусьцiкаў дайшлi, тут ужо яны ўрэзалi. Толькi некалькi чалавек параненых выпаўзьлi да рэчкi.
Пасьля месяц цэлы бралi гэтую вышыню. I ў маi яшчэ атакоўвалi, i ўсё бяз вынiку. Так да Яса-Кiшынёўскай апэрацыi, да 20 жнiўня, яна заставалася ў немцаў. А людзей колькi паклалi! Во гэта я там пасьля ледзьве ня трапiў у палон. Замест мяне трапiў начштабу батальёну.
У Румынiю ўвайшлi з баямi, але далей немцы супрацiўлялiся ўсё меней. У адным сяле салдаты выкацiлi на вулiцу бочку, абступiлi яе з кацялкамi, а пiць баялiся. Перад наступленьнем было нямала гутарак i загадаў наконт таго, што пераходзiм мяжу з капiталiзмам, трэба чакаць розных правакацыяў. Ежы ад румынаў ня браць, вiна ня пiць, — усё атручана. Тады крыкнулi: фельчара сюды! Падбег малодшы лейтэнант Федаркоў, санiнструктар батальёну (пасьля загiнуў у Венгрыi), салдаты да яго: правер, можа, атручана? Той зачарпнуў кацялком, добра адпiў — парадак, не атручана, давай да дна! Ну да дна i выпiлi. Рэшту вылiлi на дарогу, каб ворагу не дасталося.