Выбрать главу

Румыны па загаду караля Мiхая (пасьля ўзнагароджанага Сталiным ордэнам Перамогi) дружна капiтулявалi. Цi разьбягалiся дадому. У iх было шмат коней, i мы часьцяком мянялiся iмi — проста на дарозе сваiх здыхлякоў на iхнiх цi нямецкiх бiцюгоў. Мелi нават i запасных. Бо на фронце коней гiнула ня менш, чым людзей, i артылерыя заўжды адчувала праблему зь цяглавай сiлай. Але вось аднойчы дывiзiю ды i ўсю армiю вяртаюць з фронту на нейкую тылавую станцыю, пачынаецца пагрузка на чыгунку, кудысь перакiдваюць. Вагонаў не хапае. Пяхотай набiваюць цяплушкi, артылерыю закочваюць на адкрытыя плятформы. Там жа i артылерысты. Ад дажджу i ветру — усё тыя ж палаткi.

Тут я захварэў — зусiм па-дурному, па дарозе на фармоў ку, бо, як казаў мой сябра ўзводны Ягораў, хто ж хварэе па дарозе ў тыл? Але так, менавiта па дарозе ў тыл. Сьпярша была малярыя, трэсла з прырэчных малярыйных паплавоў, пасьля падключылася яшчэ нешта. На плятформе пад палаткай стала невыносна, тым болей, што пайшлi восеньскiя дажджы. I мяне перанесьлi ў цяплушку санчасьцi. Але, здаецца, нашыя дактары навучылiся за вайну толькi рэзаць, а на якiя там хваробы спрэс забылiся. Праляжаў я ў халодным вагоне ўсю дарогу да ўкраiнскага Луцку, лепей ня стала. Выгрузiлiся ў лесе, пачалi абладжвацца — зямлянкi, шалашы, канавязi… I тут я зусiм звалiўся. Зноў паклалi ў санчасьць — закiнуты дом бяз вокнаў, безь дзьвярэй.

Ляжу адзiн на саломе ў кутку, дрыжу, тэмпэратура расьце, даюць нейкiя таблеткi, якiя памагаюць слаба. Аднойчы адчуў, што калi я зараз жа ня ўстану i не пайду адсюль, дык тут i сканаю. I я сабраў у сабе ўсю волю, усе слабыя сiлы i, хапаючыся рукамi за хваiны, дабрыў да сваiх хлопцаў. Там мне далi паўкварты самагону, ад якога я адразу заснуў. Пасьля неяк пакрысе ачомаўся.

Адразу ж пачалiся заняткi, — палявыя i страявыя, зь песьняй (а як жа, — жалезная традыцыя з часоў прускай армii), нарады, палiтзаняткi (таксама традыцыя, хiба савецкая). Празь нейкi час пасьля вячэры прыходзiць да шалаша наш палкавы сьмершавец, пачынае размову: колькi ў апошнiх баях забiтых, колькi параненых… А Мокiш, пытаецца, таксама забiты? Так, кажу, таксама. Ля Серату. А вы бачылi сваiмi вачыма? Тут я трошкi затрывожыўся, бо гэты Мокiш у часе бамбоўкi дзесь зьнiк, можа, разарвала бомбай. Надта напружаны быў бой, i нiхто ня згледзеў, куды ён дзеўся. Каб не рабiць сабе лiшняга клопату, калi пачалi пiсаць зьвесткi пра страты беззваротныя (забiтых) i зваротныя (параненых), я i запiсаў Мокiша ў лiк забiтых. Дык вось, кажа сьмершавец, вы пакрываеце дэзэртыра. Ваш Мокiш затрыманы камэнданцкiм патрулём у Бельцах. Зь якой мэтай вы далi фальшывыя зьвесткi?

Во бяда, лiха на яе i на гэтага Мокiша, каб яму нi дна, нi накрыўкi. Ды i я — варона! Але хто думаў, што ён дасьць драла дадому? Давялося мне зноў пiсаць, апраўдвацца, сьмершавец яшчэ разы два прыходзiў. Пасьля адстаў.

Атрымалi папаўненьне ў жывой сiле, i мяне перавялi з батарэi ў ПТА 2-га батальёну. Камандзiр батальёну (зноў капiтан Сьмiрноў) адразу зрабiў мне вымову, як я прыйшоў прадстаўляцца, — за дрэнны парадак на канавязi, нячышчаных коней. (Божа, колькi крывi псавалi гэтыя конi!

У вайну i пасьля. Чысьцiня iх i збруi, бясконцыя вывадкi — жывучыя рэцыдывы старой кавалерыйскай традыцыi, якая не хацела аджываць i ў новы час. Сапраўды, кожная армiя рыхтуецца да мiнулай вайны, а будучая прыходзiць нечакана.) Тым ня менш строгi быў наш камбат Сьмiрноў, былы школьны настаўнiк. Ён таксама папсаваў мне нямала крывi ўжо ў баях на венгерскай зямлi. Але я на яго не крыўдую, бо шмат што было заслужана.

Фармоўка, аднак, хутка скончылася, атрымалi папаўненьне i падрыхтавалiся да пагрузкi на чыгунку. Перад пагрузкай давялося стаць сьведкамi страшнай сцэны расстрэлу двух салдатаў — за абрабаваньне i забойства ўкраiнскай сям’i зь недалёкага хутару. Iх судзiў вайсковы трыбунал i прыгаварыў да вышэйшай кары. Ранiцой на паляне лiтарай П пастроiлi полк, на сярэдзiне выкапалi яму. Асуджаных бязь дзягаў i пагонаў паставiлi да ямы, зачыталi прыгавор. Затым камэнданцкi ўзвод даў залп, i абодва звалiлiся ў яму. Як iх там закопвалi, мы не глядзелi, настрой ва ўсiх быў прыгнечаны.

Канешне, усе разумелi, што тыя два заслужылi, што атрымалi, але ж… Усё роўна было агiдна ад гэтага пакараньня напаказ. З агiдай у душы полк i адправiўся да станцыi Луцк — на пагрузку ў эшалён.

Пагрузiлiся i паехалi, на гэты раз у цяплушках — зь печкамi i нарамi. У асобным вагоне — конi (конскi састаў, паводле вайсковай тэрмiналёгii). У мяне ва ўзводзе чатыры вялiзныя нямецкiя бiцюгi, якiя добра цягнуць гармату зь перадком, але заўжды крокам. Рысьсю яны ня ўмеюць. I шмат корму iм трэба. А сена ў нас няма, аўсу не даюць. Калi зьвярнуцца да начальства, атрымаеш адзiн адказ: знайсьцi. Знайсьцi i накармiць! Панятна? Iспалняйце! Мае салдаты «iсполнiлi» — дзесь на станцыi нацягалi з плятформы буракоў i накармiлi, адна кабыла празь дзень здохла. Што рабiць? Хутка выгрузка, як цягнуць гармату? Дайшло да начальства, палiтапарату, тыя паднялi хай — страта баяздольнасьцi, вiнаватага да адказу. Хто вiнаваты? Канешне, камандзiр, лейтэнант Быкаў. Зноў завялi справу… А ў мяне на тым часе быў камандзiрам гарматы (той самай, што без прыцэлу) старшы сяржант Закiраў, башкiр па нацыянальнасьцi, вялiкi спэц па конях. Ён i кажа: ня дрэйф, лейтэнант, выгрузiмся — каня дастанем. Яшчэ лепшага.