I праўда, дастаў. Ды не аднаго. Нават i мне дастаў пад сядло — выдатнага дрыкганта, езьдзiць на якiм было адно задавальненьне. Кепска хiба, што дужа высокi, каб узьлезьцi, трэба якая падстава — плот цi пень. Зь зямлi дастаць нагой стрэмя было немагчыма. Затое на дарозе — ня конь, насалода. Маршам праз Трансыльванiю, партызанскую Ваяводзiну дагналi трэцi Украiнскi фронт. Немцы там слаба абаранялiся, болей адступалi, i мы хутка ўвайшлi ў Венгрыю.
Гэта была першая на нашым шляху сапраўды эўрапейская краiна, не пабураная вайной, са шматлiкiмi адзнакамi даваеннага дабрабыту. Позьняй восеньню ў дождж i слоту iдзем, бывала, празь венгерскiя гарадкi i паселiшчы ды прагна пазiраем на iх ладныя, пад чарапiцай дамоўкi, акуратныя брамкi, драцяныя агароджы. Белыя сьцены вясковых хатаў яшчэ здалёку зьзяюць чырваньню ад маткоў разьвешанага перцу, знакамiтай венгерскай папрыкi… Сустракала насельнiцтва ўвогуле прыязна, нават гасьцiнна, хоць венгерская армiя тады яшчэ ваявала з намi, хiба безь нямецкага iмпэту. У кожным доме белы хлеб, вяндлiна, каўбасы, слоiкi варэньня з розных фруктаў. Уся садавiна перапрацавана, нарыхтавана ўзiмку, састаўлена ў скляпах. Па скляпах, канешне, мы заўсёды лазiлі. Бо цi баi, цi бамб ёжкi, надзейнае сховiшча, калi ў вёсцы, — склеп. Там жа i выдатнае венгерскае вiно. Аж ня хочацца вылазiць — пад агонь, — на кроў i сьмерць. Войска там перайшло на самазабесьпячэньне, тое, што варылася ў палявых кухнях, перасталi браць. Iдзём, бывала, калёнай празь якое сяло, i салдаты, бы мышы, шмыг-шмыг па падворках. Пасьля даганяюць свой строй — падпахай вэнджаны кумпячок, процiгазная сумка поўная слоiкаў з варэньнем, на штыху белы бохан, а ў руках вядзёрка цi канiстра зь вiном. Камандзiры глядзелi на тое паблажлiва, самiм перападала. Зноў жа Венгрыя была саюзьнiцай Гiтлера, таму шмат што дазвалялася.
Позьняй восеньню фарсiравалi Дунай. Помню, тры днi бiлiся, i ўсё няўдала. А Дунай там шырачэзны, можа, як Волга. З аднаго берагу другi ледзьве вiдаць. Мы фарсiруем ноччу. Вядома, сьпярша артпадрыхтоўка — даволi слабая, сродкамi штатнай артылерыi. Зь берагу я пастраляю крыху на крайнiм прыцэле, бяжыць хтось ад камбата: «Спынiць стральбу, — чым будзеш страляць на тым беразе?». У сэнсе, калi на гэтым расстраляеш свой боезапас. То правiльна, стральбу спыняем. Празь нейкi час прыбягае начальнiк артылерыi — пачаму спынiлi артпадрыхтоўку? Немедленна агонь! Ну канешне, гэты адказвае за артпадрыхтоўку, а той бераг яго пакуль што не хвалюе. Так дзьве цi тры ночы. Перадавыя роты на плытах i лодках адплываюць па начным Дунаi, i нiхто не вяртаецца. Хiба назаўтра прыбрыдзе зьнiзу па цячэньнi мокры салдат, дрыжучы раскажа, як iх там сустрэлi немцы. Так доўжылася да таго часу, пакуль па Дунаi не прайшлi бранякатэры з танкавымi вежамi на палубах, у некаторых былi нават «кацюшы». Яны ўзялi нас на свой борт i высадзiлi на тым беразе. Коней пакiнулi на гэтым, а там у першым жа венгерскiм сяле мой Закiраў раздабыў коней у поўным складзе. Так ад Дунаю пачалi наступленьне ў напрамку на Балатон. Гэта былi жахлiвыя баi кожны дзень i кожную ноч.
Памятаю, калi камбат аддаваў загад, мы заўсёды цiкавiлiся, хто перад намi: немцы цi венгры? Калi венгры, дык яны надта не супрацiўлялiся, пад нацiскам адыходзiлi. А немцы, канешне, як заўсёды: колькi хацелi, столькi абаранялiся. Лёгка зьбiць iх з занятых пазыцый было немагчыма, пакуль яны самi не пакiдалi iх.
Стаяла позьняя восень, сьцюжа, слота, дажджы… Сьпярша ад Дунаі iшлi лясiстыя пагоркi, а затым раскiнулiся балоцiстыя поймы, мэлiярацыйныя каналы. Акапацца там не было як, поле бою наскрозь прастрэльвалася. Неяк увесь дзень iшоў дождж, позна ўвечары занялi нейкую вёску, батальён разышоўся па хатах, начальства таксама. Стомленасьць страшэнная, халадэча. Спаць жа нiколi не дазвалялася, калi можна было, хвiлiну якую ўрывалi дзе i хто мог. Галоўным чынам як зьнiкалi куды камандзiры. Мы закацiлi ў нейкi падворак гарматы i тут жа ў хаце прылеглi.