Выбрать главу

Толькi я прыдрамаў, здаецца, а ўжо сьвiтае, i за вёскай у лесе iдзе бой. Батальён рушыў туды на сьвiтаньнi, а нас не гукнулi. Ну, бачу: справы мае кепскiя… Бо я з гарматамi абавязаны быць там. А я праспаў. I салдаты мае праспалi. I вось мы рванулi туды цераз поле — пад абстрэлам, што было сiлы ў коней. Даскакалi да лесу, а тут якраз камандзiр батальёну, адразу да мяне зь пiсталетам: за ўкланеньне ад бою… Падобна, ён тут жа хацеў са мной расправiцца, бо батальён ляжыць, а немцы сякуць разрыўнымi, лiха працуюць iх хуткастрэльныя МГ. Але памалу астыў i загадвае: зьбiць кулямёты! 20 мiнут часу. Мы хутчэй гармату ўстанаўлiваем, i тут высьвятляецца: няма снарадаў. Рэч у тым, што дзеля гатоўнасьцi снарады заўсёды клалi на станiны, а як гналi пад агнём цераз поле, тыя пападалi, рассыпалiся. Дзе цяпер iх шукаць?

У нашым жа перадку былі толькі бранябойныя і падкал іберныя, якімі тады не стралялі. Кулямёты сякуць, толькi вецьце сыплецца. Камбат крычыць: «Быкаў, агонь!» А чым агонь? Гэта было, канешне, жахлiва, я тады хацеў, каб мяне як найхутчэй забiла. Усё ж паслаў перадок на поле, пазьбiралi ў быльнягу снарады, пачалi мы страляць. Словам, у гэтым лесе яны калашмацiлi нас добра, а што мы зрабiлi iм нашым агнём, тое невядома. Можа, зьбiлi, а можа, тыя пад вечар самi адышлi. Як я ўпамiнаў ужо, другая гармата ў мяне была без прыцэлу, а без прыцэлу якая ж стральба? Такiм чынам, у запасе заставалася, апроч гарматы, яшча пара коней, шэсьць чалавек салдатаў. Я iх трымаў у тыле, — што iм рабiць на перадавой? На перадавой у нас ладныя хлопцы Сьвiнцоў i Пронiн, камандзiр i наводчык — харошы наводчык. А старшы сяржант Закiраў, спэц па конях, у нас за iнтэнданта.

Пакуль мы гiбеем пад агнём, цягаем сюды-туды нашу гармату, вядома ж, у холадзе i голадзе, яны там дзесь у блiжняе вёсцы для нас стараюцца. I во, як пацiшэе пад вечар, пацямнее, глядзiм, Закiраў з салдатам паўзуць. Цягнуць нам у вядзерцы мяса цi курацiну, белага хлеба пару боханаў у рэчмяшку i вiна ў тэрмасе цi канiстры. Во тады мы раскашуем — мiж станiн, за гарматным шчытом.

Пасьля высачэзнага дрыкганта, пакiнутага на тым беразе, Закiраў дастаў мне маладую кабылку, якая двойчы ўратавала мне жыццё. Аднаго разу, як наступленьне трохi прыпынiлася, выклiкае мяне камандзiр батальёну. Быў вечар, туман, дробны дожджык сыпле. Месца незнаёмае, мы толькi надвячоркам тут апынулiся, але мне чамусьцi здалося, што КП блiзка, за пагоркам. I я паехаў. Стралянiны блiзка няма, i я ехаў, ехаў, ды раптам ня ведаю, куды ехаць. Чую нейкiя галасы, павярнуў да iх, гляджу: на касагорчыку вiнаграднiк i на ягоным краi нешта капаюць. Пацiху пад’яжджаю блiжэй, прыслухаўся — немцы! Завярнуў у iншы бок, ехаў, ехаў, узьбiўся на нейкую дарогу, а там нямецкiя машыны iдуць…

Я быў без аўтамата, зь пiсталетам, бо аўтамат мне яшчэ ў пяхоце абрыдзеў. Ды й нязручны ён з гэтым барабанным магазынам. Лепш што лягчэйшае. Нямецкi «шмайсэр», напрыклад. Але да нямецкага патрэбны патроны, якiх не заўсёды хапала. Здавалася тады, што во за пагорак заеду, i там КП. А тут нешта нi пагорка, нi КП. I я ўжо ня ведаю, як быць? I тое натуральна, бо я заехаў да немцаў. Але адчуваю, што мая кабылка ўсё некуды бярэ ўбок, i я думаю: хай сама iдзе. Повад пусьцiў, i яна пайшла. Рухава гэтак пайшла. Цераз пагорачак перайшла, пасьля ўзьлескам, сюды-туды i прывяла мяне да лагчынкi. А там пасьвяцца конi нашага камэнданцкага ўзводу. Там блiзка быў i КП камандзiра батальёну.

А потым яе забiлi, пада мной, хоць мяне яна ўратавала. Гэта пазьней. Помню, пяхота ўзяла нейкае вялiкае мадзьярскае сяло цi гарадок нават, мы сьпяшаемся на ўскраiну, дзе iдзе бой, ды тут паяўляюцца нейкiя два маёры, крычаць: «Срочно вон туда, направо! Нямецкiя танкi! Іх трэба спынiць». I ўжо там iдзе стралянiна. Паскакаў я направа, але аказалася, што тыя зьвесткi пра танкi былi спазьнелыя, танкi ўжо ўвайшлi ў вулiцы. I вось на адным павароце (вулiца лiтарай Г загiналася) я i падляцеў пад чаргу, з танку сьцебанулi па маёй кабылцы, i яна з усiх ног рухнула пад плот. Толькi крывавае шмацьцё ад яе паляцела, мяне запырскала крывёй. Але кабылка, падаючы, шпурлянула мяне за агароджу, у гарод… Як пасьля празь дзень салдаты зьнялi сядло, дык яно скрозь было пасечанае кулямi. А я адтуль выпаўзаў агародамi. Гармату завярнулi ў другую вулiцу, добра, што гармата за мной не пасьпела…

Дарэчы, пасьля ўжо каня ў мяне не было, ня стала як езьдзiць. Наступ наш замарудзiўся, — ад сяла да сяла болей па-пластунску. Скрозь у полi каналы, канавы, а баi кожны дзень i кожную ноч. Выматвалi так, што i есьцi ня хочацца, толькi б упасьцi i ляжаць. Але дзе ўпадзеш? Трэба акапацца, а неяк. Капнеш на штых лапатай, а там вада. Во ў гэтую гразь кладзешся i ляжыш пад агнём — жыць жа ўсё роўна хочацца. А тут надвор’е паскуднае, кожны дзень макрата, дождж. Калi танкi паяўляюцца, тут ужо настае гарачка, тут ужо потам аблiваешся.