Выбрать главу

Iх было двое, маладзенькiх, дужа падобных адзiн на аднаго — Сiнцоў i Пронiн, абодва малодшыя сяржанты. Дык я ўжо забыўся, хто зь iх быў камандзiрам гарматы, а хто наводчыкам. Наводчыка там жа забiла, а камандзiра паранiла ў плячо i яшчэ некуды. Яшчэ зараджаючы ацалеў. Гармата перакулiлася, завалiлася ў варонку, а мы, усе параненыя, па канаве, за кусьцiкамi падалiся да нашага перадку, на якiм iрванулi ў тыл, у санчасьць. Там, помнiцца, пераначавалi, а назаўтра на аўтамабiлi нас адвезьлi ў тылавы шпiталь у Сэксардзе. Гарадок такi кiлямэтраў 60 ад перадавой, якi мы бралi месяц таму.

Шпіталь мясьціўся ў тамашнiм гатэлi ў цэнтры гарадка. Здаецца, то быў двух- цi трохпавярховы будынак. Нумары, як i ўсюды ў гатэлях, маленькiя, цесьненькiя. I набiта ў iх так, што ляжалi зноў па два i па тры чалавекi на ложку. I ў салдацкiх, i ў афiцэрскiх палатах. На гэты раз маiм напарнiкам аказаўся камандзiр стралковай роты, паранены ў твар. Пазiраў на сьвет ён толькi адным вокам, кармiлi яго лыжачкай, не разьнiмаючы рота. Канешне, ужо тут было iншае шпiтальнае жыцьцё, чым на Украiне. Галоўнае, у мяне былi ногi, i я часам выходзiў у горад. Мiж тым у горадзе iшло цiкавае жыцьцё. Увечары працаваў рэстаранчык, дзе вяртлявыя, цыганскага выгляду гарсоны налiвалi вiно — за грошы i так, пад абяцаньне заплацiць заўтра. Усюды былi разьвешаны ружовыя абвесткi з прапановай запiсвацца ў венгерскую кампартыю.

За гарадзкой ускраiнай у вiнаграднiках былi вiнныя скляпы, каторыя, канешне ж, разрабавалi вызвалiцелi, i адтуль у горад некалькi дзён цякло па канавах вiно. Бы кроў. Мы хадзiлi туды з бутлямi i канiстрамi i прыносiлi ў шпiталь пачастунак. Але на ўваходзе стаяў нампалiт, якi адбiраў увесь унёсак, скiроўваў яго ў сталоўку. У сталоўцы выдавалi па шклянцы за абедам. Такая была сьмешная норма, якую мы ўсё ж знаходзiлi магчымасьць перакрыць шматкроць. Добрае было жыцьцё ў шпiталi, але, як i ўсё добрае, хутка скончылася. Якраз пад новы год немцы прарвалi наш фронт, i iх танкавы авангард апынуўся на ўскраiнах гораду. Ноччу ўсiх нас паднялi, i хто мог хадзiць, — пехатой, за паўсотню кiлямэтраў на пераправу ў Байю.

Была завея, валiў сьнег. Я, яшчэ два лейтэнанты i шпiтальная сястрычка Галя адмахалi за ноч тыя кiлямэтры, выйшлi на бераг Дунаю, дзе месьцiўся гарадок Байя. Там была пераправа. Але на пераправу нас не пусьцiлi, заградатрад хацеў усiх заарыштаваць найперш за тое, што мы былi бяз зброi. Як дэзэртыры цi тыя, што хочуць здацца ў палон. Свой штатны ТТ пасьля раненьня я змушаны быў здаць у полк, а «вальтэр» у мяне адабралi ў шпiталi — «з аружыем не паложана». Ад заградатраду выбавiла нас Галя, мы пайшлi нiжэй па Дунаi i пераправiлiся церазь яго па лёдзе, мiж шугi i палонак. Перайшлi Дунай, пераначавалi ў нейкай хаце — мокрыя, утраiх на адным ложку. Назаўтра дабрылi да новага шпiталю. Рана мая была лёгкая, там зь яе выцягнулi асколак, застаўся толькi невялiчкi абломак, якi ў мяне i дагэтуль. Нашу ў руцэ як памяць.

У тым тылавым шпiталi ў Сегедзе я быў нядоўга, пад канец месяца выпiсаўся. На спадарожных машынах скiраваў у аддзел кадраў армii, дзе атрымаў накiраваньне — на гэты раз вышэй, у армейскую супрацьтанкавую брыгаду (ШТАБР). Там былi 76-мм гарматы, што мне здавалiся асiлкамi пасьля мае саракапяткi. Памятаю, iшлi ў Дунапатай, дзе фармавалася брыгада, з двума лейтэнантамi — Iвановым i Рыжковым. Гэтыя па вайсковай адукацыi (яшчэ даваеннай) належалi да карпусной артылерыi i дужа бедавалi, што iх заслалi цяпер у супрацьтанкавую, дзе «ствол доўгi, а жыцьцё кароткае». Але iх паслалi туды пасьля штурмбату, у якiм яны адбылi свой тэрмiн, бо з’яўлялiся акружэнцамi i да вызваленьня прасядзелi ў Адэсе. Яны, апанураныя, бедавалi, а я радаваўся, бо для мяне тое было падвышэньнем. Я вырываўся з пакутнiцы-пяхоты.

У лютым наш полк (IПТАП) сваiм ходам выехаў на фронт i заняў пазыцыi ззаду за пяхотай. То быў супрацьтанкавы абаронны раён (ПТОР) на кiрунку верагоднага прарыву нямецкiх танкаў. Гэтая верагоднасьць была вызначана кiмсь з д’ябальскай дакладнасьцю, бо хутка гэты полк быў дашчэнту разгромлены за адзiн ранак. Амаль нiчога не засталося: нi гарматаў, нi нашых цягачоў — «студэбэкераў». I гэта за тры месяцы да канца вайны, i такая колькасьць танкаў. (Адкуль яны бралiся, можна прачытаць у нядаўна перакладзеных успамiнах Альбэрта Шпэера, рэйх-мiнiстра па ўзбраеньні. Ён там распавядае, як перабудаваў нямецкую вытворчасьць на вайсковы лад. У тым лiку i на выпуск танкаў, самалётаў i ўсяго iншага, чаго ў iх хапала да канца вайны.)

Што да Венгрыi, дык немцы ўсю зiму грамiлi там два ўкраiнскiя франты — Малiноўскага i Талбухiна. Калатнеча была страшэнная, але яна засталася амаль невядомай у Саюзе, замоўчанай савецкiмi СМI. Толькi пасьля апублiкаваньня мэмуараў маршала Малiноўскага стала вiдаць, што абстаноўка ў Венгрыi склалася тады катастрафiчная. Немцы разграмiлi некалькi нашых армiй (асаблiва дасталося 3-му Украiнскаму фронту маршала Талбухiна), выйшлi да Дунаю. Мяркуючы па ўсiм, Сталiн ня ведаў, як ратаваць фронт, i, паводле сьведчаньня Малiноўскага, даў права яму i Талбухiну вырашыць: пакiдаць фронт на правым беразе цi эвакуяваць яго на левы. А што такое — эвакуяваць фронт? Гэта ж маса войска, тэхнiкi, зноў жа — тылы.