Пераправы ж былi ўсяго дзьве, — пантонныя цераз Дунай. I Малiноўскi пiша, што яны з Талбухiным прынялi рашэньне эвакуяваць, каб выратаваць фронт. Але ў тыя днi якраз пайшоў лёд па Дунаi, шуга, якiя i зьнесьлi абедзьве наплаўныя пераправы. Такiм чынам, фронт павiнны быў ратаваць сябе сам. Там шмат загiнула, а мы ўратавалiся. З ранейшай маёй дывiзii мала каго засталося. Зараз наладжваюць сустрэчы франтавiкоў, i я кожны раз пытаюся, хто ёсьць з 924-га палку? Некалькi тылавiкоў, доктар з санчасьцi ды тыя, хто, як я, выбыў па раненьнi ў сьнежнi. I вось я ваюю ў артылерыйскiм супрацьтанкавым палку. Увогуле, малапрыемная справа апынуцца сярод незнаёмых людзей у якасьці новенькага, да каго ўсе прыглядаюцца, бы правяраюць. Я ўжо ведаў тое паводле ранейшага вопыту і стараўся не спудлаваць. Тое, што звычайна даравалася свайму, сталаму, наўрад ці даравалі б новенькаму. Гэта ў рознай ступені адносілася як да начальства, так і падначаленых, роўных табе таксама. Сталы можа дзе і спалохацца, лішне засьцерагчыся, новенькі ж ня мае на тое права.
А ўжо калі спатрэбіцца кім ахвяраваць, ці кім рызыкнуць, дык тут новенькі будзе якраз дарэчы. Але тое няпроста, як і ўсё на вайне. Найперш таксама аказваецца, што нашыя 76-мм гарматы супраць танкаў малаэфэктыўныя. Увогуле тая гармата — не супрацьтанкавая, проста яе выкарыстоўваюць у гэтай якасьцi. Бо iншых няма. Адлегласьць прамога стрэлу ў яе малая, прабойная сiла снараду таксама. Прыцэльныя магчымасьцi кепскiя — горшыя, чым у саракапяткi. Наогул якасьць зброi — заўсёды наша самае злабадзённае пытаньне. У шпiталi цi дзе ў зацiшку мы болей за ўсё пра тое гаворым — якая гэта дрэнь нашы аўтаматы, кулямёты, гарматы ды i танкi. Але на палiтзанятках пра тое сказаць немагчыма, бо ва ўсiх газэтах напiсана, што наша зброя лепшая за нямецкую, што ў немцаў усё дрэнь ды эрзацы. I хлеб, i мыла, i кава. Ды яшчэ сьмярдзючы дуст, якiм яны перасыпаюць усё ў блiндажах. Куды лепей, як мы, вошы смажыць у бочках. Часам нам чытаюць загады пра выпадкi, калi некаторыя афiцэры асуджаны вайсковым трыбуналам за пахвалу нямецкай зброi. Тым болей нямецкай тактыкi. Нашая тактыка таксама лепшая за нямецкую, чуем мы, i толькi некаторыя з нас пры тым крыва ўсьмiхаюцца. Але маўчаць. Тады мы таксама займалi ПТОР — гэта значыць, разьмяшчалiся на танканебясьпечным напрамку, на прамой наводцы. Да пярэдняга краю, можа, кiлямэтры два. Стаiм, вiдаць, з тыдзень. Увогуле спакойна, хiба толькi даймае нямецкая авiяцыя. Але дзе яна не даймае? Цераз дарогу ад маiх гарматаў разьмяшчаюцца агнявыя пазыцыi майго сябра лейтэнанта Беражнога, якi дужа любiць кнiжкi, заўсёды нешта чытае. Я таксама люблю пачытаць. Неяк узяў у яго «Сястру Кэры» Драйзера, але прачытаць не пасьпеў, i ўвечары ён прыйшоў да мяне па кнiжку. Я папрасiў адтэрмiноўкi, i Беражны пайшоў на свае пазыцыi. А ранкам прачынаюся ў зямлянцы (зямляначкi ў нас былi дужа саплiвенькiя). Прачынаюся ад прадчуваньня таго, што нешта здарылася. Сьпярша не магу зразумець, што? Страшэнны роў, дым i агонь. Выскокваю зь зямлянкi i зноў не магу зразумець нiчога. Нiчога не вiдаць, дым есьць вочы.
Зьверху нешта абрушваецца, падае, вые. Быццам сырэны. Аказваецца, пiкiруюць «месэршмiты». А ў нас на агнявой была скрынка ракет — звычайных для ракетнiц на выпадак начной стральбы. Дык самалёты абстралялi i падпалiлi ракеты. Тыя гараць i ўзрываюцца. Асколкаў няма, але… Ракеты там асьвятляльныя, каляровыя, букетныя, усё гэта гарыць, пыхае, iрвецца, i роў абрынаецца зьверху.
Адзiн самалёт адыдзе, за iм пiкiруе другi, i з кулямётаў лупяць. Я ўжо ня памятаю, цi яны адляцелi, цi яшчэ пiкiравалi, але мы пачалi тушыць пажар. I вось тады да нашага слыху данеслася, што насоўваецца i горшае. Зямля хадуном захадзiла, дрыжыць i, канешне, — знаёмы гул. Калi ветрам трохi аднесла дым ад гарэлых ракетаў, зiрнуў я на дарогу, што была збоч. А трэба сказаць, полк разьмяшчаўся так: дзьве батарэi з гэтага боку, тры з таго. Тое называецца — асядлаць дарогу. Дык вось па той бок дарогi за пасадкай прэ натоўп танкаў. Здалося, менавiта натоўп, iдуць суцэльным гуртам, бы каровы на вадапой. Нiякага там баявога парадку, толькi пярэднiя страляюць з гарматаў. Вось так, не спыняючыся, прайшлi i палову нашага палку, бы зьлiзалi. Бы яго i не было — нi гарматаў, нi машын, нi людзей. Тут да мяне прыбягае камбат, старшы лейтэнант Ахрын (жыве ў Нiкалаеве, зрэдчас мы перапiсваемся): «Вытаскiвай пушку, падагнаць машыны!.. Матаем адсюль!»