Выбрать главу

Падагналi «студэбэкеры», выцягнулi гарматы i некуды ўбок. Па рацыi камандзiр палку загадаў — наперарэз танкам. Але тут трапiлi ў нейкае забалочанае кустоўе, машыны пачалi грузнуць, пасьля прабiралiся па зарослых дубняком пагорках. Вядома ж, спазьнiлiся куды трэба было i трапiлi пад абстрэл з танкаў, якраз на палявым касагоры, якi выдатна прастрэльваўся зь сяла. У нас было машынаў дваццаць, гармат меней — дзьве батарэi. I мы рашылi, што трэба прарывацца па адной машыне. Машына разганяецца i як мага шпарыць па касагоры, а танкi страляюць. Так адна пройдзе, а другую спаляць. Я праскочыў, не пацэлiлi. Iншых пападбiвалi i папалiлi…

Яшчэ празь дзень засталася ў нас адна мая гармата з машынай, радыёстанцыя i штабная машына. Астатнiя ўцалелыя пайшлi iншым кiрункам, бо ўсiм разам прайсьцi было нельга. Але з намi камандзiр палку палкоўнiк Парамонаў, штаб, некалькi тылавiкоў i аўтаматчыкаў. Прыпынiлiся ноччу ў нейкiм венгерскiм фальварку — вялiкi дом пад чарапiцай, стайнi, аборы. Наперадзе шырокi магiстральны канал, там пантонная пераправа, i нам трэба на той бок. Але пераправа ўжо захопленая немцамi, нам далей ходу няма. Пад кустоўем у канцы падворку паставiлi гармату. Перад намi шырокi роў, а за iм дарога на пераправу. I на гэтую дарогу ўранку хлынуў усё той жа танкавы натоўп. У паветры — гул, гром, лязгат гусенiцаў, нават блiзка нiчога нельга пачуць.

I тут прыбягае да мяне парторг — камандзiр палку загадаў адкрыць агонь. Ну што ж, агонь дык агонь. Але цi доўга так пастраляеш? Наводчык прыцэлiўся i стрэлiў. Я побач сачу — цi пацэлiў? Ды бачу, снарад пайшоў высока ў неба. Што такое? — крычу наводчыку, той удакладнiў на панараме прыцэл. Зноў стрэлiў. Я чакаю, каторы танк спынiцца, ды дзе там! Снарад б’е ў зямлю побач. Тады кiдаюся да гарматы… А ў ёй ёсьць такi механiзм — паралелаграм зь цягай, якая злучае панараму са ствалом. Куды ствол, туды i прыцэл — паводле iдэi. Але як мы цягалi гармату па лясах i пагорках, зрушылi тую цягу, i цяпер панарама i ствол не паралельныя. Трэба рамантаваць.

Далажыў парторгу, той пабег дакладваць камандзiру палку. Разумны чалавек быў наш палкоўнiк Парамонаў, вылаяўся i махнуў рукой. Бо што тут можна зрабiць? I хто вiнаваты? Пакуль мы мiтусiлiся, танкi прайшлi на пераправу i за пераправу. А нас тым часам з вышынь за каналам пачалi абстрэльваць свае цяжкiя мiнамёты. Мабыць, бачаць, што сноўдаюць нейкiя людзi, во яны i б’юць, толькi чарапiца з дахаў разьлятаецца. Тут мяне клiча камандзiр палку i, паколькi я праштрафiўся, дае заданьне перабрацца за канал i наладзiць сувязь з тымi мiнамётчыкамi. Для таго выдзяляе мне чалавек пяць артылерыстаў, нейкiх прыблудных сапёраў i нашага батарэйнага старшыну Жарава.

Што ж, сабралася група чалавек дванаццаць, прыгнуўшыся, пабеглi па полi. Але далёка не адбеглiся, гляджу — нiчога ня выйдзе: тыя з-за каналу адразу накрылi нас агнём. Залеглi, што рабiць? Двух паранiла ўжо, некага забiла.

Старшыне асколак у задняе месца ўпiўся. А да каналу яшчэ iсьцi ды iсьцi… Мiнамётчыкi, канешне, падумалi, што гэта немцы. Ну i вырашыў я вярнуцца. Забралi двух параненых, забiтых пакiнулi, i ўсё пад агнём, мiж разрываў прыйшлi на фальварак. Камандзiр палку нават ня лаяўся, сам усё бачыў.

Праўда, мiнамёты неўзабаве перанесьлi агонь далей, рашылi, мабыць, што з фальваркам скончана. I мы там неяк даседзелi да ночы. Ноччу вырашылi прарывацца, бо iншага выйсьця няма. Паслалi лейтэнанта Борматава (цяпер палкоўнiк, жыве ў Крывым Розе) разьведаць пераправу — цi цэлая. Цi, можа, мiнамётчыкi яе ўжо расстралялi. Аказалася, пераправа цэлая, канешне, пад аховай (побач стаяць два бронетранспарцёры) i пад’езд да яе перагароджаны шлягбаўмам. У нас адна гармата, машына з радыёстанцыяй, яшчэ машынаў штук пяць. Першым пусьцiлi мой «студэбэкер», затым астатнiя. Задача — зьбiць шлягбаў м i праскочыць на той бок каналу. Але i на тым беразе таксама немцы, пасьпелi ўжо захапiць пляцдарм. Чуваць, там iдзе бой, усё грукоча i грымiць. Мы з камбатам стаiм на падножках абапал кабiны, у кузаве салдаты са зброяй напагатове. У прыцемках пад’ехалi да шлягбаўма, насустрач выскачыў немец з кружком чырвоным, блiснуў нам, штось крыкнуў… «Студэбэкер» усё ж магутная машына, як урэзаў ён у гэты шлягбаўм, той i адляцеў. Мы праскочылi цераз пантоны на той бок, там адразу каменны дом i паваротка на вулiцу. А ззаду пачалася стралянiна, але мы па гэтай вулiцы рванулi, як толькi можна было ў прыцемках. Здаецца, усе праскочылi, толькi самую заднюю машыну падбiлi. Адразу за паселiшчам прыпынiлiся, бо нас абстралялi ўжо свае, паранiлi двух салдатаў у кузаве i прабiлi кола ў маiм «студэбэкеры».