Выбрать главу

Па наплыўным мосьце цераз прыгажун Дунай пераехалi ў братнюю Балгарыю, дзе мне наканавана было пражыць год. Балгары спатыкалi нас, бы родных, бы вызвалiцеляў, якiх вечна любiлi. Варта было сысьцi з машыны, як цябе тут жа абкружалi сяляне: братушкi, братушкi, добра дошлi! Тут жа паяўлялася чарка або кварта, пiлi за Расею, за Балгарыю, за вечную дружбу. Здавалася, той дружбе ня скончыцца век. (Як праз 20 гадоў я зноў прыехаў у Сафiю, пачуў ад балгараў такi анекдот. Да дзеда Тодара ў вiнаграднiк прыбягаюць дзецi, радасна кажуць: дзед Тодар, дзед Тодар, рускiя на Месяц паляцелi! Дзед выпрастаўся. Што — усе? Слава табе, Гасподзь!) Дваццацi гадоў хапiла, каб ад векавой дружбы нiчога не засталося. Апроч хiба маляўнічых абдымкаў Брэжнева з Жыўкавым.

А тады пачалося нуднае гарнiзоннае жыццё ў вайсковым гарадку на Плоўдзiўскай шашы ў Сафii. Як звычайна — пад’ём, зарадка, развод на заняткi, гарнiзонная служба, нарады. У горад да восені нiкога не пушчалi. Усе — салдаты i афiцэры, маладыя i старыя — тамiлiся на сьпякоце за калючым дротам вайсковага гарадку. Бальшыня афiцэраў, асаблiва маладых, пасьля вайны служыць не хацелi, хацелi дадому, дзе заставалiся родныя, якiх ня бачылi ўсю вайну. Уся наша радасьць была купiць пару бутэлек вермуту, што з таго боку прыносiлi да дроту, i выпiць. Таму пiлi — i афiцэры, i салдаты. Да восенi нiкога не дэмабiлiзавалi, таму ўсе разам — маладыя, 18-гадовыя, i старыя, да 50 гадоў, — вучылi вайсковыя статуты, будову матчасцi i палiтыку на рэгулярных палiтзанятках. Сьпярша нашыя адносiны да англа-амэрыканскiх саюзьнiкаў былi ляяльныя, усё ж мы памяталi, хто нам памагаў у вайну, чыю мы елi тушонку, на чыiх аўтамабiлях езьдзiлi. Але затым раптам, бы па камандзе (канешне, па камандзе, як у нас усё робiцца) тыя адносiны зьмянiлiся, i мы пачулi ад нашых камандзiраў ды палiтрукоў, што найпершыя цяпер нашыя ворагi [ — ] гэта Амэрыка з Англiяй. Таму трэба пiльнасьць i пiльнасьць! Не паддавацца на правакацыi i мацаваць боегатоўнасьць.

Увосень салдатаў некалькiх узростаў (да 1924 году нараджэньня ўключна) дэмабiлiзавалi, афiцэраў пакiнулi. Я напiсаў некалькi рапартаў аб дэмабiлiзацыi, нiводнаму зь iх не далi хады. Служы, прафэсiя афiцэра ў нас прэстыжная, быў адказ. Я не хацеў служыць нават у блаславёнай краiне Балгарыi, я хацеў дамоў, у бедную маю Беларусь, хацеў вучыцца. У партыю на фронце я не ўступiў, хапiла мне камсамолу, якi таксама нямала дапёк. Цi не заўсёды я быў камсоргам батарэi, дзе клопату было няшмат, але цяганiны хапала. Найперш сходы, паперы, баявыя лiсткi… А галоўнае — на кожны тыдзень, месяц, квартал — пляны мерапрыемстваў, дзеля блiзiру, бо нiхто iх выконваць i не зьбiраўся. Але за тым сачылi нампалiты, у якiх iншых абавязкаў i не было. Надакучыў мне камсамол. Але неяк паклiкаў нампалiт камандзiра палку, кажа: «Быкаў, а калi мы выберам цябе камсоргам палку? Пасада вызваленая, пойдзеш на самастойную работу, на заняткi хадзiць ня трэба. Ты афiцэр граматны, вучылiшча скончыў, думаю, справiшся…». Камсамол мне абрыдзеў, але i заняткi штодзень у сьпёку i непагадзь — таксама ня мёд, i я пагадзiўся. На чарговым сходзе быў аднагалосна абраны камсоргам. Яшчэ празь нейкi час той жа нампалiт кажа: «Камсорг палку павiнны быць членам партыi, таму трэба табе ўступiць. Я дам рэкамэндацыю». Toe ўжо было горш, я ведаў, што членства ў партыi — гэта рабства душы, што я перастану належаць сабе, а галоўнае — тады бывай дэмабiлiзацыя i ўсе мае мары.

Але жыцьцё цi лёс распарадзiлiся iнакш. Не паводле нампалiта маёра Цквiтарыя, нi паводле майго жаданьня. Увосень нас пачалi пушчаць у горад — у вольны ад службы час, i афiцэры, бы застаялыя ў загарадках конi, рынулiся на гарадзкую волю. У слаўную, стаўшую ўжо мiлай нашаму сэрцу Сафiю. На плошчы Народнага сходу, якраз насупраць помнiка цару-вызвалiцелю ўлады зрабiлi Дом афiцэраў, вядома ж, з рэстаранам, у якiм можна было найперш выпiць i закусiць. Канешне, такi выпадак грэх было ўпусьцiць, i мы яго не ўпускалi. Абы былi грошы.

З грашыма часам здаралася напруга. Заробак узводнага быў невялiкi, да таго ж шмат у каго былi адасланыя грашовыя атэстаты родным i блiзкiм. Я таксама паслаў атэстат сваiм на 600 рублёў, прыкладна столькi ж атрымлiваў на рукi. Аднойчы, памятаю, у суботу добра выпiлi ў рэстаране (кампанiя чалавек шэсьць), але не хапiла. I вiна, i грошай. Тады Лёшка Рыжкоў i кажа: «Быкаў, ты ж, здаецца, зьбiраў камсамольскiя ўзносы, дзе яны?». У сэйфе, кажу. «Дык што ж яны ляжаць у сэйфе, марнуюцца. Грошы павiнны працаваць. Давай, а ў панядзелак палучка, усё вернем». Эх, Лёшка, якi ты разумны, мабыць, падумаў тады не адзiн я. Паехаў, забраў з сэйфа што там было, i слаўна мы дагулялi той дзень у рэстаране насупраць царавызвалiцеля.