Сябраваў я там з многiмi, былi адпаведныя майму чыну кампанii. Займеў у iх пэўную рэпутацыю, асаблiва пасьля здарэньня з камсамольскiмi ўзносамi. Гэта начальства за тое на мяне ўзьелася, а сябры — зусiм наадварот. Неяк зблiзiўся зь лейтэнантам Дзiбнерам, якi служыў у штабе. Той быў родам зь Ленiнграду, у якiм жыве i дагэтуль (мы зрэдку перапiсваемся, перазвоньваемся. Ён цяпер — доктар геалягiчных навук, спэцыялiст па геалёгii Арктыкi). Тады мы зрэдчас хадзiлi разам у горад. Вiталь любiў выпiць шклянку вiна, а галоўнае — шмат расказваў пра свой Ленiнград, якi я нiколi ня бачыў. Ён быў старэйшы за мяне, да вайны скончыў унiвэрсытэт i быў дужа адукаваны, што вельмi iмпанавала мне.
Другi мой сябра быў хлопец iншага складу. Ня буду называць яго прозьвiшча, але гэта таксама быў наш узводны, старшы лейтэнант, якога я [зваў] Валодзя. Родам ён быў з Уладзiвастоку, хаця ня надта распавядаў пра свой горад. Ён быў захоплены iншым горадам — Соф’яй, як яго называлi балгары. I аднойчы захапiўся дзяўчынай, балгаркай. Канешне, на сваю бяду… Рэч у тым, што тады ўсе i ўсялякiя нашы кантакты з iншаземцамi ня толькi не дазвалялiся, а жорстка прыпыняліся. Нельга было i небясьпечна пасябраваць з балгарынам, калi выпiць зь iм цi нават некалькi разоў запар сустрэцца, каб тое не рабiлася вядома нашаму мiламу с ь м е р ш у, якi за мяжой шчыраваў з падвоеным iмпэтам. Валодзя ня толькi пасябраваў, ён закахаўся ў студэнтачку Веру, дачку нейкага высокага балгарскага ўрадоўцы, члена ЦК балгарскай кампартыi. Валодзя меркаваў, што тая акалiчнасьць — членства яе бацькi ў ЦК — яму штосьцi дазволiць. Аказалася, нiчога не дазволiла.
У балгарскi пэрыяд нашага жыцьця хутка ўспыхнуў i незвычайна абвастрыўся сум па далёкай радзiме. Дужа хацелася дамоў. Для спатканьня з роднымi, якiх ня бачылi даўгiя гады, а таксама са звыклай зь дзяцiнства прыродай, ландшафтам, побытам. Родныя мясьцiны сьнiлiся ноччу i клiкалi да сябе, кранаючы душы, гучалi галасы бацькоў, што даходзiлi ў сумных лiстах. На радзiме быў голад i бязладзьдзе, мы ж у Балгарыi жылi ў адноснай сытасьцi, хацелася дапамагчы, чым было можна. Аднак, выслаўшы атэстат, сам застаўся з капейкамi — толькi на цыгарэты. Toe дужа хутка азмрочыла мой паўсядзённы побыт. Амаль увесь вольны час, якога, зрэшты, было няшмат, мы бавiлi ў горадзе, мiлай Сафii. Там былi мастацкiя музэi, дзе я зь цiкавасьцю i ўпершыню разглядаў некаторыя творы буржуазнага, «салоннага» жывапiсу, першы раз пабываў у оперы, вядома ж, на расейскiх спэктаклях («Евгений Онегин», «Князь Игорь»). Балгары тады i пасьля ставiлi найболей расейскiя творы. Неяк у вулiчным натоўпе са зьдзiўленьнем назiраў, як адмыслова прывезеныя для таго з Расеi экскаватары i бульдозэры бурылi каменную агароджу царскага палацу ў цэнтры Сафii. Якi энтузiязм панаваў тады сярод люду — прагналi цара-крывапiйцу! (Каб праз паўстагодзьдзя зь няменшым энтузiязмам вiтаць ягонае вяртаньне.) Палiтычны клiмат у краiне ўсё болей вызначалi камунiсты — мясцовыя з падтрымкай i пад кiраўнiцтвам прыезджых дарадцаў. Неўзабаве пачалi выкрываць ворагаў балгарскага народу, здраднiкаў, кшталтам Васiла Каларава, якiх патрабавалi расстраляць. Што i было зроблена. (Ведама ж, як не зрабиць, калi народ просiць.) На такiм палiтычным фоне пачалося i доўжылася Валодзева каханьне: бацька ягонай каханкi, здаецца, трапiў у апалу. Валодзя пачаў таiцца, усяляк хаваць свае сустрэчы зь Верай. На вулiцы тое было складана, на кватэры ў яе бацькоў немагчыма. У гарнiзоне за iм, вядома, было наладжана сачэньне, сьмерш сачыў за кожным крокам. Некалькi разоў яго выклiкалi i папярэджвалi. У парткаме пагражалi выключыць з партыi. Валодзя не хацеў быць выключаным, бо тады б яго адразу выслалi на радзiму, ён хацеў быць зь Верай. У такi час ён даверыўся мне i прасiў дапамагчы. Гэта мы зь iм хадзiлi ў той выхадны на Вiташу, дзе ён астаўся начаваць. Чамусьцi той факт яму трэба было ўтаiць, i ён папярэдзiў мяне, каб я сказаў (калi паклiчуць), што мы ўвечары разам вярнулiся ў горад i я ўвесь час быў зь iмi. Розныя запiскi Веры, яе фотаздымкi ён хаваў сьпярша пад верхняй дошкай нашага стала ў iнтэрнаце, пасьля, як згледзеў, што iх там хтось апароў, перадаў мне. Я насiў iх у сваёй палявой сумцы — на заняткi, у поле, артпарк. Але аднойчы не знайшоў iх там — скралi, калi я абедаў у сталоўцы. Мяне паклiкалi ў аддзел контрразьведкi i пыталiся пра Валодзю. I пра тое, што было ў ягоных тых паперах. Я сказаў, што чужых папераў не чытаю. А калi б там былi шпiёнскiя зьвесткi, — спыталiся ў мяне, — i вас залiчылi ў шпiёнскiя сувязьнiкi? Што я мог iм сказаць? Там былi лiсты пра каханьне, я ведаў гэта, хоць i не чытаў iх.