Выбрать главу

Валодзю арыштавалi, паклiкаўшы ў палiтаддзел. Iдучы туды, ён прадчуваў тое i толькi шапнуў мне: у шэсьць нуль-нуль схадзiць на Арлоў мост i перадаць Веры, каб не чакала. Што я i зрабiў. Пра лёс Веры нiчога не дазнаўся, бо хутка расфармавалi брыгаду i нас раскiдалi па розных месцах Балгарыi. Адрасу яе я ня ведаў. (Вось яшчэ адзiн нерэалiзаваны — «негатыўны» сюжэт з маёй далiтаратурнай бiяграфii.)

Нядоўгi час пасьля я правёў у стралковай дывiзii пад Бургасам, але i тую расфармавалi, вывеўшы на станцыю Кодыма Адэскай вобласцi. Са станцыi Унгены мы iшлi пешым маршам — якраз па тых месцах, дзе два гады таму ваявалi. У тое лета на поўднi панавалi страшэнная засуха i яе звыклы спадарожнiк — голад. Малдаўскiя сёлы стаялi панiклыя, безь людзей, людзi сышлi на поўнач — Украiну, Чарнаўцы. Забег я ў сяльцо пад вышынёй, куды хадзiлi ўначы i дзе нас ледзьве не захапiлi ў палон. У тым сяльцы я не сустрэў нiводнага чалавека, яно зусiм абязьлюдзела. Не было i гаспадара, якi частаваў нас курацiнай. Адна лебяда ў дварах, поле чорнае, выпаленае сьпякотай. У вайну не было гэткага…

Улетку я быў ужо ў Мiкалаеве, у тамашняй стралковай дывiзii. Дывiзiя стаяла ў летнiх лягерах пад Цярноўкай за Бугам. Упершыню тады давялося напоўнiцу зьведаць усе пяшчоты стэпавага поўдню. Найперш далiся ў знакi вецер, пыл i пясок. Страшэнная сьпёка, i нiдзе нiводнага дрэўца. Усё ў пыле — пасьцелi ў палатках, пыл на сталах у летняй сталоўцы, на посудзе, на апратцы людзей. Неаднойчы тады ўспамiнаў я нашы мiлыя лясы-пералескi, клёны i дубы прысадаў, iх паласатыя ценi цераз вулiцу. Прыгажуны — лясныя азёры… Праўда, тут блiзка была рака, але ля ракi патрулi — пiльнуюць, каб нiхто не падышоў i блiзка. Такi ўжо спрадвечны прынцып у войску: куды трэба, туды не пушчаць. I гнаць, куды нiкому ня трэба. Усе заняткi на голай, без травы, стэпавай роўнядзi, усё назiраецца са штабнога пагорку. Як заўсёды ў мiрны (ды i ваенны) час, заняткi, страявая i палiтпадрыхтоўка. Усё на сьпёцы, з ранку да вечару.

Там мяне ўпершыню пасадзiлi на гаўптвахту — утапiўся салдат. Пасьля заняткаў пайшоў самавольна на Буг, бухнуў ся ў ваду i ня вынырнуў. Можа, знарок, а можа, i не. Але хто вiнаваты? Вядома ж, камандзiр узводу. Хоць камандзiр у той момант быў на iнструктажы па палiтзанятках. Ды ўсё роўна пасадзiлi. На гарнiзоннай гаўптвахце парадкi катаржныя, — нi сядзець, нi ляжаць. У пяць пад’ём, лежакi выносяць. Каб не садзiлiся, на цэмэнтную падлогу вылiваюць пару вёдзер вады. Камэндант — зьвер. Мала банальных зьдзекаў, яшчэ ўносiць асабiсты элемэнт — увесь дзень люта лаецца, абражае апошнiмi словамi, бы ўласных заклятых ворагаў.

Пад восень захварэў, паклалi ў шпiталь. На гэты раз у самы здатны для таго час — перад iнспэктарскай праверкай. Шпiталь вокнамi выходзiў на пляц фiзгарадку. Iнспэкцыю прыехаў рабіць сам камандуючы Адэскай вайсковай акругай маршал Савецкага Саюза Г. К. Жукаў. Мы назiраем з другога паверху шпiталю, як ён тое робiць. Усiх афiцэраў — маладых i старых — пастроiлi ў шэраг ля фiзкультурнага снараду «кабылы». Камандзiр палку камандуе: упярод! Да кабылы валюхаста бяжыць якi-небудзь лысы, таўставаты, гадоў пад 50 маёр, камандзiр батальёну, робiць спробу пераскочыць, ды дзе там, саступае ўбок. Наступны — тое ж самае. Ну, маладзейшыя, узводныя пераскокваюць, i то ня ўсе. Хто не пераскочыў — у асобны шэраг. Такiх апынулася бальшыня. I маршал пачынае мацюгацца: зажралiся, распанелi, ня хочаце добрасумленна служыць савецкай радзiме, вялiкаму таварышу Сталiну… Во як трэба — вучыцеся! Падтыкае пад дзягу полы шыняля, кароткая разьбежка i — гоп! Пераскочыў. I загадвае камандзiру палку: трэнiраваць! Як натрэнiруюцца, далажыць. Сеў у свой «вiлiс» i паехаў. «Дурак, хоць i Жукаў», — кажа яму ўсьлед сiвы начфiн артпалку.