Выбрать главу

Увечары адзiн хворы, капiтан-артылерыст, якi ў вайну служыў на Першым Украiнскiм фронце, распавёў, як камандуючы фронтам Жукаў лiквiдоўваў увосень 43-га нямецкi прарыў пад Жытомiрам. Езьдзiў, як заўсёды, на «вiлiсе» з бронетранспарцёрам галаварэзаў-аўтаматчыкаў i бартавым аўтамабiлем ваеннага трыбуналу. Дзе якая няўстойка, хапаў першых жа, хто трапляў пад руку, — салдат цi афiцэраў — загадваў аўтаматчыкам расстраляць. З кiшанёў яшчэ не астылых трупаў трыбунальшчыкi даставалi дакумэнты і афармлялi прысуд. Маршал сам не забiваў i нiчога не падпiсваў, тое рабiлi iншыя — паводле ўсiх правiлаў вайсковай юрыспрудэнцыi.

Позьняй восеньню перайшлi на зiмовыя кватэры. Салдаты — у старыя, мiкалаеўскага часу казармы, афiцэры — хто куды, на прыватныя кватэры. Перад тым я спаткаў майго сябра Вальку Бахцiгозiна, зь якiм разлучыўся ў Сафii. Валька ўсё малодшы лейтэнант, але служыць у артпалку, дзе, канешне, болей прэстыжна i спакойна, чым у стралковым. Валя ўзяў мяне да сябе на кватэру, якую нядаўна зьняў у старой адзiнокай бабулi. Бабуля пусьцiла нас з умовай, што на зiму мы дастанем ёй дроў. Мы абяцалi, хаця дзе iх дастаць, ня ведалi самi. Зрэшты, так i не дасталi i перажылi зiму ў няпаленай хаце, амаль не распранаючыся нанач. Харчавалiся ў сталоўцы, разам з салдатамi: суп вермiшэлевы, каша пярловая, чай, часам кампот. I то добра. Гараджане i таго ня мелi, жылi голадна, прадукты — па картках. У горадзе можна было купiць шклянку вiна — сухога цi паўсухога. Звычайна вырашалi, колькi градусаў, што будзе мацней? Што мацней, тое i пiлi. Але, як вядома, напой зь вiна слабы…

Вайна ў гэтым паўдзённым горадзе нiбы i не спынялася. Стралялi на вулiцах, асаблiва ўначы. Былi выпадкi нападу на нашыя каравулы, што ахоўвалi прадуктовыя склады. Нападалi на афiцэраў, рабавалi ўначы. Адзiн камандзiр роты, позна iдучы з казармы дадому (жыў далекавата, за паркам Пятроўскага), прыхапiў з сабой пiсталет, што ўвогуле не дазвалялася. Якраз ля парку яго спаткалi двое: зьнiмай шынэль, давай сапагi… Ротны дастаў пiсталет i стрэлiў, забiў аднаго. Другi ўцёк. I во суд ваеннага трыбуналу: за забойства грамадзянiна такога грамадзянiн такi (наш капiтан) прыгаворваецца да шасьцi гадоў лягероў. Пасьля суду капiтан кажа: «Якi ж я дурань! Хай бы яны мяне да кальсонаў распранулi, голы б дабег дамоў. А так…». Судзьдзi яму спачувалi, але — закон!

Я i тут падаў два рапарты на дэмабiлiзацыю, ды марна. I памалу страцiў надзею вырвацца з войска. Шкада было Вальку, якi сапраўды хацеў служыць, ды напрыканцы зiмы яго дэмабiлiзавалi. На разьвiтаньне мы выпiлi ў забягалаў цы, i я праводзiў яго на вакзал. Валька ехаў у свой сiбiрскi Ачынск да мацi. Для яго i вайна, i вайсковая служба скончылiся бяз радасьцi. Не выслужыў Валька нi чарговага званьня, нi ўзнагароды. Хоць ваяваў i служыў ня горш за iншых. А можа, нават i лепш. Але быў надта малады, дужа сумленны. I — наiўны. Хаця i я ня надта прыдбаў за вайну i службу — адну зорку на грудзi ды адну на пагоны. I ўсё. Ня тое што iншыя. Неяк спаткаў у кiнатэатры Валерыя К., былога аднакашнiка па Саратаўскiм вучылiшчы. Той ужо старшы лейтэнант i два ордэны на грудзях, служыць iнструктарам палiтаддзелу па камсамолу. I тады мне ўспомнiлася, як ён клапацiўся перад выпускам, зьбiраў рэкамэндацыi ў партыю. Мы яшчэ кпiлi: ня ўсё роўна, кiм цябе закапаюць — беспартыйным цi бальшавiком? Ён бы ня чуў нiкога i перад ад’ездам на фронт усё ж пасьпеў атрымаць кандыдацкую картку. А на Дняпры ў аддзеле кадраў, як сталi разьмяркоўваць па дывiзiях, яго пакiнулi ў палiтаддзеле. Тады мы i сьцямiлi — разумны ён чалавек, хоць i малады. Так i аказалася.

У лютым нечакана-неспадзявана далi водпуск, i я рынуў ся на радзiму. Ехаць давялося праз Крывы Рог, Харкаў, Гомель. На вакзалах пры перасадках было жахлiва — натоўпы людзей, вайскоўцаў i цывiльных, старых, жанок i дзяцей, чэргi i штурханiна… Неяк дабраўся з чамаданам да Падсьвiльля, дзе, ведаў, працуе ў бухгалтэрыi сястра Валя, пабудзiў яе ўначы, — вядома ж, на канцылярскiх сталах, дзе яна начавала зь сяброўкай. Ранiцай разам выправiлiся па сьнегавой дарозе празь лес у Кублiчы. Па дарозе сястра расказвала сваю крыўду, як пасьля нямецкага палону яе паслалi ва Усходнюю Прусiю — па каровы для калгасу. Месяц цi болей гналi вялiзны статак, даiлi i пасьвiлi па дарозе, баранiлi i даглядалi, самi заўсёды галодныя i халодныя. Але мусiлi трываць, бо абяцалi, як прыгоняць, даць карову, — нашую Акулярку ў 43-м зьелi партызаны, — i сястрычка трывала. Але як прыгналi, аказалася, што каровы патрэбныя для разьвiцьця калгаснай жывёлагадоўлi, i ганшчыцы засталiся з носам.

Дома радасна было, што ўсе жывыя, хата таксама цэлая, не спалiлi. Але хлеба няма, ашчаджалi крышку насеннай бульбы, а болей нi малака, нi мяса. Не засталося нават курэй, якiя некалi да вайны былi галоўнымi пастаўшчыкамi жабрацкага бюджэту. Увечары прыйшлi вяскоўцы, нядаўнiя партызаны, распавядалi, як перажылi вайну. Колькi зьведалi гора i крыўд! Ад немцаў, партызанаў, народнiкаў… У тым лiку i ад некаторых мясцовых, асаблiва з тых, якiя да вайны актыўнiчалi з Саветамi i ў вайну не прамiнулi ўслужыць акупантам. Але што ж, каму не хацелася жыць? Як таму ранейшаму нашаму старшынi калгасу Ягору, што трапiў у палон. Палонных трымалi ў лягеры пад Лепелем, мясцовых пушчалi дадому. Жонка пайшла па яго, ды Ягор не паслухаўся, дамоў не пайшоў. Кажа, дома адразу данясуць, што камунiст, i стрэльнуць. А тут мяне мала хто ведае, можа, перажыву вайну. Не перажыў вайну наш старшыня Ягор, загнуўся ў тым лягеры.