Выбрать главу

Зь першага пагляду горад мне спадабаўся, не такi ўжо i пабураны (хоць у цэнтры i траплялiся руiны некаторых будынкаў), але ў iм адчувалася пэўная «заходнасьць», рысы сярэднявечча — у старых будынках, касьцёлах, нават у брукоўцы вулiц. Зноў жа — два замкi i Нёман. Дужа гэта мiла здалося майму сэрцу, зьнябытаму на чужыне. Паўдня хадзiў па вулiцах, прыглядаўся, але куды зайсьцi не наважыў ся. Першую гарадзенскую ноч правёў на вакзале. Ранкам пайшоў шукаць майстэрню мастацкага фонду.

Майстэрня была якраз у цэнтры на вулiцы Клары Цэткiн — маленькi пакойчык у старым доме. За адзiным сталом сядзеў лысаваты чалавек у сьветлым гарнiтуры з ордэнам Чырвонага сьцягу на грудзях. То быў старшыня гарадзенскiх мастакоў Вiктар Марозаў, нядаўнi камандзiр супрацьтанкавай батарэi, якi, дэмабiлiзаваўшыся, застаўся ў Гораднi. Тут жа знаходзiўся стары мастак Дзежка, якога даймала хвароба Паркiнсона. Пасьля падышлi сiвавалосы вальяжны Iгар Васiльевiч Сямёнаў, чарнявы Ваня Пупiкоў, таксама былы артылерыст, яшчэ нехта. Выхаванец Варшаў скай акадэмii мастацтваў Аляксандр Кох звадзiў мяне на сваю кватэру, дзе я пакiнуў чамаданчык, а ягоная гаспадыня, мiлая гарадзенская полька, пачаставала мяне квартай малака з лустай хлеба. Мы хутка з усiмi паразумелiся, а каб замацаваць нашу шчасьлiвую сустрэчу, увечары пайшлi ў рэстаран, якi, вядома ж, называўся тут «Нёман».

Грошай у мяне было няшмат (выходное пособие), а пасьля рэстарану амаль не засталося нiчога. Затое я набыў сяброў, якiя мяне ўладкавалi за Нёманам на кватэру да сардэчнай Мар’i Iванаўны, што надоўга стала бы маёй другой мацi. Так, людзi i мастакi тут былi цудоўныя. Некаторыя зь iх (Марозаў, Сямёнаў, Парахня) былi вiртуозамi афармляльнае справы, прыгожа, з адмысловым густам пiсалi шрыфты. А ў той нашай справе галоўным былi менавiта шрыфты. Я, вядома, так ня ўмеў, таму глядзеў i вучыся. Але рэч у тым, што глядзець i вучыцца асаблiва не выпадала — было мала працы. Жывапiсных заказаў не было зусiм, i мастакi дужа мэнчылiся з тае прычыны. Ды iхнiя перажыванкi звычайна доўга не трывалi, ад таго быў звыклы мужчынскi сродак. Здабыць грошы на хлеб было цяжка, а то i немагчыма, затое на гарэлку здабывалi заўжды. Тут таксама былi пэўныя вiртуозы, i найлепшы сярод iх Вiктар Марозаў. Рэдка якi дзень абыходзiўся бяз выпiўкi — то, вядома ж, быў наш чорны дзень. Але надвячоркам усё ж нешта надорвалася, i я позьненька вяртаўся на сваю кватэру ў Занёманьнi. Toe для маёй Мар’i Iванаўны не было навiной, за шмат год гэта гаротная жанчына была ўжо добра загартаваная яе мужам, таксама дэмабiлiзаваным вайскоўцам. Горш, што кватарант паводзiў сябе ня надта этычна — за некалькi месяцаў не плацiў за кватэру. Адно абяцаў, ды ня меў чым. Увесь той год я прабыў у майстэрнi, разам зь iншымi перабiваўся выпадковымi заказамi. Аднойчы разам з Андрэем Засьпiцкiм, скульптарам i будучым ляўрэатам, ладзiлi вiтрыну кiнатэатра, увосень афармлялi ярмарку на Скiдэльскiм рынку. То быў мой апошнi заробак, якога, аднак, хапiла толькi на тое, каб пасядзець у рэстаране i заплацiць за кватэру. А ў пiтве я ўжо так напрактыкаваўся, што мог выпiць паўлiтра за раз. Сябры лiчылi, што тое нармальна, што я нарэшце дасяг агульнае нормы. Для мяне тое было ўсё ж цяжкавата, i я пачаў думаць, што рабiць далей. Тое, што трэба нешта рабiць, было пэўнасьцю. Толькi што? Што я ўмеў? Вучыцца? Але дзе i як? Нiякiх дакумэнтаў аб адукацыi ў мяне не было — усё праглынула вайна, апошняе засталося ў палявой сумцы на засьнежаным полi пад Севярынкай. Напiсаў у Саратаў, каб выслалi хоць бы якую копiю. Адказалi, што ўсе архiвы за ваенны час адпраўлены ў Бугуруслан. Напiсаў туды — атрымаў адказ, што з Саратаўскага ваеннага вучылiшча нiякiх дакумэнтаў не атрымлiвалi. Зьезьдзiў пасьля дамоў — у Кублiчах нi школы, нi знаёмых настаўнiкаў нiкога не было.

У Гораднi якраз непадалёк ад нашай майстэрнi была рэдакцыя абласной газэты «Гродзенская праўда». Часам у пiўнушцы на рагу дзьвюх вулiцаў мы сустракалiся зь некаторымi яе газэтчыкамi. Тады ў рэдакцыi працаваў бухгалтарам стары (год пад 70) палкоўнiк былой царскай армii, ён таксама заходзiў туды — выпiць з палучкi пiва. Калi-нiкалi мы размаўлялi, той распавядаў шмат цiкавага з свае царскай службы. Аднойчы ў хвiлiну п’янаватай добрасьцi ён i сказаў мне, што ня шкодзiла б падумаць пра сваю будучыню, i тым зачапiў нейкiя чульлiвыя струны ў маёй душы. Вы ведаеце беларускую мову, сказаў ён, а ў нас частку тыражу пачынаюць выпускаць па-беларуску. Зайдзiце ў сакратарыят, можа, будзе патрэба. Дзён праз колькi я сапраўды зайшоў у сакратарыят, дзе мяне спаткала Ганна Iльлiнiчна Цыпiна, старая газэтчыца, прапанавала напiсаць заяву па-беларуску. I, як мне здалося, паколькi не знайшла ў ёй занадта памылак, прыняла мяне на працу карэктарам беларускага выданьня. Трохi папрацаваўшы ў карэктарскай, перайшоў у сакратарыят. Пачыналася новая старонка маёй бiяграфii. Здавалася мне, што я выходзiў на нейкую прамую, але толькi здавалася. Наперадзе яшчэ былi выкруты лёсу, пякельныя рэцыдывы ўсё той жа ваеншчыны, якая ўпарта не хацела выпушчаць мяне з сваiх жалезных абдымкаў.