Выбрать главу

А пакуль у рэдакцыi было спакойна, мне падабалася. Працавалi тут амаль усе прыезджыя цi дэмабiлiзаваныя i хадзiлi спрэс у вайсковым — шынялях, гiмнасьцёрках, ботах. Загадчыкамi адзьдзелаў былi пераважна былыя палiтработнiкi-вайскоўцы, хiба за выключэньнем аддзела сельскай гаспадаркi, якiм камандаваў нядаўнi камбрыг Войска Польскага маёр Пётра Барэйка. Камандаваў, як i на вайне — энэргiчна i напорыста, асаблiва падчас суцэльнай калектывiзацыi Заходняй Беларусi. Натуральна, што з такiмi кадрамi карэктарам i стылiстам працы хапала, i наш рэвiзiйны карэктар Мiкола Аўчароў бясконца канфлiктаваў з усiмi, адстойваючы «сьвяшчэнныя» нормы расейскай граматыкi. Гэта быў увогуле адукаваны i пiсьменны чалавек, але наскрозь нешчасьлiвы. На пачатку вайны трапiў у палон, перажыў шмат гора-бяды, а як выбавiўся на волю пасьля перамогi, на радасьцi выпiў «не таго» сьпiрту i ледзьве не асьлепнуў. Да таго ж выявiлася, што яго даваенная жонка ня стала чакаць зьнiклага ў палоне мужа i выйшла замуж за палкоўнiка-чэкiста, а на прад’яўлены ёй здымак Аўчарова сказала, што гэта ня ён. Увесь час, колькi я ведаў Аўчарова, ён даказваў с ь м е р ш у, што ён — гэта ён, што жонка памыляецца. Атабарыўшыся ў Гораднi, ён разам з сваёй новай жонкай збудавалi нейкую будку з друзу i бiтай цэглы i жылi ў паўразбураным квартале былога пры немцах яўрэйскага гета.

Маiм калегам па сакратарыяце быў Георгi Цьвятнiцкi, чалавек трохi старэйшага за мой веку, сталы жыхар Гораднi, вельмi дасьведчаны, выхаваны на старой расейска-польскай культуры. Ня маючы вялiкай адукацыi, ён ведаў некалькi моваў i наогул ведаў усё. Калi ў каго ўзьнiкала якое пытаньне (апроч, вядома, марксызму-ленiнiзму), на якое не было адказу ў БСЭ, зьвярталiся да Георгiя Аляксеевiча, той, падумаўшы, адказваў. Апроч таго, ён, можа, адзiны ў тагачаснай рэдакцыi дасканала разьбiраўся ў палiграфii, рабiў вёрстку палос, разьметку шрыфтоў i ў гэтым сэнсе быў чалавек незаменны.

Большую частку майго рабочага часу адбiраў пераклад на беларускую мову расейскiх матар’ялаў, перададзеных па тэлетайпе агенцтвам БелТА. Усе яны былi не малыя памерам — розныя пастановы, прамовы, канешне, з адзнакай «тэрмiнова ў нумар», i мне даводзiлася iх дыктаваць Станiславе Фадзееўне — цi не адзiнай у рэдакцыi машынiстцы, што ведала беларускую мову. Часам пiсаў што-небудзь з драбноты па разьдзелу iнфармацыi. Тады ж у выхадны накрэмзаў першае апавяданьне пра апошнi дзень вайны. Намесьнiк рэдактара А. Салаўёў прачытаў i сказаў: очань значыцельна! Скупая яго пахвала дала веру ў нейкiя ўласныя здольнасьцi. Але наступнае апавяданьне напiсаў ня хутка. Прычынай таму зьявiлася немалаважная акалiчнасьць. У тыя гады, як заўжды на пачатку лета, пачыналiся вайсковыя зборы запасьнiкоў, i я атрымаў позву. Пайшоў да намесьнiка рэдактара — што рабiць? Той кажа: дамо паперку, iдзi да ваенкама, прасi, каб вызвалiлi. Пайшоў да ваенкама, аддаў паперку. Той незадаволена бурчыць: «Усе прыходзяць, суюць паперкi — свабадзiць. А каго я пашлю? Мне 140 чалавек трэба набраць, што — сам за вас пайду?». I сядзiць з паперкай i ручкай, вагаецца, што напiсаць? Я адчуваю, што вырашаецца мой лёс, i кажу: «Калi ня вызвалiце, дык рэдактар сказаў, будзе званiць у абкам». (Вось гэтага ня трэба было казаць, але зробленага ня вернеш.) Палкоўнiк кiдае ручку, паперку i крычыць: «Што — у абкам? Пляваць мне на ваш абкам, у мяне во — загад мiнiстра абароны, я яго выконваю. Усё! Iдзi. Пайдзёш на зборы!»

Гэтыя некалькi неабдуманых словаў вызначылi сутнасьць майго жыцьця на шэраг наступных год.

Назаўтра пайшоў на зборы — палатачны лягер у лесе непадалёк ад вёскi Грандзiчы, на беразе Нёмана. Тыя зборы адабралi ў мяне тры летнiя месяцы. Звычайныя вайсковыя парадкi, заняткi па артылерыi: падрыхтоўка дадзеных, артстралковая… На пачатку восенi — экзамэны, якiя «шэньцiла» мне здаць на пяцёркi. Прыйшоў у рэдакцыю, атрымаў водпуск. Аднойчы сустракаю на вулiцы знаёмага афiцэра, якi камандаваў намi на зборах, той пытаецца: «Ну што, Быкаў, гуляеш?» — Гуляю, кажу. — «Павестку яшчэ не атрымаў?» — Якую павестку? — «Хутка атрымаеш». Сказаў i пайшоў. I праўда, празь дзень выклiкаюць у ваенкамат — расьпiшыцеся. Выпiска з загаду мiнiстра абароны аб залiчэньнi лейтэнанта Быкава В. У. у кадры СА. Праз тры днi яўка ў часьць. Ну, што рабiць? Пайшоў да адказнага рэдактара, той моўчкi разьвёў рукамi. Давялося зьбiраць «кружку, ложку, кацялок». На гэты раз паехаў далей — у Слонiм. У сьвеце пачыналася шырокамаштабная халодная вайна з пэрспэктывай перарасьцi ў гарачую, спатрэбiлася болей войска. Слонiмская брыгада разгортвалася ў дывiзiю, без артылерыста лейтэнанта Быкава абысьцiся было немагчыма.