Выбрать главу

Аднойчы (тое было яшчэ на самым пачатку майго жыцьця на востраве) я раненька выправiўся на пiрс спаткаць катэр з Паўднёвага Курыльску, якi павiнен быў прывезьцi з рамонту стэрэатрубу. Але не прывёз, i я пайшоў з пiрсу на бераг. I тут спатыкаю таго капiтана, за якiм iдзе другi капiтан, начальнiк штабу батальёну, — чамусь у шынялi i без пагонаў, з маленькiм чамаданчыкам у руках. За iм салдат-аўтаматчык з нарыхтаваным ППШ. Яны хуценька зьбеглi па сходнях i схавалiся на катэры. Тое было дзiўнавата, бо начальнiка штабу я толькi ўчора бачыў на палкавой нарадзе. Што ж здарылася за ноч? Праз колькi дзён таксама на нарадзе кампалку аб’явiў, што капiтан Авяр’янаў арыштаваны за антысавецкiя размовы. А пасьля сталi вядомы i самi размовы. Аказваецца, капiтан аднойчы праспаў развод на заняткi (не пазванiў будзiльнiк), i ён, мацюгнуўшыся, памянуў злым словам «стахановское производство». Праз фанэрную сьцяну тое ўчуў начальнiк артылерыi батальёну, якi тады быў дома, i, канешне ж, стукнуў. Капiтан атрымаў 5 год лягероў. Сьмерш там лютаваў, як нiдзе. Адмысловых упаўнаважаных тае службы ў палку было цэлае падразьдзяленьне, i яны шчыравалi як мае быць. Iх «хiтры дамок» мясьцiўся якраз памiж казармай i салдацкай прыбiральняй — для зручнасьцi карыстаньня i эканомii часу. Занавешаныя акенцы там сьвяцiлiся да позняе ночы. Нават i пасьля адбою.

Напачатку я быў прызначаны камандзiрам узводу кiраваньня, абсталёўваў назiральны пункт, вёў дзяжурства i назiраньне за пэўным участкам акiяну. Там жа знаходзiўся i камандзiр батарэi, малады, але заслужаны маёр з пяцьцю ордэнамi за вайну. Увогуле ён быў неблагi афiцэр, не нашмат старэйшы за мяне. Сталася, аднак, што яго пакiнула жонка — зьехала на мацярык, i маёр застаўся бы саламяны ўдавец. Канешне, выпiваў, часам занадта. А ў астатнiм быў дысцыплiнаваны i паслухмяны перад начальствам. I вось аднойчы, як я дзяжурыў па палку, ранiцай у двары штабу паявiўся сьмершавец, падсеў да мяне ў курылцы. Дагэтуль безь людзей я зь iм нiколi не спатыкаўся. I тут ён пытаецца: якiя ў мяне адносiны з маiм камбатам? Кажу, нармальныя. А той, памаўчаўшы, кажа: «А вы ведаеце, што ён быў у палоне i служыў у палiцыi?». Toe мяне зьдзiвiла — я ведаў, што маёр усю вайну праваяваў на фронце, у супрацьтанкавай артылерыi i, трэба ж так пашчасьцiць, нават ня быў паранены. Зноў жа, калi праўда тое, што кажа сьмершавец, дык чаму яго не арыштоўваюць, чаму ён — дагэтуль маёр i яшчэ камандуе батарэяй? Так я падумаў, але гэтаму нiчога не сказаў — хiба можна было ўсумнiцца ў ягонай праўдзе? Яны ж ведалi пра кожнага ўсё, скрозь зямлю бачылi наша мiнулае. I нават нашую будучыню. Якраз ва ўсiх часьцях акругi (а можа, i ўсяе Савецкай армii) iшла праверка афiцэрскiх кадраў. Часам на палкавых нарадах чыталi загады камандаваньня пра выкрытых зламысьнiкаў. Запомнiўся адзiн, як сяржант, ардынарац камандзiра палку, стаў палкоўнiкам. Сталася так, што кампалку забiла, а паранены ардынарац узяў ягоныя дакумэнты i выдаў сябе за свайго начальнiка. Са шпiталю ён атрымаў прызначэньне на полк i камандаваў iм да самай перамогi. I камандаваў, мабыць, няблага, бо на той пасадзе атрымаў аж тры ордэны, ды i полк быў узнагароджаны. На судзе ў яго запыталi: «Як жа ты, ня маючы вайсковай адукацыi, таго дамогся?» Палкоўнiк-сяржант адказаў: «Вельмi проста: былi камбаты-героi, якiх я выклiчу i так накручу iм хвасты, што бягуць у атаку, бы ўгарэлыя».

1Афiцэры на нарадзе аднесьлiся да таго па-рознаму. Старэйшыя абуралiся: нахабнiк! Як можна?! Маладзейшыя ж яхiднiчалi: галоўнае мець хвастатых герояў. Вiдаць, аднак, настала i мая чарга на праверку. Пасьля заняткаў выклiкае ПНШ па ўлiку i моўчкi дae прачытаць сакрэтную паперу. У ёй напiсана прыкладна наступнае. Паводле ўлiку асабовага складу такой-та армii, лейтэнант Быкаў В. У. значыцца забiтым 7.01.44 году i пахаваным у братняй магiле каля вёскi Вялiкая Севярынка Кiраваградзкай вобласцi. Параграф другi: запатрабаваць ад лейтэнанта Быкава В. У. тлумачэньня дадзенага выпадку. Матэрыял дазнаньня даслаць да 17 верасьня гэтага году. ПНШ сьмяецца: «Ну пiшы, як ты вылез з братняй магiлы». Што ж, жарты жартамi, а давялося пiсаць. I не аднойчы. Пасьля яшчэ патрабавалi сьведак, дакумэнты са шпiталю. Адзiн раз выклiкаў сьмершавец, пiсаў i таму тлумачэньне. Але гэтага цiкавiла галоўным чынам, цi быў кантакт з ворагам пасьля майго раненьня. Пра тое, як я ноч праляжаў з трупам нямецкага афiцэра, я, канешне, яму не распавёў. Цiкава адзначыць адносiны палiторганаў да таго выпадку. Калi перад тым парторг палку неяк разы два заводзiў са мной размову наконт маёй непажаданай беспартыйнасьцi, дык пасьля — бы адрэзала. Нiхто нi слова. I я быў увогуле рады, бо беспартыйнасьць адкрывала для мяне пэўныя пэрспэктывы, партыйнасьць жа — заводзiла ў поўны тупiк. Я ўсё ж марыў вырвацца на волю…