Выбрать главу

Становiшча разгорнутых на мясцовасьцi баявых парадкаў мела нямала станоўчага ў параўнаньнi з казармай. Найперш — адносная iзаляванасьць ад начальства. Падругое, схоўнасьць, калi нiкому не вядома, чым мы тут займаемся. Можна было нават кiмарнуць часам, што i рабiлi салдаты, выставiўшы пiльную варту. А яшчэ — заўзята рыбачылi, асаблiва ў час нерасту кеты цi гарбушы.

Пад восень i ўзiмку востраў скаланалi землятрусы. Трэсьлiся дамы (не бурылiся, бо былi змайстраваны з дошак), толькi скрыпелi ды сыпалася з бляшаных трубаў. Але было, што разбуралiся трубы ў той час, калi палiлася ў печцы, тады здаралiся пажары. Неяк я бег па вулiцы ў пачатку землятрусу, i вулiца перада мной трэснула на ўсю шырыню. Ледзьве пасьпеў пераскочыць шчылiну шырынёй з далонь. А ўвосень 52-га здарылася немаведама што. Рэчка, што працякала цераз пасёлак i ўпадала ў затоку, пачала цячы назад. Вадой залiло лугавiну, падтапiла дамоўкi. Ужо праз колькi дзён дазналiся, што то — ад цунамi. Эпiцэнтр яго быў недзе каля паўночнага вострава Парамушыра, адкуль i прыйшла гэтая хваля. Празь дзень-два вада пайшла назад, у мора.

Двойчы ў год, вясной i ўвосень, мы назiралi незабыўнае вiдовiшча — як рыба касякамi, натоўпамi лезла па вадзе i камянях у прэсныя рачулкi на нераст. Мэтровыя рыбiны можна было хапаць рукамi, бiць палкамi, лавiць драцянымi сiлкамi. I лавiлi, i бiлi. Варылi ў салдацкiх кацялках, елi. Але найболей палявалi за чырвонай iкрой, якую можна было назапасiць вёдрамi. Ды нiхто не запасiў, усё рабiлася на адзiн дзень. Выпатрашаныя рыбiны ўсё лета валялiся i гнiлi ў траве ўздоўж астраўных рэчак. Гэткую сытуацыю я назiраў у першае лета майго знаходжаньня на Кунашыры. А як праз тры гады ад’яжджаў, рыбы ня стала. Зьнiклi i кета, i гарбуша. Вылавiлi, паелi, пакiдалi.

Зімой рыбацкай насалодай была лоўля корушкі. Пад вясну, як лёд у затоцы браўся трэшчынамі, у тыя шчыліны лезьлі маленькія рыбкі, якіх ня трэба было нічым прынаджваць. Рыбакі проста рабілі кручкі з дроту і, устаўляючы іх у трэшчыны, тузалі рыбу на лёд. За гадзіну яе можна было нарыхтаваць вядро. Смажаная, яна была смачнейшая за ўсю марскую і акіянскую рыбу. Шкада, лавіць яе ў мяне не было часу, і я толькі назіраў за тым, седзячы ў сваім НП на абрыве.

Чытаў на Курылах мала, хіба газэты, якія прывозілі раз у месяц. А зімой, як сканчалася навігацыя, наогул нічога не прывозілі. Нават алкаголю. Па радыё ніколі нічога не было чуваць. Заходнія радыёстанцыі спрэс глушылі. Непадалёк ад маёй батарэі ля пасёлку Галаўніно тырчэлі антэны радыёперахопу, дзе круглыя суткі дзяжурылі афіцэры КДБ. З таго, што трапіла на востраў, добрае ўражаньне на мяне зрабіла аповесьць Э. Казакевіча «Двое в степи». Гэта была новая старонка праўды пра нядаўнюю вайну, і дужа прыкра было чытаць, як неўзабаве яе пачалі граміць у літаратурнай і партыйнай прэсе. Таксама як і артыкул Памеранцава «Об искренности в литературе». Гэты артыкул мне дужа спадабаўся, але прачытаўшы крытыку на яго, я зразумеў, што з праўдзівай літаратурай трэба пачакаць. Традыцыі літаратурнага пагрому, распачатыя пасьля вайны з Ахматавай і Зошчанкі, мабыць, ня хутка скончацца. Так думаў я тады, і, паслаўшы тры апавяданьні М. Лынькову, болей нічога не пісаў. Не было ахвоты. Зiмой, якраз на дзень Савецкай армii, у мяне нарадзiўся сынок Сярожка. Быць яму генэралам, жартавалi сябры, маючы на ўвазе знакамiтую дату нараджэньня. Генэралам ня стаў, але добра, што выжыў у тае халадэчы, каля жалезнай печкi, да якой нiколi не хапала дроў. Вiдаць, змалку загартаваўся ў японскiм клiмаце. Жонка рабiла ў школе, а ён, падросшы, выхоўваўся ў кампанii ката — вялiзнага пухнатага стварэньня, прыязнасьць якога да малога стала выклiкаць непакой. Кот ратаваў яго ад сьцюжы, але мог незнарок i прыдушыць, такi быў вялiкi. Я спрабаваў ад яго пазбавiцца, ды марна.

У канцы восенi прыйшоў загад: адправiцца на Сахалiн для вучобы. Жонка i сын з катом заставалiся на Кунашыры.

Гэта было жахлiвае марское падарожжа некалькiх сухапутных афiцэраў на невялiчкiм вайсковым судне цераз штармавое Ахоцкае мора. Марская хвароба выварочвала з нас вантробы, пакуль мы бяз ног валялiся ў сьмярдзючым адсеку, з усяе сiлы трымаючыся рукамi i нагамi за нейкiя трубы. Кiдала бязьлiтасна ва ўсе бакi. Усю ноч зьверху чулася лаянка, крыкi каманды, якая змагалася за жывучасьць судна. Як прыйшлi ў Карсакаў, аказалася, што маракi мелi рацыю: мы маглi патануць — столькi лёду намерзла на верхняй палубе, на снасьцях i мачтах. Як не перакулiлiся ўгору дном, аднаму Богу вядома.

Да пачатку вучобы я, вядома ж, спазьнiўся, ужо месяц, як афiцэры займалiся ў вайсковым гарадку Паўднёвага Сахалiнску. У клясе мяне пасадзiлi за апошнi стол, i наш кiраўнiк падпалкоўнiк Емяльянаў доўга называў мяне Баранавым. Гэта таму, што ў папярэднiм выпуску там сядзеў хтось з прозьвiшчам Баранаў. Мiж тым i другiм вiдам жывёлiн невялiкая розьнiца. Тут мне грунтоўна давялося заняцца матэматыкай, якую я, пэўна ж, недабраў у школе. А без матэматыкi ў артылерыi, як вядома, рабiць няма чаго. Пайшлi тыднi i месяцы працы з падручнiкамi, над лагарыфмiчнымi вылiчэньнямi, па тэорыi верагоднасьцяў. Артстралковая падрыхтоўка ў поўным аб’ёме — вылiчэньне дадзеных i стральба па наземных i марскiх цэлях. Спачатку, вядома, на iмiтацыйных сродках, а пад вясну i на палiгоне. Неяк памалу тая навука мяне нават захапiла, а калi што захоплiвае, дык я таму аддаюся цалкам. Афiцэры тут сабралiся розныя, з розных часткаў — ад Чукоткi да Сахалiну. Пераважная бальшыня зь iх — нядаўнiя франтавiкi з эўрапейскiх акруг. Шмат якiя служыць не хацелi, ды мусiлi, бо вырвацца з войска па-добраму было немагчыма. Некаторыя, праўда, шчыравалi, у тым лiку i мой зямляк Iваноў. Разумны быў, адукаваны афiцэр, добры матэматык, ды меў перабольшаную схiльнасьць да справядлiвасьцi. А гэта ўжо нават не недахоп, а поўны цэйтнот, i ня толькi для афiцэра. Там жа стала вядома пра трагедыю Парамушыра, што ў нас, на Кунашыры, адгукнулася хiба ўздымам вады. Цунамi на Парамушыры за два ўдары з мора змыла пасёлак i зь iм танкасамаходны полк. Самаходкi раскiдала па ўсiм беразе, а сотнi людзей апынулiся ў сьцюдзёнай акiянскай вадзе, дзе i гiнулi ад холаду, калi за што трымалiся. На дапамогу прыйшлi вайсковыя амэрыканскiя баржы, але з Масквы паступiла радыёграма: гiнуць, але дапамогу амэрыканцаў не прымаць. Я ня памятаю, каб хто з афiцэраў нашай групы адобрыў той вар’яцкi загад. Хаця нiхто i не сказаў слова супраць. Адзiн афiцэр-далёкаўсходнiк распавёў, як там жыло войска ў гады вайны. Канешне, галадалi (але дзе не галадалi?), абмундзiроўкi, абутку зусiм не давалi. Салдаты дралi лыка i плялi лапцi. Дысцыплiна, аднак, была зладавана жалезная, пра тое дбалi тылавiкi-генэралы. Камандаваў войскам генэрал Апанасенка. Аднойчы таму афiцэру трэба было наведаць жонку, што апынулася ў раддоме за 20 кiлямэтраў у пасёлку. Во ён iдзе пехатой па гразi, восень, iмжыць дожджык. Раптам яго даганяе «вiлiс» i ў iм генэрал. «Куды iдзяце?» — «У пасёлак». — «Па якой патрэбе?» — «Жонка раджае». — «А што, паехаць не было на чым?» — «Ня даў камандзiр, гаручкi мала». — «Ну, сядай». Сеў. Але шафёр ня едзе, чакае. I тады генэрал паварочваецца i кажа: «Ты што, такi-сякi размазаны, ня можаш адмовiцца, калi цябе савецкi генэрал запрашае? Вон з машыны!». Выскачыў, як апараны, а «вiлiс» газануў i пакацiў па дарозе.