Выбрать главу

Тым часам падышла пара выпуску. Па ўсiх прадметах у мяне былi пяцёркi. Апошнюю на палiгоне экзамэнацыйную задачу — стральбу на рыкашэтах — выканаў на выдатна i атрымаў чырвоны дыплём. Толькi якая з таго карысьць? На што ў жыцьцi трацяцца час i сiлы, калi тое — пустэча, якую нельга зрэалiзаваць. Або i ня трэба рэалiзаваць? Хiба на вайну? Але вайна для нас скончылася, ужо наваявалiся. Цi не падобна тое, чаму мы вучылiся, на маханьне кулакамi пасьля жорсткай бойкi? А галоўнае, што гэтак i добра: лепш махаць кулакамi, чым пралiваць кроў. Але ж навошта тады ўсё тое, чым мы займаемся? I чым рыхтуемся займацца? I пры чым тут я, якi зусiм не зьбiраецца рабiць вайсковай кар’еры, а толькi i думае, як бы з гэтай далечы вырвацца на радзiму. Я i на Сахалiн паехаў з тою ж мэтай, думаў: адтуль блiжэй да дому. Аказалася, не блiжэй, а то яшчэ далей. Так думаў я, плывучы морам зноў на свой востраў. Iншыя афiцэры пасьля вучобы атрымалi новыя прызначэньнi, некаторыя з падвышэньнем. Я ж не атрымаў нiякага i вяртаўся на ранейшае месца службы.

На Кунашыры пачуў навiну: полк расфармоўваецца. Шмат якiя афiцэры ад’яжджаюць на мацярык, iншыя чакаюць свае чаргi i пакуюць чамаданы. Куды ехаць мне, пакуль невядома. Але замест палку на ўзьбярэжжы ў глыбiнi вострава пачалi будаваць аэрадром для рэактыўнай авiяцыi. Гэта, канешне, быў вельмi глыбакадумны плян Генштабу: зьнiшчальны аэрадром у тыле непрыяцеля, за востравам Хакайда. А як яго збудаваць, калi тут не знайсьцi i ста мэтраў роўнай плошчы? Значыць, зрабiць такую плошчу. I вось загад: скапаць вяршынi дзьвюх сопак, засыпаць седлавiну, каб атрымаць роўнядзь. Але сьпярша трэба высечы лес, пракласьцi дарогу. Тэхнiкi нiякай. Затое ёсьць салдацкiя рукi — безадмоўныя i бясплатныя. Яны ўсё могуць. Галоўнае для генэралаў — загадаць! А як вядома, загад начальнiка — закон для падначаленых.

На другi дзень пасьля прыезду ў Галаўнiно я ўжо быў на тых сопках, дзе афiцэры-будаўнiкi тлумачылi, як усё трэба рабiць. Яны заўтра зьяжджаюць дадому. Пад маiм кiраўнiцтвам застаецца два дзясяткi салдатаў, з выглядувалацугаў, у абадраных сьпяцоўках. Гэтыя пытаюцца, калi iх дэмабiлiзуюць? Бо пайшоў ужо шосты год iхняй службы, а пра дэмабiлiзацыю Масква, падобна, забылася. Але як iм, так i яны. Назаўтра да абеду ўсе сьпяць, на работу нiхто ня выйшаў. Зьнiшчальнiкi, кажуць, хай пачакаюць. I м i каля Уладзiвастока няблага.

А праз два днi прыяжджае камiсiя з акругi, мне прыйдзецца ёй усё паказаць. А што я пакажу? Накапаную зямлю ды штабэлi мэталiчных палос, якiмi належыць выслаць пляцоўку. Зрэшты, хай глядзяць што хочуць… Камiсiя прыехала, паглядзела, запiсала i паехала. А я зноў застаўся з маiмi раззлаванымi будаўнiкамi, пачаў iх угаворваць працаваць. Куды там! Прыехаў камандзiр палку, сказаў, што ён дэмабiлiзуецца, на палку застаецца начальнiк штабу. Празь нейкi час начштабу пазванiў сам, аказваецца, у палку ЧП: нехта абакраў касу начфiна. Шукаюць, хто. Але падазрэньне падае на аднаго з маiх будаўнiкоў. Таму мне патрэбна прыехаць у гарнiзон. У гарнiзоне iдзе вялiкi шмон, шукаюць злодзея. Iнакш зробяць налiк на камандзiра палку ды камандзiра батарэi, г. зн. мяне. Знайшлi багацея. Я сказаў, што ў такiм разе на аэрадром не паеду.

Пакуль шукалi злодзея, афiцэры разьяжджалiся на новыя месцы службы. На мяне ж нiякага загаду ўсё не было. Я цярплiва чакаў. I вось дачакаўся, што заўтра адыходзiць апошнi параход на мацярык, навiгацыя зачыняецца. Паўгода нiякiх зносiнаў нiкуды не будзе. Але што мне рабiць? Начштабу кажа: рашайце самi. Тут заставацца нельга, бо палку болей няма. Пасёлак апусьцеў. Але i ехаць куды без загаду — самаволка. Дык што рабiць?

Зь вялiкiм боем, без дакумэнтаў, па ўласнай iнiцыятыве ўскараскаўся з жонкай i сынам на апошнi параход. Зноў, як i папярэднi раз — позьняя восень, штармавое мора. Усе пасажыры ляжаць покатам — марская хвароба. Адзiн толькi мой двухгадовы сынок не баiцца гайданкi, швэндаецца пакалiдоры судна i просiць каўбасы. Дужа любiў каўбасу… Ва Уладзiвастоку — зноў знакамiтая Другая рэчка, казармы з двух’яруснымi ложкамi, дзе ўсе — мужчыны i жанчыны, дзецi. Тысячы, а мо i дзясяткi тысячаў афiцэраў, зрушаныя з ранейшых месцаў службы, чакаюць, калi вызначыцца, каго — куды. Чакалi, мабыць, зь месяц. За гэты час мой Сярожка пабываў у больнiцы з ангiнай, думалi, дыфтэрыт. Неяк выкараскаўся. А як дайшла чарга да Быкава, кадравiкi дужа зьдзiвiлiся: чаму Быкаў не на Сахалiне? Яшчэ вясной яго прызначылi туды ў гаўбiчны артполк, чаму ён тады не паехаў? «А хто мне пра тое паведамiў?» — думаў я, ледзьве стрымлiваючы нямое абурэньне. Выказаць абурэньне голасна было немагчыма.