Той увогуле супакоена-iдылiчны настрой трохi апаў, калi ўбачыў ля ракi будучую сваю казарму — старую, абшарпаную, яшчэ мiкалаеўскiх часiн збудоўку з чырвонай цэглы, якая невядома якiм цудам захавалася пасьля дзьвюх войнаў. Але падумалася: можа, i добра, затое не згарыць, ня прыйдзецца за яе нiкому адказваць. Усё тут я хацеў бачыць лепшым, чым там, на Усходзе. Аднак iдылiчны настрой прадаўжаўся нядоўга, у штабе мне далi прачытаць загад па акрузе, дзе я прызначаўся зусiм не камандзiрам батарэi, а крышку нiжэй, на штабную пасаду. Трохi разважыў шы, вырашыў: можа, i лепш, спакайней будзе. Там жа сказалi зайсьцi да нампалiта, якi задаў толькi адно пытаньне: «У партыi быў?» — «Не, — кажу, — ня быў». — «Ну, усё, iдзiце». Пайшоў, трохi, аднак, задумаўшыся над тым невыпадковым пытаньнем.
На кватэрнае ўладкаваньне было дадзена два днi, за якiя я яго i вырашыў: знайшоў куток у калгаснiка з суседняй вёскi. Цёмны i даволi сьцюдзёны. Гаспадар ляжаў п’яны, гаспадыня лаяла апошнiмi словамi i яго, i савецкую ўласьць. Пэўна ж, я тут аказаўся ня самы жаданы. Жонка з сынам паехала ў Горадню да сястры, якая некалi засталася ў нашай кватэры, а пасьля выйшла замуж. Як пiсала, — таксама за афiцэра.
Адзiн разумны афiцэр на Сахалiне некалi казаў, што Савецкая армiя вельмi нагадвае сабой плянэту-пульсар, якая то сьцiскаецца, то пашыраецца, i ў тым уся яе функцыя. У спакойным стане яна iснаваць ня можа, спакой для яе — пагiбель. А хто хоча гiнуць? Во i трапечацца. Каб жа толькi не хацець самой гiнуць, але ж ёсьць яшчэ прагнасьць загубiць ворагаў, якiя для кожнай армii заўсёды знойдуцца. Узаемазалежнасьць войска i ворагаў выключная. Як толькi ствараецца войска, у той жа момант зьяўляюцца i ворагi. I наадварот. Праблема хiба ў тым, як iм адно да аднаго падступiцца? Зь якога боку. Во тады i паяўляецца славутая тактыка (яна ж i стратэгiя) тыкаў, спроб i памылак. У пэўным сэнсе таго, што на простай мове называецца: iдзi-пастой. Iдзi — ня ведаю куды, прынясi — немаведама што. То павялiчваюць, то памяншаюць. То мабiлiзуюць, ламаючы жыцьцё людзям, то звальняюць, зноў жа бяз жаднай увагi да людзкiх лёсаў. Увосень Мiкiта Хрушчоў аб’явiў аб скарачэньнi савецкага войска на 55 тысячаў чалавек. Ужо зманены «гражданкай», я спаткаў тую навiну нават з радасьцю, але шмат iншых афiцэраў, што меркавалi назаўжды зьвязаць сваё жыцьцё з войскам, апынулiся ў разгубленасьцi. Перажылi драму лёсу.
Ня ведаю, як тое скарачэньне адбывалася ў iншых акругах, на Далёкiм Усходзе (хаця можна было сабе ўявiць па тым бязладзьдзi, якое суправаджала там нядаўняе пашырэньне), у Лапiчах усiх афiцэраў пагналi на мэдкамiсiю.
Вайсковыя мэдыкi, бы на канвэеры, агледзелi кожнага i ў кожнага нешта знайшлi. У мяне — недастатковасьць мiтральнага кляпану56, i як вынiк — запiс у дакумэнце: не прыгодны для службы ў мiрны час. (Дарэчы, як шэсьць год таму прызывалi, тады не знайшлi нiчога. Тады я быў цалкам прыгодны.)
Разьлiк з гэтым палком быў просты i непрацяглы, за кароткi час нiякiх запазычаньняў там не пасьпеў зрабiць. На разьвiтаньне выпiўшы са сваiм кватэрным гаспадаром, выйшаў на шашу i трохi счакаў спадарожную машыну. Сыпаў рэдкi сьняжок, дзьмуў зiмовы вецер. А я, можа, упершынюза шмат год адчуў сябе вольным ад усяго на сьвеце. Праўда, радасьць з тае нагоды чамусь была невялiкая. Насыпалiся няпрошаныя клопаты i трывогi. На гэты раз, аднак, суцяшала, што я — дома, а не дзе-небудзь на краi зямлi. Ужо дома, мабыць, не прападу.
Празь Менск прыехаў у Горадню, куды трохi раней прыехала жонка з сынам. Тут настрой мой крыху апаў: кватэрка жончынай сястры Веры аказалася мiзэрненькай, у старым доме, i хоць гаспадары спаткалi падсяленцаў увогуле гасцiнна, я зразумеў, што доўга тут жыць нельга. Тут жа высьветлiлася, што гаспадар i праўда афiцэр, але з пэўнага роду войск i служыць у абкаме ў якасьцi ад’ютанта першага сакратара.
Колькi дзён патрацiў на стаўленьне на ўлiк у ваенкамаце, атрыманьне пашпарту. Наконт кватэры ваенкамат нiчым памагчы ня мог, адсылаў у гарвыканкам. Той абяцаў паставiць на чаргу. Чарга, вядома ж, iльготная, так што чакайце, можа, калi i атрымаеце. Забягаючы наперад, зазначу, што чакаць давялося тры доўгiя бескватэрныя гады, перажыўшы не адну кватэрную драму.