Выбрать главу

Тады, як, зрэшты, i заўжды, лiтаратуру арыентавалi на сучаснасьць, датэрмiновае выкананьне чарговай пяцiгодкi. I яшчэ — на ўслаўленьне перадавiкоў, стаханаўцаў, ударнiкаў камунiстычнай працы. Вайна зь яе «бясконцым гераiзмам» усё болей зьнiкала ў мiнулым. Зрэшты, па тым асаблiва не бедавалi…

Недзе на гэтым часе ў часопісе «Маладосьць» зьявілася новая аповесьць яе галоўнага рэдактара Аляксея Кулакоўскага пад назовам «Дабрасельцы». Твор гэты быў вельмі рэалістычны ў сваім паказе існаваньня беларускай вёскі пасьля вайны. Ва ўсякім разе паводле сваёй праўдзівасьці нічога падобнага ў беларускай літаратуры не было. Але менавіта тым аповесьць, мабыць, і напалохала партыйнае кіраўніцтва, якое не замарудзіла паказаць сваю ўладу. У партыйных газэтах зьявіліся разгромныя артыкулы на аповесьць, рэдактар быў зьняты з ягонай пасады. Аднойчы, будучы ў Менску, мы з Карпюком надумалі зайсьці ў «Маладосьць», каб выказаць аўтару сваё захапленьне ягоным творам і паспачуваць. Кулакоўскі сядзеў адзін у сваім кабінэце (час быў на сконе дня), і мы сказалі яму, што думалі. І раптам Кулакоўскі выказаў нам сваю нязгоду, заявіў, што ідэя аповесьці памылковая і ён дужа шкадуе, што яе напісаў. Ён шчыры камуніст і прагне ва ўсім памагаць партыі. Тады мы з Карпюком выйшлі з «Маладосьці», бы зьеўшы мыла, і Карпюк доўга пляваўся ад таго спатканьня. «Ну, ведама ж!.. На вайне быў камандзірам штрафной роты…» Я ўжо ведаў, што Карпюк шмат каго мераў меркам і вайны, і ў дадзеным выпадку, мабыць, меў рацыю… А можа, Кулакоўскі так гаварыў толькі нам, бо якую ён меў падставу шчыра прымаць нашае спачуваньне? Зьняты з пасады галоўнага рэдактара часопісу, ён год ці ня болей пісаў партызанскія ўспаміны старшыні Вярхоўнага савету, што, мабыць, яго ўратавала. Замаліў творчы грэх.

Пасьля сэмiнару з усяго, што ў мяне сабралася, склаў першы зборнiк, адаслаў у выдавецтва. Празь нейкi даволi працяглы час яго далi на падрыхтоўку да друку выдавецкаму рэдактару, якiм аказаўся Уладзiмер Дамашэвiч. Таму давялося ня толькi рэдагаваць тэкст, але i адстойваць мае лiтаратурныя iдэi, якiя былi не ва ўсiм традыцыйныя i не задавальнялi выдавецкае начальства. Асаблiва тое адносiлася да аповесьцi «Жураўлiны крык». Але Валодзя меў характар, а галоўнае — уласны пагляд на лiтаратуру, адрозны ад казённага пагляду шматлiкага начальства.

Нарэшце займеў больш-менш нармальную кватэру, праўда, з падсяленкай, адзiнокай бухгалтаркай Еўдакiяй Васiльеўнай, разам зь якой пражыў гадоў дзесяць. Тады ўжо меў двух сыноў — другi, Вася, нарадзiўся якраз на мой дзень народзiнаў, таму яго так i назвалi — Васiль Васiльевiч. За домам быў неблагi дворык з дрэвамi, на заходнi манэр мошчаны плiткамi. Калiсь тут было манастырскае падвор’е, агульнае з суседнiм рэдакцыйным будынкам. I рэдакцыйны будынак мне падабаўся. Меў ён два паверхi, на першым разьмяшчалася друкарня зь яе лiнатыпамi, вярстальным цэхам, цынкаграфiяй, тэлетайпнай. Другi абапал калiдору займалi габiнэты аддзелаў. Столь ва ўсiх была высокая, вокны таксама. Паркетная падлога. Адна нязручнасьць — кафельныя грубкi, якiя ня надта грэлi зiмой.