Як я пачаў друкавацца, мой сусед па сакратарыяце Валодзя Фрыдрыхсон часьцяком распачынаў гаворку пра лiтаратуру. Ён няблага ведаў расейскую клясыку ды i заходнюю, асаблiва нямецкую лiтаратуру, успамiнаў розныя лiтаратурныя калiзii 20-х гадоў. Мае вайсковыя апавяданьнi ўспрымаў з добраю доляй сяброўскай iронii, асаблiва што да гераiзму. I я, можа, упершыню адчуў iншы бок таго, на якi разьлiчваў ва ўспрыняцьцi маiх твораў чытачом. Зрэшты, гэты ўвогуле разумны чалавек цi ня ўсю мiнуўшчыну (ды i сучаснасьць таксама) успрымаў зь ледзьве прыхаваным скепсiсам iнтэлiгента, сэнс якога я зразумеў шмат гадоў пасьля. Але ў найбольшай меры таго скепсiсу ды iронii даставалася ягонаму калегу, чые здымкi ён штодня рэтушаваў, — фатографу Вiктару Косьцiну. Гэты ветэран мiнулай вайны, былы танкiст, шмат перажыў на вайне i зусiм ня быў настроены на чыю-небудзь iронiю ў адносiнах да сябе. Не зважаючы на тое, Фрыдрыхсон доўга зьдзекаваўся зь лiста, якi атрымаў Косьцiн з Масквы ў адказ на просьбу пра мэдаль «За ўзяцьце Бэрлiну». Лiст быў такi: «Грамадзянiну Косьцiну В. П. На ваш зварот адносна ўзнагароджаньня вас мэдалём „За ўзяцьце Бэрлiну“ паведамляем, што N-скi Жытомiрска-Фастаўска-Бэрлiнскi ордэнаў Ленiна, Чырвонага сьцягу, Кутузава i Суворава танкавы корпус удзелу ва ўзяцьцi Бэрлiну не прымаў, i вы права на ўзнагароджаньне вас указаным мэдалём ня маеце. Начальнiк аддзелу ўзнагародаў палкоўнiк такi». Во, корпус-самазванец, iранiзаваў Фрыдрыхсон. Косьцiн абураўся. Тою парой пазнаёмiўся з гродзенскiм празаiкам Аляксеем Карпюком. Неяк сутыкнулiся на стромкай рэдакцыйнай лесьвiцы, i Карпюк кiнуў мне ў яго звычайнай таропкай манэры: «Здароў! Кажуць, аповесьць пiшаш?» — «Пiшу, ага». — «Правiльна, пiшы». Сказаў i пабег унiз на падворак. Ён тады ўжо быў аўтарам кнiжкi «У адным iнстытуце», перажыў не адну жыцьцёвую драму i, здаецца, на той час ня меў працы. Пасьля жыцьцё на шмат год зьвяло нас з гэтым незвычайным чалавекам i пiсьменьнiкам, шмат гора i клопату было перажыта разам.
Гэтым часам цi трохi раней адбылiся два вядомыя партыйныя зьезды, якiя добра ўскалыхнулi ўнутранае жыцьцё краiны. У лiтаратуры гэта найперш адчулася ў нечаканым узьлёце сатыры, якой за гады савецкай улады (асаблiва пасьля вядомай расправы над М. Зошчанкам), здавалася, назаўжды выдралi зубы. У газэтах i часопiсах сталi паяўляцца хлёсткiя фэльетоны i мiнiятуры, зьявiлiся новыя iмёны сатырыкаў. З апошнiх мне вельмi падабаўся рана памерлы А. Зьвераў (надпiсы на шпiталi: «Савецкiя хворыя — самыя здаровыя ў сьвеце», «Памятай: перажоўваючы страву, ты памагаеш дзяржаве» ды iнш.). Беларускi «Вожык» неўпрыцям пачаў набываць характар, хаця ягоны крытычны пафас i не ўзьнiмаўся вышэй пасады ўпраўдома. Гэты часопiс надрукаваў штось з маiх фэльетонаў, i галоўны рэдактар Павел Кавалёў запрасiў у Менск для знаёмства. (Тады асабiстае знаёмства з аўтарам было абавязковым, перад тым вывучалася яго мiнулае, сацыяльнае становiшча, партыйнасьць.) Прыехаўшы аднойчы па ганарар, пазнаёмiўся з Паўлам Нiчыпаравiчам, а каб замацаваць знаёмства, пайшлi ў рэстаран. Нашай кампанiяй не пагрэбавалi i iншыя працаўнiкi «Вожыка», i ня толькi сатырыкi. Вынiкам таго супрацоўнiцтва празь нейкi час стала кнiжачка сатырычных апавяданьняў пад характэрным назовам «Ход канём».
Я пiсаў апавяданьнi, штораз мяняючы тэмы — то браўся за вайну, то за маладзёжныя праблемы. Адно «маладзёжнае» апавяданьне паслаў у Менск на фэстывальны конкурс i атрымаў першую прэмiю ў галiне прозы. Такую ж прэмiю ў галiне паэзii атрымаў тады малады пачатковец з Воршы Уладзiмер Караткевiч. Неяк у Менску мы зь iм бегла пазнаёмiлiся, але агульных сяброў у нас не знайшлося, i наступная сустрэча адбылася няхутка. Натуральна, я спрабаваў супрацоўнiчаць з «Чырвонай зьменай», празь якую, кажуць, прайшла ўся маладая беларуская лiтаратура. Але дасланае туды апавяданьне было жорстка раскрытыкавана Iванам Калесьнiкам, якi па нейкай патрэбе прыяжджаў у Горадню, i я зь iм увогуле пагадзiўся. Затое дасланае ў «ЛiМ» апавяданьне на ваенную тэму было прыязна прынята намесьнiкам рэдактара Раманам Сабаленкам, якi сказаў, што гэтую тэму мне варта разьвiваць i паглыбляць. Акрылены гэткай парадай, за кароткi час напiсаў невялiчкую аповесьць «Жураўлiны крык», якая неўзабаве была надрукаваная ў «Маладосьцi» i выйшла ў маiм першым празаiчным зборнiку. Гэты зборнiк прывёз мне ў Горадню загадчык аддзелу выдавецтва Мiкола Татур. Ды яшчэ з гасьцiнцам — бутэлькай армянскага каньяку, якi тады можна было дастаць толькi па блаце. То быў добры знак. Я адчуў сябе амаль шчасьлiвым. А ў рэдакцыi «Гродзенскай праўды» адбылася сумная падзея — раптоўна памёр Мiхась Васiлёк. Хавалi яго прынародна, з Дому-музею Элiзы Ажэшкi. Быў цёплы дажджлiвы дзень, народу сабралася надта шмат. Цяпер, калi ён памёр, аказалася, што гарадзенцы яго дужа любiлi, некаторыя нават плакалi на паховiнах — асаблiва старэйшыя людзi, што памяталi сялянскага паэта з польскiх часоў. Мяне як члена СП перавялi на ягонае месца ў рэдакцыi, i я перасеў з тлумнага сакратарыяту ў зацiшны аддзел культуры. Toe было зручней для творчасьцi, вольнага часу пабольшала.