У той час я захварэў. На апэндыцыт. Але каб тое вызначыць, спатрэбіўся час, а «хуткая» прывезла мяне ў бальніцу позна ўначы. Дзяжурны хірург пад той час ужо «хлопнуў» сваю дозу сьпірытусу і лёг спаць. Рэзаць мяне ўзяўся, як праспаўся, мабыць, час быў упушчаны. Як выпісаўся, пачаліся ўскладненьні. Дактары не маглі даўмецца, думалі, што брушны тыф. Добра, што папыталіся ў старога гарадзенскага лекара Нічыпарука, які адразу паклаў мяне на хірургічны стол і разрэзаў другі раз. Тым і ўратаваў, бо я ўжо не ўставаў.
Як і шмат для каго з нашых чытачоў, для мяне ў той час было дужа важным адкрыцьцё Э. Хэмінгуэя. У друку паявіліся ягоныя творы («Бывай, зброя», «Сьвята, якое заўсёды з табой», аповесьці і апавяданьні), ягоны «Стары і мора». Мне дужа імпанавала ягонае жыцьцялюбства, непадробны рамантызм лепшых старонак ягоных твораў, яго публіцыстыка, выказваньні пра літаратуру і літаратурныя справы. «Нешчасьлівае дзяцінства — лепшая школа для пісьменьніка», — прачытаў я ў ягоным артыкуле, і тое бы вытлумачыла штосьці ў маёй схільнасьці да літаратуры. А ён яшчэ пісаў: «Проза — гэта архітэктура, а не майстэрства дэкаратара» і «Вайна пакідае ў пісьменьніка рану, якая дужа марудна зажывае». Зноў жа і ягоны выкрутлівы літаратурны лёс. Пісаў вялікі раман з жыцьця на моры ў час сусьветнай вайны, ды спатрэбіліся грошы. Тады Хэм вылучыў з раману больш-менш скончаны разьдзел пра рыбака, які злавіў вялікую рыбіну і змагаецца зь ёю. Назваў той урывак «Стары і мора», які нечакана прынёс яму Нобеля. Не раман, ня ўся безумоўна выдатная творчасьць, а толькі невялікі ўрывак.
Не любіў тэатру, кіно… Дужа мкнуўся да натуральнага жыцьця простых людзей, да якіх і сам хацеў бы належаць. Калі б ня стаў пісьменьнікам. На пачатку творчасьці ня ўмеў засвоіць тагачасны літаратурны стыль, пісаў «не стыл ёва», па-свойму, што, аднак, дало падставу ўбачыць у ягонай мове асаблівасьць нейкага запачаткаванага ім хэмінгуэеўскага стылю.
Здавалася, у краiне ажывела ўся лiтаратура наогул, другое дыханьне набывала вайсковая проза. Пасьля «У акопах Сталiнграду»95, «Валакаламскай шашы», дзьвюх аповесьцяў Эм. Казакевiча, адна зь якiх («Двое ў стэпе», яна ж самая лепшая) была разгромлена партыйнай крытыкай, можна было думаць, што тэма вайны вычарпана i не адновiцца. Аж аднавiлася ды зазьзяла яшчэ з большым, чым раней, бляскам, галоўным чынам высiлкамi маладых, аўтараў т. зв. лейтэнанцкай прозы. Сьпярша гэта былi Юры Бондараў зь ягонымi «Батальёнамi», затым Рыгор Бакланаў зь «Пядзьдзю». Увогуле там былi ня Бог ведае якiя адкрыцьцi, але была праўда i боль вайны, ад якiх савецкае грамадзтва амаль адвыкла. (Калi толькi i прывыкала.) Недзе ў гэты час мне давялося прачытаць невялiчкую кнiжку Р.Бакланава96 «На поўдзень ад галоўнага ўдару», якая мяне амаль аблавушыла. Рэч у тым, што аўтар падрабязна i праўдзiва апiсаў там некалькi момантаў зь вядомых мне па ўласным вопыце баёў пад венгерскiм горадам Секешфехерварам, дзе мяне паранiла. Я быў зьдзiўлены, як простая праўда вайны рабiлася высокiм мастацтвам, якiя, аказваецца, магчымасьцi нясе з сабой банальны кавалак жыцьця. (Хаця вайна, канешне, не банальны кавалак…) А прачытаўшы ў «Новом мире» ягоную «Пядзь зямлi», адклаў усё, што на той час пiсаў, i з жарам сеў за «Трэцюю ракету». Скончыць яе за вясну не ўдалося, а на пачатку лета — зноў вайсковыя зборы. Ваенны гарадок пад Наваградкам, заняткi. Зноў — статуты, палiтпадрыхтоўка, артылерыя, якую я пастараўся забыць. Але там усё напомняць. I ўсё ж болей захапляла мая няскончаная аповесьць. Мабыць, нiводную я не пiсаў з такой апантанасьцю, як «Трэцюю ракету», сам ня ведаю, зь якой прычыны. Бывала, як толькi наставала пасьляабедзьдзе i па звыклым распарадку дня вайскоўцы клалiся спаць, я бег у цiхманы куток салдацкай курылкi i пiсаў — алаўком у сшытку. Самапiсак жа тады не было, тэхнiчны прагрэс нашую аргтэхнiку яшчэ не кранаў. Немалой праблемай было перадрукаваць напiсанае. Друкаркi мелiся толькi ва ўстановах, iхнi ўжытак строга кантраляваўся кiраўнiцтвам i КДБ. На выхадныя i сьвяточныя днi машбюро звычайна апячатвалася. Даводзiлася неяк выкручвацца, перадрукоўваць амаль нелегальна. I тут мяне выручала машыністка Станiслава Фадзееўна, а пасьля Iрына Мiхайлаўна, якая прытым стала першым i дужа прыдзiрлiвым крытыкам усяго мной напiсанага. Цяпер я ёй за тое вельмi ўдзячны, хаця тады часам i крыўдзiўся. Часопiс «Маладосьць», зь якiм я ўжо наладзiў сталае супрацоўнiцтва, неўзабаве надрукаваў аповесьць. Галоўны рэдактар Пiмен Панчанка сказаў мне з гэтага поваду трохi ласкавых словаў. Яны, ведама ж, узьнiмалi настрой, дадавалi жаданьня пiсаць i яшчэ. На нейкай нарадзе да мяне падышоў малады навуковец i пачынаючы празаiк Алесь Адамовiч, якi павiншаваў з праўдай вайны, што зьявiлася на старонках i беларускага друку. Я быў удзячны абодвум. У краiне паяўлялася новая лiтаратура з новым бачаньнем сьвету. I, у прыватнасьцi, мiнулай вайны. Галоўнай iдэйна-мастацкай адметнасьцю гэтай лiтаратуры стала прызнаньне наяўнасьцi на вайне ня толькi зьнешняга, так бы мовiць, ворага — нямецкага фашыста, але i кагось унутранага, мала за немца лепшага. Раней гэта быў проста здраднiк, часам трус, дэзэртыр. Цяпер стаў яшчэ i перастрахоў шчык, кар’ерыст, эгаiст. I лепшыя творы гэтага накiрунку паказалi, што ва ўласных шэрагах здаралася барацьба, якая па вастрынi мала ўступала барацьбе на перадавой. У вайсковай прозе ўпершыню паявiўся злачынцаасабiст, недацёпа-палiтрук. Тое было з энтузiязмам успрынята пэўнаю часткай лiтаратурнай крытыкi, хаця і ня ўсёй. Партыйная крытыка пагрозьлiва прыжмурыла вочы. Такога яна трываць не зьбiралася, яна толькi чакала сыгналу. Хрушчоў сваiм рэвiзiянiзмам падкопваў традыцыйны падмурак культуры, замуцiў яе iдэалягiчную стэрыльнасьць. Нават дазволiў Твардоўскаму надрукаваць «Адзiн дзень Iвана Дзянiсавiча», гэтую калядную казачку пра лягернае жыцьцё.