Сьпярша належала прыбраць Хрушчова.
Як яго прыбiралi, цяпер шырока вядома, — то была змова членаў палiтбюро. Але ў палiтбюро абмяркоўвалiся i iншыя спосабы. Кiраўнiк КДБ таго часу Сямiчасны пасьля пiсаў, што распрацоўваўся плян тэракту ў паветры, як Мiкiта Сяргеевiч будзе вяртацца з Эгiпту. Той варыянт ня быў прыняты толькi таму, што маглi загiнуць некалькi дзясяткаў «рабят з КДБ» — ахова Хрушчова. Таму зрабiлi iнакш — цiха i тайна. Руль дзяржаўнага караблю перакладвалi на iншы курс.
Не было яшчэ нiякiх пастаноў на гэты конт, ды людзi, блiзкiя да калiдораў улады, зразумелi, куды трэба iсьцi, i выскачылi, каб не апынуцца ззаду. У Менск на пасаду галоўнага рэдактара «ЛiМу» прыехаў з Маскоўскай ВПШ партыйны журналiст Нiчыпар Пашкевiч. Натуральна, яму карцела праявiць сябе, засьведчыць партыйную хэнць, пераацанiць да яго ацэненае. Штосьцi не задавальняла яго ў апошняй аповесьцi Я. Брыля. Але Брыль ужо быў ляўрэатам Сталiнскай прэмii, зноў жа нядаўна выдаў звонкагалосы нарыс «Сэрца камунiста». Мабыць, на ролю хлопчыка для бiцьця Брыль мала гадзiўся. Затое цалкам гадзiўся малады празаiк з Гораднi Васiль Быкаў. I хутка ў «ЛiМе» паявiўся грамадны, на цэлы разварот артыкул пад красамоў ным назовам «Героi цi ахвяры лёсу?». Пытаньне ў загалоўку стаяла, вядома ж, рытарычнае. Яшчэ не пачаўшы чытаць, можна было зразумець, што аўтар аповесьцяў — ёлупень i недарэка, а ягоныя героi — ахвяры i сьлюнцяi, зь якiх нi ў якiм разе нельга браць прыклад. А калi яны створаны не для прыкладу, дык чаму ж у iх можна навучыцца? Чаму не вiдно адкрытага аўтарскага асуджэньня ягоных пэрсанажаў ды iхнiх учынкаў?
Праўда, былi i iншыя стаўленьнi да тых твораў, як i да артыкулу таксама. Некаторыя зь пiсьменьнiкаў лiчылi, што крытыка ўвогуле правiльная (браць прыклад няма з каго), але ня трэба было i бiць аўтара, як бы абухом па галаве. Тым болей гэткаму крытыку, такога грамаднага аўтарытэту i пры такой высокай пасадзе. Каб хто з маладзейшых, тое было б абгрунтавана. Алесь Адамовiч сказаў пры сустрэчы: «Ты правiльна напiсаў. Трэба было яшчэ зьлей. I нi ў якiм разе не саступай». Прыехаўшы ў Горадню, як заўжды годна i аргумэнтавана сказаў мне добрыя словы Зьмiтрок Бугаёў, а таксама гродзенскi выкладчык Аляксей Пяткевiч. Таго мне было даволi.
Апошнiм часам ў Гораднi сабралася невялiкая грамадка пiсьменьнiкаў, членаў СП Беларусi, i Гродзенскi абкам разам зь пiсьменьнiцкiм кiраўнiцтвам зь Менску рашылi стварыць абласное аддзяленьне. Вядома ж, каб зручней было кiраваць, уплываць, каардынаваць i г.д. Нас усiх паклiкалi ў абкам, i сакратаром сьпярша прапанавалi быць мне. Але я адмовiўся на карысьць Аляксея Карпюка, якi з належнай хэнцю ўзяўся арганiзоўваць адзьдзяленьне. Першым чынам ён адваяваў для офiсу зальчык у Доме Ажэшкi, абсталяваў яго мэбляй. Пасьля пачаў клапацiцца, каб пiсьменьнiкаў прымацавалi да спэцпалiклiнiкi. Тое нам дужа спадабалася, i мы ўсяляк падтрымлiвалi Карпюка. А той, набыўшы адпаведны статус, пачаў забiраць вышэй, умешвацца ў жыцьцё гораду, часта па розных справах хадзiў да начальства ў абкам.
Мiж тым чуткi пра маю аповесьць i пра тое, што адбывалася вакол яе, дайшлi да Масквы. Кансультант СП СССР па беларускай лiтаратуры, перакладчык Мiхаiл Гарбачоў прыслаў мне лiст, дзе выказаў намер перакласьцi «Трэцюю ракету» на расейскую мову i запрашаў аўтара на госьцi. Я паехаў. Мiша Гарбачоў аказаўся мiлым чалавекам, франтавiком, родам ён быў з Сенна. Мы зь iм смачна паабедалi шашлыкамi ў «Казьбеку», пасьля яшчэ павячэралi ў Доме лiтаратара. Ён сказаў, што пераклад аповесьцi хутка заканчвае, друкаваць будзе ў часопiсе «Дружба народов», ужо дамоўлена. Ёсьць, праўда, адна праблема — Iван Мележ, раман якога яшчэ ня скончаны перакладам. Мележ пакрыўдзiўся — як можна дзеля нейкай «павястушкi» затрымлiваць пераклад ягонага раману! Але нiчога, сказаў Гарбачоў, Мележ пачакае. (Мележ ня стаў чакаць, а забраў раман i, не зважаючы на зробленае, перадаў яго на пераклад расейскаму паэту Д. Кавалёву.)