Хутка пасьля публiкацыi аповесьцi ў «Дружбе народов» паявiлася i рэцэнзiя ў «Литературке». Аўтарам яе быў Рыгор Бакланаў, што мяне вельмi ўсьцешыла. Выбар аўтара быў не выпадковы — пра тое паклапацiўся мой новы сябра Валяньцiн Аскоцкi, зь якiм мяне пазнаёмiў у Маскве Алесь Адамовiч. Добрае тое сяброўства доўжыцца да сёньняшняга дня — усё ж, мабыць, лёгкая рука была ў незабыўнага Алеся Мiхайлавiча. Бакланаў добра напiсаў пра аповесьць, дадаў толькi адну заўвагу наконт перакладу, што, вядома ж, не спадабалася перакладчыку. Можа, аднак, тут была i мая вiна, бо перад друкаваньнем тэкст быў мной аўтарызаваны. Але тады я меў недастатковы вопыт расейскай лiтаратурнай мовы i ня мог выцягнуць тэкст на патрэбны ўзровень. Зноў жа, каб добра перакласьцi на расейскую, трэба, каб яна была першаю мовай. Iван Бунiн некалi пiсаў, што блiзкiя, «сумежныя» мовы дужа цяжка паддаюцца перакладу, бо надта блiзкiя да ўласнай прыроды i яшчэ ня страцiлi свае першазданнай пекнаты, каб увайсьцi ў сям’ю культурна разьвiтых моваў.
«Дзьвюх моваў ведаць немагчыма», — катэгарычна заяўляў слынны майстра расейскай лiтаратурнай мовы. Пасьля я ня раз успамiнаў тыя ягоныя словы…
Беларускае партыйнае кiраўнiцтва чарговы раз бралася за ўздым сельскай гаспадаркi i ўласнага кiнэматографу. На студыю прыйшоў новы дырэктар — дзейны i тактоўны Iосiф Дорскi, беларускiмi пiсьменьнiкамi Куляшовым i Лужанiным «умацавалi» сцэнарны аддзел. Звычайна сцэнары на студыю прыходзiлi з Масквы — тыя, што не знаходзiлi ўжытку ў сталiцы. Цяпер вырашылi пашукаць дома. Найперш сярод лiтаратуры. Нехта параiў студыi новую аповесьць Быкава — амаль гатовы сцэнар. Так сказалi i мне.
Трэба толькi папрацаваць з рэжысэрам-пастаноўшчыкам, якiм ужо прызначаны малады выпускнiк ВГIКу Рычард Вiктараў. У тых жа Каралiшчавiчах ладкуецца сэмiнар сцэнарыстаў, прыедуць спэцыялiсты з Масквы, можна будзе канчаткова зладкаваць i сцэнар. Я ўзяў у рэдакцыi за свой кошт адпачынак i паехаў у Менск.
Кіно для мяне было справай новаю, вопыту нiякога. Але на студыi было столькi разумных спэцыялiстаў, таленавiтых рэжысэраў, што толькi слухай i вучыся. Паводле тых парадаў i пад кiраўнiцтвам рэжысэра напiсаў штось малапрыгоднае ў лiтаратурным сэнсе, што называлася сцэнарам, а болей нагадвала сумнiўны канспэкт празаiчнага твору. Пайшлi доўгiя шэрагi паседжаньняў, абмеркаваньняў, кансультацыяў, зацьверджаньняў. Пiсалася i перапiсвалася — спачатку ў Менску, затым у Каралiшчавiчах. Тут дарадцаў прыбавiлася — прыехаў прафэсар ВГIКу Канстанцiн Скварцоў, работнiца кiнаглаўку Бялова ды iншыя. У другiм канцы будынiны працавала некалькi кiнадакумэнталiстаў i сярод iх малады журналiст Мiкола Матукоўскi, ладзiлi нейкi фiльм.
Несумненнай карысьцю таго каралiшчавiцкага мерапрыемства была арганiзацыя паказу заходнiх фiльмаў, якiх не было ў нашым пракаце, — «Верыдыяны» Бюнуэля, «Дыктатара» Чаплiна, «Дзяцей Райка» Рэнэ Клера або японскага «Рышамона». А таксама некаторых савецкiх фiльмаў 20-х гадоў, як напрыклад, «Кацька — бумажны ранэт» ды iншых. Гэтыя фiльмы ашаламлялi нашых кiнадзеячаў, якiя нават не адважвалiся параўноўваць зь iмi сучасную савецкую кiнапрадукцыю. Госьцi дужа разумна i эрудзiравана гаварылi пра кiно — нашае i зарубежнае. Кiно, казалi, мастацтва калектыўнае, нiякi самы генiяльны мастак адзiн фiльм ня зробiць. А паколькi яно яшчэ i дарагое, а грошы дзяржаўныя, дык натуральна, што ў той справе ўдзельнiчаюць, апроч студыйнага кiраўнiцтва, яшчэ Камiтэт па кiно, Галоўны камiтэт у Маскве, Саюз кiнематаграфiстаў. Ну i, вядома, аддзел культуры ЦК КПБ разам з аддзелам прапаганды. I яшчэ — палiтупраўленьне вайсковай акругi — карцiна ж вайсковая. Неяк мы падлiчылi, атрымалася, што каля 60 асобаў маюць права ўмяшацца ў кiнапрацэс, нешта забаранiць, зьмянiць, запатрабаваць. Што ўвогуле i рабiлi, бо кожны хацеў апраўдаць той хлеб, якi еў на сваёй хлебнай пасадзе. Пакуль доўжыўся падрыхтоўчы працэс, рэжысэр-пастаноўшчык схуднеў, падобна, пачаў вар’яцець, ня ведаў, на якiм сьвеце жыве. Аўтар сцэнару таксама.