Просьценькая сцэнка салдацкага побыту ў акопе ператваралася ў прадмет складанага эстэтыка-палiтычнага дыспуту — як было, як трэба, як ня трэба i што скажа начальства. Мы перасталi лiчыць напiсаныя i адкiнутыя варыянты сцэнару, спынiлiся нарэшце на апошнiм, прынятым умоўна. Лета канчалася, зь iм пагражала скончыцца патрэбная для карцiны натура, i група нарэшце ад’ехала на здымкi пад Ветку за Гомлю.
Агульнымi высiлкамi фiльм быў зьняты. Атрымаўся так сабе, шэранькi сераднячок. Здымаўся дапатопнай апаратурай, на бляклую чорна-белую плёнку шосткiнскай вытворчасьцi. Затое ва ўсiх адносiнах правiльны: гераiчны, патрыятычны. З дадатных герояў можна было браць прыклад, адмоўныя асуджалiся. Ужо пачаўшы здымкi, рэжысэр вырашыў замянiць апэратара, новага ўзяў з Масквы. Можа, ён i меў рацыю. Мой удзел у здымках быў мiнiмальны. На самым пачатку Вiктараў сказаў тактоўна i дабрадушна, як ён гэта ўмеў: «Ты, пiсьменьнiк, сядзь i сядзi. Сваё ты зрабiў, астатняе — мая справа». Тую разумную параду я запомнiў, хоць у наступным не заўсёды карыстаўся ёю. Аб чым ня раз пасьля шкадаваў.
Як казалi тады вопытныя кiношнiкi — фiльм можа зьняць i дурань, але дурань нiколi яго ня здасьць. То была праўда. Працэс здачы фiльму, можа, цяжэйшы за здымкi. Ужо хоць бы таму, што здаюць два-тры бяспраўныя чалавекi (рэжысэр, дырэктар, сцэнарыст), а прымаюць дзясяткi чыноўнiкаў, надзеленых высокiмi дзяржаўнымі паўнамоцтвамi. Марудна, тлумна, нэрвозна прайшлi ўсе беларускiя iнстанцыi (кiнастудыя, мiнкульт, палiтаддзел вайсковай акругi, ЦК), павезьлi карцiну ў Маскву. Паколькi ведалi, што справа здачы доўгая i працаёмкая, уладкавалiся ў самы танны гатэль — на сельгасвыставе. Фiнансаваньне фiльму было ўжо зачыненае, грошы скончылiся. Дачакалiся прызначанага глаўкам дню на знаёмым кожнаму кiношнiку Вялiкiм Гнезьнiкоўскiм завулку. Цэлы дзень iшло абмеркаваньне.
Начальнiк глаўку, сланападобны кiнабюракрат Баскакаў, выслухаў усе прэтэнзii да фiльму з боку сваiх дампрыдзiралак, высакалобых спэцыялiстаў i адмовiў Вiктараву ў прыёме. Перанесьлi тую працэдуру на наступны дзень, абавязаўшы рэжысэра штось выразаць. На другi дзень прэтэнзii на тым ня скончылiся, знайшлiся новыя. На трэцi тое ж самае.
Грошы нашы канчалiся, жыць у Маскве не было як. Тады дырэктар карцiны Тульман кажа рэжысэру: «Званi ў Менск, прасi падтрымкi ў ЦК. Бо наш ЦК фiльм адобрыў, якога ж ражна гэтым трэба?». Вiктараў звонiць у ЦК самому сакратару Шауру, кажа: «Во тую сцэну зь нямецкiм танкам вы ж адобрылi? А тут нейкая Зусева пярэчыць супраць яе, фiльм не прымаюць. Дык як нам быць?» Настала невялiкая паўза, пасьля якой таварыш Шаура кажа: «Таварыш Вiктараў, зрабiце так, як раiць таварыш Зусева». Мусiлi перарабляць паводле ўказаньняў таварыша Зусевай. Але штосьцi ўгледзеў сам Баскакаў i прыёмны акт зноў не падпiсаў. Рэжысэр у панiцы — што рабiць? Тады адзiн зь яго знаёмых масквiчоў-кiношнiкаў кажа: «Трэба напаiць Баскакава, i прыме». Тое нам здалося неверагодным — як можна гэткае прапанаваць такому важнаму саноўнiку? Але мусiлi. Вiктараў сабраў у каго колькi было ў кiшанях i ўвечары адправiўся на Вялiкi Гнезьнiкоўскi. Мы засталiся чакаць у гатэлi. Чакалi да ночы i, не дачакаўшыся, паклалiся спаць.
Назаўтра ранiцай пастукалiся ў нумар да Вiктарава, той яшчэ спаў пасьля ўчарашняга. Не адразу прачнуўся, бесклапотна пацягся i кажа: «О-кей, хлопцы, акт падпiсаны. Едзем дахаты…».
Так здалi ўрэшце шматпакутны фiльм. На экранах ён прайшоў малапрыкмечаным, i я думаў, што за наступны сцэнар сяду ня хутка. Сталася, аднак, трохi iнакш. Пасьля выхаду «Трэцяй ракеты» асобнай кнiжкай i асаблiва пасьля выданьня яе ў Маскве крытыка трохi зьмянiла свае ацэнкi аповесьцi. Фiльм, якi б ён нi быў, усё ж дадаў грунтоўнасьцi лiтаратурнай першакрынiцы. Аўтар, аднак, адчуў пэўнае расчараваньне, мабыць, на тое паўплывалi незабыўныя пакуты кiнатворчасьцi. Тым болей, што наступная аповесьць, напiсаная ў ключы папярэдняй, набыла яшчэ больш вастрынi ў сацыяльна-псыхалягiчных адносiнах. Аднойчы ў прыватнай размове за сталом мой аднагодак акадэмік Iван Навуменка сказаў, гледзячы мне ў вочы: «Я лепшы за цябе пiсьменьнiк, толькi ты ўмееш завастраць». Што ж, мабыць, доктар i акадэмiк меў рацыю, сапраўды ў мяне атрымлiвалася востра. Але пасьля «Здрады» я iнстынктыўна адчуў патрэбу ў чымсь болей мяккiм, нават добрым. Хацелася той дабрынi, якой так мала было ў жыцьцi i наўрад цi здаралася на вайне. А можа, гэта адчуваўся пэўны сум па рамантыцы? Той, вядома, якая iшла зь мiнулага, з кнiжак, прачытаных у юнацтве, i несла з сабой непажаданую ў наш час сэнтымэнтальнасьць. Хацелася вылучыцца з жорсткага натоўпу, кудысь адасобiцца, дзе толькi — ён i яна. Хай сабе ў акопе. У лесе. Тым болей у гарах. Цi ў дарозе.