Выбрать главу

У дарозе, мусiць, найлепш, на вайне то будзе найменш фальшыва. Бо вайна — скрозь дарога. Цi туды, цi назад. Цi ў рай, цi ў пекла. А яшчэ больш тыпова, калi пойдуць у рай, а прыйдуць у пекла. Тут ужо не рамантызм, а самы жорсткi сучасны рэалiзм. Iх поўнае i арганiчнае спалучэньне. Пачатак творчага працэсу ў мастацтве заўжды таемны, няўлоўны i невыразны, першыя ягоныя iмпульсы зьяўляюцца падсьвядома, здаецца, без удзелу волi i розуму. «Творчасьць бесьсьвядомая», — пiсаў некалi англiчанiн Карлейль. Так i ў мяне неўпрыкмет высьпеў намер «Альпiйскай балады». Там сапраўды — ён i яна, абое гнаныя i прасьледаваныя ў самых драматычных абставiнах, дзе, аднак, выяўляецца вечная праява жыцьця — каханьне. Вядома, што каханьне перамагае шмат што, бывае, што перамагае i сьмерць. Вобраз гераiнi падказаў выпадак з вайны, той жа выпадак нагадаў антураж падзеяў — горы, зусiм рамантычны, пачынаючы з назвы — Альпы. Што ж да героя, дык Iванаў як характары я ведаў добра, шмат iх пабачыў на вайне. Пэўныя складанасьцi ўяўляла мова дзяўчыны, гэты кангламэрат зь дзьвюх-трох моваў, галоўнай зь якiх, ведама ж, была iтальянская. Iтальянскай мовы я ня ведаў i пракансультавацца ня меў у каго. Але дапамог выпадак. Аляксей Карпюк на той час уладкаваўся працаваць у агенцтва «Iнтурыст», меў на чыгуначным вакзале свой працоў ны офiс — маленькую каморку на першым паверсе. Ужо тады мы зь iм сябравалi. Звычайна Аляксей сядзеў за друкаркай, чарговы раз перадрукоўваў свае аповесьцi, на размову ў яго заўжды не хапала часу. Але во неяк пазванiў, кажа — зайдзi. Я прыйшоў i застаў у яго невядомага чалавека з разгубленым позiркам. Выявiлася, што гэта iтальянскi турыст, якога памежнiкi зьнялi з варшаўскага цягнiку, бо ў яго не аказалася пашпарту. Што зь iм рабiць далей, было невядома. Успомнiўшы, аднак, пра мой клопат, Карпюк i патэлефанаваў мне.

Найперш мы завялi iтальянца ў рэстаран, накармiлi яго. Ён трохi гаварыў па-расейску i распавёў нам, што згубiў кашалёк, а ў кашальку пашпарт i грошы. Пакуль памежнiкi вырашалi, што рабiць зь небаракам, мы пасялiлi яго ў прывакзальным гатэлiку, дзе ён нудзiўся днi тры цi чатыры. Клiкалi яго Марыё, родам ён быў з Генуi, працаваў у мэдыцыне. Той час я браў у яго ўрокi iтальянскай мовы — вядома, у межах патрэбы маёй гераiнi, якую я ўжо назваў Джулiя. (Iмя, дарэчы, не зусiм iтальянскае, але пра тое я дазнаўся пасьля.) Праз колькi дзён знайшлiся дакумэнты iтальянца, якiя былi ў яго скрадзены ў Ленiнградзе, мы праводзiлi госьця на варшаўскi цягнiк i разьвiталiся. Той паабяцаў болей не патыкацца ў краiну, дзе гэткiя рукастыя зладзеi. Гiсторыя гэта, аднак, празь нейкi час займела адмысловы працяг.

Сцэны ўцёкаў герояў ды iнтымныя сцэны сярод альпiйскiх лугоў пiсалiся ўвогуле лёгка, паэзiя каханьня захапiла б нават чэрствага аўтара. Але дзесь ён адчуў, што аднае паэзіi будзе мала. Усё ж у драматычны ваенны час нельга было выключыць зь сюжэту сацыяльныя акалiчнасьцi. Хоць Iван з Джулiяй i адасобiлiся ў гарах са сваiм каханьнем, вайна на iх не забылася. А нядаўняе мiнулае ў перадваенныя гады зь iх сацыяльна-палiтычнай драмай таксама не зьнiкала зь Iванавай сьвядомасьцi. На глебе мiнулага i ўзьнiк першы разлад адносiнаў памiж чалавекам з Усходу i дзяўчынай iншай, заходняй культуры. Разлад, якi мог быць улагоджаны толькi каханьнем, што i адбылося ў сюжэце пазьней. (Тыя сцэны пры друкаваньнi ў Маскве выклiкалi найбольшы супрацiў рэдактуры.)

Як заўжды, аповесьць першым выданьнем выйшла ў «Маладосьцi», якая працяглы час даволi ўважлiва адносiлася да маёй творчасьцi. Чаго нельга сказаць пра «Полымя» — тады адмысловы орган, створаны для намэнклятурнай пiсьменьнiцкай элiты. Але мяне задавальняла i «Маладосьць», хоць мой узрост i перакрочыў маладзёвыя рамкi. У часе абавязковага тады папярэдняга абмеркаваньня на рэдкалегii Пiмен Панчанка сказаў: «Канешне, усё тое — няпраўда, а верыцца. Значыць, гэта — мастацтва».

Добрыя водгукi на аповесьць прыслалi шмат якiя чытачы, звычайна скупы на пахвалы Янка Брыль, маладзейшыя пiсьменьнiкi. Атрымаў добры лiст з Зэльвы ад мала каму знаёмай тады Ларысы Генiюш, яна была ў захапленьнi ад Iвана, пакутнага i шчырага беларуса, якi сваёй ахвярнасьцю выратаваў эўрапейскага чалавека. А яе муж, доктар Iван Пятровiч Генiюш, неўзабаве завiтаў да мяне ў Горадню, распавёў пра свой i жончын гаротны лёс. З таго часу ён часьцяком наведваўся да мяне на вулiцу Кашавога, калi прыязджаў па сваiх доктарскiх справах. Працаваў ён у Зэльве дэрматолягам. Увогуле ён мне падабаўся сваёй непадробнай беларускай шчырасьцю. З нашых гаворак я пазнаў нямала новага i нават неспадзяванага з жыцьця на акупаванай тэрыторыi, пад немцамi, а таксама ў Празе. Факты, пра якiя распавядаў Генiюш, ня надта ўлагоджвалiся з тымi, што мы засвоiлi з савецкай прапаганды. Распавёў, як пасьля вайны Генiюшаў «бралi» ў Празе, як Ларыса Антонаўна не адчыняла кадэбiстам дзьверы i абяцала выкiнуцца ў вакно, а тыя расьцягвалi ўнiзе брызэнт, каб яна не забiлася. I м дужа патрэбна была яна жывая, бо празь яе мелi намер дазнацца пра архiвы апошняга прэзыдэнта БНР Абрамчыка.