Адклаўшы капiтальную працу — пераклад вялiкага раману Мележа, Гарбачоў даволi апэратыўна пераклаў «Баладу» на расейскую, i неўзабаве яна была надрукавана ў некалькiх нумарах часопiсу «Огонёк». Iлюстрацыi да яе зрабiў знакамiты графiк Пінкiсевiч, гэта былi выдатныя ў сваiм харастве iлюстрацыi лiтаратурнага твору, а не сумнiўны плён самавыяўленьня мастака, як гэта спрэс робiцца зараз. Ну i, вядома, напомнiла пра сябе Беларуская кiнастудыя — сказалi, што можна зьняць вельмi прыгожы, рамантычнапатрыятычны фiльм мiжнароднага гучаньня. Я не знайшоў аргумэнтаў супроць. Мабыць, ранейшыя пакуты з «Трэцяй ракетай» пачалi забывацца, думалася, тут будзе iнакш. Мабыць, у кiно, як i ў лiтаратуры, кожны наступны твор не падобны на папярэднi i мае ўласны лёс.
Як пiсаць сцэнары, я ўжо ведаў, нешта даволi хутка накрэмзаў. Здымаць фiльм узяўся вопытны рэжысэр Барыс Сьцяпанаў. Некалi Алесь Адамовiч казаў, што ўсе савецкiя рэжысэры аднолькавыя i адрозьнiваюцца адзiн ад аднаго хiба тым, як адносяцца да сцэнару. Адны бясконца перарабляюць яго самi, змушаюць на тое аўтара, а то i наймаюць памагатых. Другiя, атрымаўшы сцэнар, кiдаюць яго на сьметнiк i здымаюць самi, як хочуць. Хто зь iх лепшы, невядома, але вынiк заўсёды аднолькавы.
Мой папярэднi рэжысэр Рычард Вiктараў, вiдаць, адносiў ся да першай рэжысэрскай групы, ён выцiскаў зь мяне ды iншых, хто да таго меў дачыненьне, усе сокi, дамагаючыся дасканаласьцi. Другi ж, Сьцяпанаў, як толькi атрымаў зацьверджаны сцэнар, адразу ж кудысьцi зьнiк. I толькi калi група выехала на натурныя здымкi, запрасiў аўтара прыехаць, найперш каб адпачыць на прыродзе.
Я паехаў. Здымкi рабiлiся ў раёне Тэберды, на Паўночным Каўказе. Прырода ўвогуле была прыгожая — парослыя лесам горы, бурная рэчка, хаця i не такая, як у аўстрыйскiх Альпах. Кожныя горы, напэўна, маюць свае адметнасьцi, свой асаблiвы характар. Несупадзеньне пейзажу было першай уступкай акалiчнасьцям на шкоду мастацтву. Другой стала неадпаведнасьць акцёраў, найперш адзiн аднаму. На ролю Iвана запрасiлi ўжо знаёмага кiраўнiцтву «Беларусьфiльму» Станiслава Любшына, Джулii — Любу Румянцаву. Абодва акторы — кожны сам па сабе, можа, i былi беззаганныя, а гарманiчны дуэт ня склалi. Тым болей, што на здымках адразу ўступiлi ва ўзаемны канфлiкт, зь якога так i ня здолелi выйсьцi да канца здымак. Натуральна, што тое рабiла свой нэгатыўны ўплыў на ўсю атмасфэру ў калектыве. Зноў жа неўзабаве пачалiся творчыя (перарослыя ў асабiстыя) паядынкi характараў рэжысэра i апэратара Толi Забалоцкага. Апэратар, казалi, цягнуў творчую коўдру на свой бок, а рэжысэр спрабаваў не паддацца. Урэшце, здаецца, рэжысэр паддаўся, i фiльм атрымаўся нi то, нi сё. А шкада. На маю думку, у тым сюжэце былi закладзены пэўныя кiнэматаграфiчныя магчымасьцi, i пры належных умовах можна было б зрабiць прыгожую, паэтычную трагедыю каханьня. На жаль, таго не адбылося.
Неяк, прыйшоўшы ў рэдакцыю, Валя Чэкiн сказаў, што купiў лодку з маторам, запрашаў пракацiцца па Нёмане. Прыхапiўшы з сабой падрослага сына Васю, пайшлi цераз мост на той бераг Нёману, дзе было багата настаўлена маторак, там жа, на беразе, грувасьцiлiся мэталёвыя скрынкi з рачным начыньнем. Валя запусьцiў свой «вецярок», i мы пацiху пачухалi пад чыгуначны мост уверх па Нёмане. З вады я нiколi яшчэ ня бачыў ягоных берагоў, водмеляў, стром, прыбярэжных паселiшчаў i бароў, усё мне было новае i прывабнае. Тады ж Чэкiн, апроч маторкi, захапiўся рыбалкай i аднойчы паказаў мне фота — сваю «вiзытную картку»: ён з вудамi каля перакуленай гумовай лодкi, на якой — цэлая гара ляшчоў. «30 штук, — сказаў Валя. — За адзiн ранак».
Мабыць, тое зачапiла ў маёй душы паўзабытую дзiцячую хэнць — я ж колiсь таксама зь незвычайным захапленьнем вудзiў у сваiм возеры плотачак. Празь нейкi час я таксама купiў матор (болей дужы «вiхор») i лодку «казанку» з булямi; з пратэкцыi Валянцiна займеў на лодачным прычале месца. Удвух зь iм мы пачалi гойсаць па Нёмане, лавiць рыбу. Аднойчы паехалi з начлегам на старыцу пад Масты, ды на юшку налавiў драбязы мой Вася, у нас жа з Валяньцiнам нiчога не ўзялося. Калi не рыбалка, дык рака нас захапляла, i аднойчы мы запрасiлi зь Менску сяброў. Прыехалi Матукоўскi, Гiлевiч, Бураўкiн з заўсёды юнаю Юляй, мы знайшлi непадалёк на беразе ўтульны лужок i наладзiлi пачостку. З шашлыкамi. Рыба ў Нёмане ўпарта не хацела лавiцца, мусiць, яе там i не засталося, асаблiва як вышэй па цячэньнi збудавалi азотна-тукавы камбiнат. Казалi — нiчога страшнага, сьцёкi ачышчаюцца. Але аднойчы ранiцай на прычале мы ўбачылi мноства рыбiн, што плылi ўгару жыватамi; на мэталёвых лодках да паловы аблезла фарба. Да рыбалкi я хутка астыў, зразумеўшы, што рыба мяне ня любiць.