Тады часьцяком даводзiлася езьдзiць у Маскву — з выдавецкiмi клопатамi i на розныя мерапрыемствы Саюзу пiсьменьнiкаў. На адным зь iх у Доме лiтаратараў пазнаёмiўся з крытыкам i лiтаратуразнаўцам Лазарам Лазаравым, пра якога чуў раней, i тады ўпершыню пацiснуў яго скалечаную на вайне руку. Пасьля зрэдчасу мы сталi сустракацца ў Маскве, ён прыяжджаў у Менск, я бываў у яго дома, пазнаёмiўся зь ягонай мiлай разумнiцай Наяй. Лазар хутка стаў маiм сябрам i пранiклiвым крытыкам, празь нейкi час напiсаў грунтоўную кнiгу пра маю творчасьць. Недзе тою ж парой у Маскве, здаецца, у рэстаране ЦДЛ, упершыню спаткаўся зь Юрыем Бондаравым, зь якiм мяне пазнаёмiў Рыгор Бакланаў. Тады гэтыя аўтары «лейтэнанцкай прозы» сябравалi, i ня можна было нават падумаць, што жыцьцё калi-небудзь iх разьвядзе. Але, як нi дзiўна, атрымлiваецца так, што жыцьцё часьцей разводзiць, чым зводзiць.
На чарговым прэзыдыуме СП разглядалася нечарговае пытаньне — выключэньне з СП перакладчыка Васiля Сёмухi.
Васiль Сёмуха быў шмат каму вядомы ў Менску як добры перакладчык зь нямецкай. У свой час скончыўшы Маскоўскi ўнiвэрсытэт, ён настойлiва перакладаў нямецкую прозу i паэзiю, нядаўна скончыў пераклад «Фаўста», але ня меў уласнай кватэры, бадзяўся зь сям’ёй па прыватных кутках. А мiж тым у час вайны немцы спалiлi дом ягоных бацькоў. Шматлiкiя звароты ў СП наконт кватэры не давалi вынiку, i Васiль у адчаi напiсаў лiст да нямецкай амбасады ў Маскве. Ён прасiў пасадзейнiчаць у выданьнi «Фаўста» i ў набыцьцi кватэры. Лiст, ведама ж, быў перахоплены КДБ i вернуты ў Менск для прыняцьця мераў.
Перад паседжаньнем прэзыдыуму пiсьменьнiкi мiж сабой абмяркоўвалi неардынарны выпадак. Цi ня ўсiм было шкада харошага хлопца Сёмуху, якi «зрабiў глупства». Хiба ж можна прасiць дапамогi ў ворага? Iван Чыгрынаў сказаў, што ён перад пагрозай сьмерцi таго б не зрабiў, бо вораг заўсёды ёсьць вораг. Некаторыя казалi, што на першы раз Васiлю трэба дараваць. Бураўкiн злосна зазначыў, што гэты нумар з выключэньнем ня пройдзе, — ня тыя часы. Валя Тарас лаканiчна зазначыў — усё тыя ж. Пачалося абмеркаваньне. Пiсьменьнiкi з партбюро ледзь ня плакалi ад крыўды, якую нанёс партызанцы-рэспублiцы Васiль Сёмуха. Iван Новiкаў, што працаваў спэцкорам газэты «Правда», патрабаваў яму самай суровай кары. (Гэта той самы Новiкаў, якi праз год скажа пра аўтара гэтых радкоў: «Мне б аўтамат у рукi, я б у яго ўвесь магазын…» Пiлiп Пястрак, якi нiколi не служыў у войску, пачуўшы тое, выйшаў у калiдор i папытаўся: «Хлопчыкi, а колькi патронаў у магазыне?» — «Пяцьдзясят два», — сказалi яму знаўцы. Пястрак шматзначна падняў палец угору: «Ого!».) У вынiку галасаваньня Сёмуха быў выключаны з Саюза амаль аднагалосна. Устрымаўся адзiн Васiль Быкаў.
Прыехаўшы дадому ў Горадню, узяўся за новую аповесьць, назву якой знайшоў не адразу. Пра назву наогул думаецца ў апошнюю чаргу, звычайна як ужо твор напiшацца. Зусiм дарма некаторыя выхваляюцца: «Пачаў раман, ужо ёсьць назва — „Агнём гартаваныя“». Звычайна з такога гарту мала што атрымлiваецца. Ведаю яшчэ такую на гэты конт асаблiвасьць: у добрай прозе звычайна так сабе назва, а вельмi звонкая назва ёсьць знак прозы кепскай. Праўда, тое ўсё ж суб’ектыўна, i першыя выключэньнi з таго — творы заходнiх аўтараў, дзе i проза выдатная, i назвы нязвыклыя, прынамсi для нашага вуха.
Першы iмпульс да аповесьцi атрымаў, аднак, па дарозе з Масквы — у Менску. Памiж цягнiкамi ў мяне быў вольны час, i я зайшоў у рэдакцыю «ЛiМу», дзе застаў аднаго толькi галоўнага рэдактара Нiчыпара Пашкевiча. Пачалася размова, у якой Нiчыпар праявiў поўны антаганiзм да маiх думак-поглядаў, што я вёз з Масквы. Апроч хiба адной — пайсьцi i разам выпiць. За рэстаранным сталом дыскусiя працягвалася болей мiрная, мы амаль паразумелiся i, калi зайшла гаворка пра вайну, я распавёў партызанукамсоргу Пашкевiчу эпiзод майго раненьня пад Кiраваградам. Гэта як доказ таго, што i на фронце хапала лiха. Змораны гаворкай i вячэрай, Нiчыпар лагодна сказаў, мабыць, каб скончыць спрэчку: «Ну во, амаль гатовая аповесьць». Пасьля, едучы цягнiком у Горадню, я пачаў над тым думаць i вырашыў паспрабаваць напiсаць.