Выбрать главу

Я ня ведаў яшчэ, што гэта будзе — апавяданьне, аповесьць цi, можа, якi ўспамiн. Але намер напiсаць засеў у галаве моцна.

«Мёртвым не балiць» пiсаў у асноўным улетку i ня так таропка, як ранейшыя аповесьцi. У мяне ўжо атрымлiвалася раней i пасьля, што рэчы зь зiмовай натурай пiсалiся ўлетку i наадварот. Тое, канешне, ня надта добра. Добра, калi натура перад вачыма, i яе ня трэба ўзнаўляць у зрокавай памяцi. Як у мастакоў. Некаторыя пiсьменьнiкi, як i мастакi, любяць пiсаць з натуры: пра вясну — вясной, пра лес — у лесе. У мяне так не атрымлiвалася. Мабыць, з тае прычыны i малая ўвага да антуражу, болей — да дзеi. Але пэўна ня ведаю, як лепш. Мабыць, як хто ўмее.

Тады ўжо я ведаў, што залiшняй драматызацыi ваеннага сюжэту можа ня быць, што можа ня быць i нiякага сюжэту, аб чым колiсь пiсаў яшчэ Чэхаў. Драматызацыя на вайне — натуральная рэч. Крыху iншая справа — за кошт чаго? Якiмi сродкамi? Вядома, найперш сродкамi выяўленьня сутнасьцi барацьбы двух бакоў, што ўвогуле было надта традыцыйна, калi не сказаць руцiнна. Мяне ж здаўна цiкавiлi канфлiкты iншага кшталту — унутраныя, якiх хапала i на вайне таксама. Вайна зусiм не спынiла (калi не абвастрыла) унутраную палiтыку ў адносiнах партыi (i асаблiва яе карных органаў) да народу. Рэпрэсiўная палiтыка працягвалася, хаця, можа быць, ня гэтак заўважна, як да вайны. Вядома, увага тады была адцягнена на iншую барацьбу. Але мне стаў вядомы лёс аднаго нашага аднапалчанiна, журналiста дывiзiйнай газэты. Ён пiсаў вершы, якiя рэгулярна паяўлялiся на старонках нашай дывiзiёнкi за подпiсам малодшага лейтэнанта Д. Кугульцiнава. А затым раптам зьнiклi. Тады тое ня дужа зьвяртала на сябе ўвагу: людзi на вайне ўвесь час зьнiкалi — хто на той сьвет, хто ў шпiталь. Пасьля вайны ўжо стала вядома, што калмыка Кугульцiнава з фронту адправiлi ў ссылку, куды выслалi ўвесь ягоны калмыцкi народ. Вярнуў ся ён толькi празь дзесяць год i стаў слынным калмыцкiм паэтам. Тое ж, дарэчы, адбылося з другiм выдатным паэтам, балкарцам Кайсынам Кулiевым ды з мноствам iншых. Пра пасьляваенныя пасадкi афiцэраў я ўжо апавядаў, тое тады было сьвежае ў памяцi i ўражвала.

Пасьля выкрыцьця «культу асобы» ў расейскай лiтаратуры пачалi паяўляцца негатыўныя вобразы чэкiстаў, энкавэдыстаў, здаралася, што i нядаўнiх сьмершаўцаў. Але ўсё тое дужа ашчадна i нясьмела. Тады «Архiпэлаг ГУЛАГ» ня быў вядомы, А. Салжанiцын заставаўся аўтарам толькi «Аднаго дня Iвана Дзянiсавiча». Але ў грамадзкай сьвядомасьцi ўжо склаўся адыёзны тып гэтых людзей, пэўныя адносiны да якiх у мяне склалiся даўно. Карцела напiсаць, хоць я пэўна ня ведаў, чым можа скончыцца такая спроба. Пэўнае адчуваньне, аднак, было, у паветры павеялi ўжо iншыя вятры, але думалася, можа, часова. Можа, тое, што адбылося ў грамадзкiм жыцьцi краiны, беззваротна, i краiна назаўжды скончыла з уласным крывавым мiнулым. Вайсковыя пляны пiсаў асобна, пасьля ў iх уставiў пасьляваенны сюжэт з маладымi людзьмi таго часу. То быў мой нерэалiзаваны доўг маладзёжнай тэмы, i меў яшчэ адну прычыну. Як заўжды, друкаваць аповесьць меўся ў «Маладосьцi», а ў Маскве Гарбачоў паабяцаў перакласьцi яе для «Юности» — часопiсу, якi тады стаў дужа папулярны ня толькi сярод моладзi. Дзейнага сюжэту хапала аж занадта, па магчымасьцi я стараўся яго скарацiць. Памятаючы параду А. Чэхава, ад сюжэту адсек пачатак i канец, бо, як пiсаў клясык, — там найбольш фальшу. Што ж да самага канфлiктнага вобразу сьмершаўца, дык давялося нямала паламаць галаву над тым, якое даць яму прозьвiшча? Было вядома, якiя ў нас склалiся адносiны да нацыянальнай прыналежнасьцi лiтаратурных пэрсанажаў, асаблiва пэрсанажаў адмоўных. Звычайна на дадатныя рэагавалi моўчкi, бы так i трэба, а на адмоўныя слалi аўтарам i ў рэдакцыi пратэсты i рэклямацыi з крыўдамi за абразу. Шахцёры крыўдзiлiся за шахцёраў, сталявары — за сталявараў, настаўнiкi — за настаўнiкаў. Толькi за адмоўных калгасьнiкаў нiхто ня крыўдзiўся i не заступаўся. Чыста расейскае прозьвiшча не падыходзiла з самага пачатку (не прапусьцiць Галоўлiт), сярэднеазiяцкае выклiкала немалы сумнеў, азiяцкiя «чытачы» на гэты конт былi яшчэ болей чуйныя. I я не без ваганьня выбраў амаль нэйтральнае — Сахно, якое хоць i несла ў сабе нейкi славянскi элемэнт, але, на мой погляд, ня мела выразнай нацыянальнай прыналежнасьцi. Напэўна, аднак, тут да канца не дадумаў, некаторыя прызналi яго сваiм, што мне пасьля каштавала нямала папсутай крывi. У тым лiку i ад маiх украiнскiх сяброў — пiсьменьнiкаў.