Выбрать главу

На кангрэсе гаворка iшла пра лiтаратурны авангард, вядома ж, заходнi, — у нас тады свайго яшчэ не было. Там жа ў зале паседжаньня стала вядома пра арышт у Маскве Сiняўскага i Данiэля, i мне дужа спадабалася, як К. Сiманаў нягучна сказаў, што арышт паэта — заўжды ганьба для ўраду. Яго, аднак, нiхто не падтрымаў, ды мала хто i пачуў. Мы ўважлiва i зь некаторым зьдзiўленьнем слухалi глыбакадумныя выступы Сартра, рэжысэра Антанiёнi, Джона Карла Вiгарэлi, якiя гаварылi зусiм ня так i не пра тое, што мы прывыклi чуць на радзiме. Асаблiва ўразiў Сартр сваiмi фiлязофскiмi экспромтамi пра экзiстэнцыялiзм. Разумна ён гаварыў, Сартр, а я думаў, што ўсё ж праўда, мабыць, на баку ягонага земляка Камю, якi зганiў СССР за канцлягеры, а Сартр за тое парваў зь iм адносiны.

Авангардысты, якiя там выступалi, нас меней цiкавiлi, сярод савецкiх пiсьменьнiкаў тады мала было прыхiльнiкаў гэтае плынi. Апроч хiба Вiктара Шклоўскага, якi пасьля свайго выступу на гэтую тэму адразу стаў папулярны сярод заходнiх маэстра. Роб Грыйе i Наталi Сарот горача цiснулi ягоную руку. Там я пазнаёмiўся з Аляксандрам Твардоўскiм, якi сказаў, што будзе друкаваць мой твор, хаця яго яшчэ не чытаў. А на рымскай вулiчцы за маленькiм круглым столiкам спаткаў двух слынных палякаў В. Iвашкевiча i Е. Путраманта, якiя жартоўна зьдзiвiлiся, што ў Беларусi ёсьць пiсьменьнiк, маладзейшы за Танка. Танк тады быў для iх маладзён.

Утрох — Аксёнаў, Марцынкявічус і я — пайшлі на шпацыр убок сабора сьв. Пятра. Тут трапляла шмат сьвятароў у чорным, цікава было бачыць групы маладых манашак у чорна-белых касынках. На вуліцах у невялікіх шапіках прадавалі рознае царкоўнае начыньне — крыжыкі, расьпяцьце, пацеркі. Мы вырашылі набыць біблію. У нас жа ў Саюзе дабыць яе не было як, мо тут можна. Зайшлі ў адзін шапік з рэлігійнай літаратурай, папыталі — каб на рускай мове. На рускай мове блізка не аказалася, служка пайшоў некуды шукаць. Мы чакалі. Урэшце ён прынёс — на жоўтай паперы, у мяккай вокладцы. Але па-ўкраінску. Хлопцы адмовіліся купляць, а я ўзяў — была рызыка правезьці цераз мяжу (то ж лічылася недазволенай літаратурай), але рызыкнуў. І пасьля чытаў сьв. пісаньне па-ўкраінску, вучыў украінскую мову і божае слова па ёй.

Напрыканцы, цi не ў апошнi дзень нашага гасьцяваньня ў Рыме, адбыўся дробны, але шматзначны для таго часу выпадак, пра якi, можа, варта тут распавесьцi. Уранку нам аб’явiлi, што савецкая амбасада запрашае на прыём рускiх пiсьменьнiкаў, аўтобус будзе пададзены да гатэлю. Паколькi ў складзе дэлегацыi былi ня толькi рускiя, дык астатнiя палiчылi сябе вольнымi ад запрашэньня i выправiлiся на шпацыр у горад. Мы зь лiтоўцам Марцынкявiчусам пайшлi ў парк Венета. Аднак на падыходзе туды нас дагнаў аўтамабiль з амбасады, i малады служачы паведамiў папраўку: амбасадар запрашае на прыём усiх, у тым лiку i нярускiх. Давялося вяртацца ў гатэль, каб перамянiць сарочкi ды надзець гальштукi. I мы спазьнiлiся. На ганку гатэлю спаткалi башкiра Мустая Карыма з Аляксандрам Твардоўскiм, якiя таксама не пасьпелi на аўтобус з астатнiмi. Давялося наймаць таксi. Твардоўскi быў у чорным гарнiтуры, увесь распараны ад гарачынi i лаяўся. У амбасадзе аказалася, што прыём ня тут, а ў летняй рэзыдэнцыi за горадам. Паехалi туды, зноў жа на таксi, па дарозе трапiлi ў аўтамабiльную аварыю, хаця дужа нiхто не пабiўся.

Настрой быў сапсаваны, але грэла мэта. Твардоўскi, аднак, быў на мяжы нэрвовага зрыву. Прыехалi зь вялiкiм спазьненьнем, усе сядзелi за лёгкiмi столiкамi з прахаладжальнымi напоямi, амбасадар заканчваў чытаць свой даклад i пералiчваў працэнты росту выплаўкi чыгуну i сталi ў чарговай пяцiгодцы. Як скончыў, пацiкавiўся, цi будуць пытаньнi. Пытаньняў не аказалася, i ён падзякаваў усiм за ўвагу. Усе расчаравана ўсталi, i Твардоўскi гучна, па-сялянску вылаяўся. Амбасадар здаля спытаўся: «Што вы сказалi, таварыш Твардоўскi?». Аляксандр Трыфанавiч стрымана адказаў: «Тое, што чулi». Усе з каменнымi тварамi скiравалi з душнага памяшканьня на вулiцу.

Наш самалёт з Рыму Масква не прыняла з прычыны надвор’я, давялося вяртацца ў Кiеў. Адтуль ехалi цягнiком. Была глыбокая ноч, рэстаран не працаваў, дык мы пабудзiлi буфетчыцу, набралi ў яе шампанскага. I пачалi пiць. У Рыме тым не надта захаплялiся — бракавала лiраў, а тут размахнулiся. Барыс Сучкоў, падпiўшы, распавядаў, як колiсь арганiзоўваў выдавецтва «Иностранная литература», як было з матзабесьпячэньнем, i ён зьвяртаўся да ўсiх — ад Малянкова да Калiнiна. Але нiхто ня мог цi не хацеў выдаць яму два аўтамабiлi, усё цягнулi, спасылалiся на ваенныя абставiны. Тады хтось параiў рэдактару зьвярнуцца да Берыi. Сучкоў сьпярша не хацеў, баяўся, а як наважыўся, Берыя адразу сказаў: «Будуць табе машыны!». Праз тыдзень звонiць: «Сучкоў, пачаму не забiраеш пяць „студэбэкераў“, чакаюць на грузавой станцыi». Той выпадак паказаў Сучкову, хто гаспадар у краiне. Праўда, яшчэ праз колькi гадоў той жа гаспадар адправiў рэдактара на мардоўскi лесапавал, адкуль яго вызвалiў XX зьезд партыi. А ў суседнiм купэ таксама падпiты Аляксей Суркоў скупа паведамiў, як ён у Брусэлi хацеў скончыць самагубствам — гэткiя абавязкi навешалi на яго ў Маскве, за невыкананьне якiх пагражала Лубянка.