Выбрать главу

Як пасьля выявілася, праблемы ў А. Суркова ўзьніклі ў Нідэрландах пасьля гісторыі з Пастэрнакам. Суркова абвінавацілі ў фальсіфікацыі і паклёпе на нобэлеўскага ляўрэата, і савецкае кіраўніцтва ініцыявала судовы працэс, каб яго апраўдаць. Але, здаецца, марна.

I я думаў: бедныя, няшчасныя расейскiя пiсьменьнiкi! I гэта — элiта! Нядзiва што, можа, самы элiтны зь iх АТК адразу завалiўся спаць на нiжняй палiцы. Каб нiчога ня чуць. Кажуць, так заўсёды рабiлi ў паездках разумныя савецкiя людзi. Той, хто добра выпiў, заўсёды меў апраўданьне.

Паездка пiсьменьнiка за мяжу на той час была амаль сэнсацыяй. Па вяртаньнi ў мяне бралi iнтэрв’ю, я выступаў з аповедамi ў рэдакцыi, пiсаў пра тое ў «ЛiМе». Зь Менску прыйшла прапанова стварыць балет паводле «Альпiйскай балады», але я, навучаны вопытам кiно, адмовiўся. Я не хацеў празьмернай папулярнасьцi, ужо адчуў, як да таго адносяцца мае менскiя калегi-пiсьменьнiкi. Лепш сядзець цiха i ня надта высоўвацца.

Увосень пазванiлi з «Нового мира» — трэба прыехаць рыхтаваць да друку «Мёртвым не балiць». Хутка сабраўся, паехаў, адшукаў рэдакцыю ў Малым Путнiкаўскiм завулку — вузкi калiдорчык, цесныя пакойчыкi, дужа пахне камунальнай кухняй (на трэцiм паверсе быў рэдакцыйны буфэт). Маiм рэдактарам аказалася немаладая прыветлiвая дама з блiзарукiм позiркам — Анна Самойлаўна Берзер, якая адразу сказала, што пераклад кепскi, трэба шмат працаваць. Тое ж сказаў i загадчык аддзелу прозы Iгар Вiнаградаў i дадаў: «Гэты раз надрукуем. Але ў наступны каб гэтага вашага перакладчыка тут i нагi не было». Тое мяне нямала зьдзiвiла, i толькi пасьля я дазнаўся, што Мiхась Гарбачоў на пасадзе сакратара партбюро СП СССР нажыў у Маскве нямала ворагаў. Вядома, «Новый мир» у гэтым сэнсе ня быў выключэньнем.

Пару тыдняў сядзеў у шыкоўным, але сьцюдзёным нумары гатэлю «Савецкая» i правiў, правiў адпаведна адзнакам Анны Самойлаўны. Пад вечар адносiў у рэдакцыю i назаўтра зноў правiў. Спатрэбiлася таксама перастаўляць некаторыя часткi, асаблiва сучасныя пляны. Некаторыя сцэны ўзбуйняць, iншыя, наадварот, — здрабняць. Часам аж кружылася галава ад той працы. Аднойчы ў дзьверы пастукала незнаёмая жанчына, аказалася, што гэта менская лiбрэтыстка Чарахоўская, яна гатовая ўпасьцi мне ў ногi, абы я дазволiў ёй напiсаць лiбрэта балету «Альпiйскай балады». Ды яна яго ўжо i напiсала — во, пачытайце. Ёсьць усе падставы, што атрымаецца выдатны балет, тым болей, што музыку пiша малады кампазытар Яўген Глебаў, якi дужа любiць усю творчасьць Васiля Быкава. Сэрца, як кажуць, — ня камень, насуперак пачуцьцю я пагадзiўся. Той факт запачаткаваў маё доўгагадовае сяброўства з таленавiтым кампазытарам i грунтоўным чалавекам Яўгенам Аляксандравiчам Глебавым. Балет ён стварыў выдатны. Я глядзеў яго аднойчы зь Ірынай Міхайлаўнай (якая пад той час стала маёй жонкай), у якой тады цяклі сьлёзы. Да таго спэктаклю яна была катэгарычна супраць, як ёй здавалася, апашленьня высокай тэмы.

«Новый мир» тады ўжо бамбавалi з усiх iнстанцыяў — з Галоўлiту, з СП, з ЦК. Выходзiў часопiс нерэгулярна, кожны раз зь вялiкiм спазьненьнем. Спазьнiлiся i №№ 1–2 з маёй аповесьцю i трапiлi якраз падчас чарговага i, можа, самага рэакцыйнага зьезду КПСС — то быў яму падаруначак! У той час, як зьезд набiраўся рашучасьцi рэабiлiтаваць сталiншчыну, абялiць запэцканыя Хрушчовым слаўныя чэкiсцкiя органы, Твардоўскi б’е iх залпам з двух нумароў, у якiх зьмешчана аповесьць беларускага пiсьменьнiка. Мабыць, сваiх у Маскве не знайшлося. Тым горш для «Нового мира».

Iнстанцыi зрэагавалi апэратыўна, i праз колькi дзён выйшаў чарговы нумар «Правды» зь вялiкiм артыкулам У. Сеўрука (як пасьля выявiлася, слухача Акадэмii грамадскiх навук). У гэтым артыкуле канстатавалася несумненная няўдача пiсьменьнiка, абараняўся гонар Савецкай армii, пераможцы фашызму, давалiся ўстаноўкi, як трэба пiсаць на тэму мiнулай вайны. Мабыць, артыкул дужа спадабаўся галоўнаму iдэёлягу КПСС тав. Суславу, бо аўтар неўзабаве быў паклiканы на Старую плошчу, дзе зрабiў нечуваную для правiнцыйнага (здаецца, чукоцкага) журналiста кар’еру. Родам гэты чалавек быў зь Беларусi i, мабыць, на гэтай падставе стаў галоўным дарадцам Суслава — сьпярша па творчасьцi Быкава, а пасьля i па ўсёй савецкай лiтаратуры.