У Горадню зь Менску прыехаў Васiль Буран, якi рыхтаваў да абароны кандыдацкую дысэртацыю па творчасьцi Быкава. Дысэртацыю не прымалi, бо там давалiся ня тыя ацэнкi некаторым момантам маёй творчасьцi. Васiль бiўся над ёй колькi месяцаў i ўсё марна. Я сказаў яму: «Напiшы ты, што iм патрэбна». Але Васiль, якi аказаўся слаўным украiнскiм хлопцам, маiм аднагодкам, упарцiўся. Дык мы разам сядзелi вечар, i я памагаў яму рабiць фармулёўкi ўласных творчых хiбаў. Здаецца, тое памагло, дысэртацыю прынялi.
Так сталася, што маімі літаратурнымі сябрамі ў Менску сталі маладзейшыя пісьменьнікі, народзінаў 30-х гадоў. Сяброў зь ліку аднагодкаў (апроч хіба Алеся Адамовіча, маладзейшага за мяне на 3 гады) амаль не было нікога. Увогуле тое зразумела. Маё пакаленьне ці ня спрэс засталося на вайне, а тыя нешматлікія зь яго, што ўцалелі, занадта навучыліся на вайне і пасьля. «Філялягічнае ж пакаленьне» пісьменьнікаў, мабыць, яшчэ ня страціла сваіх маладых памкненьняў да праўды і справядлівасьці і часам, можа нават міжволі, канфліктна рэагавала на нэгатыўныя праявы літаратурнага жыцьця.
Напярэдаднi чарговага зьезду Саюзу пiсьменьнiкаў Беларусi Генадзь Бураўкiн i Анатоль Вярцiнскi арганiзавалi збор подпiсаў пад лiстом у абарону Быкава. Як пасьля яны пра тое апавядалi, цiкава было паназiраць за рэакцыяй шмат якiх пiсьменьнiкаў на прапанову падпiсаць лiст. Некаторыя адразу адмовiлiся, iншыя абяцалi падумаць (г. зн. параiцца з кiмсь). Бальшыня, аднак, не раздумваючы, падпiсала лiст, i мяне ўсьцешыла, што сярод iх нямала старых, вельмi шаноўных пiсьменьнiкаў: Мiхась Лынькоў, Iван Мележ, Янка Брыль, Аркадзь Куляшоў. (Дарэчы, Аркадзь Куляшоў, якi быў у даўняй дружбе з Твардоўскiм, адзiн зь першых павiншаваў мяне з надрукаваньнем у «Новом мире».) Але нi Шамякiн, нi Броўка, нi Танк лiста не падпiсалi. Ведама, той лiст мала чым дапамог апальнаму аўтару (ды i ня мог памагчы), але вэрхалу нарабiў нямала. Тое, што вакол яго адбывалася, дало зразумець партыйнаму кiраўнiцтву, што ў надта апекаваным калектыве пiсьменьнiкаў няма былога сцэмэнтаванага адзiнства. Што пiсьменьнiкi, як нi дзiўна i не зважаючы на шматгадовы ўцiск i рэпрэсii, здольныя да пратэсту. Лiст, зразумела, ня быў нiдзе надрукаваны, а арганiзатараў яго ня раз выклiкалi на допыты i разьбiральнiцтвы у розныя iнстанцыi (у тым лiку i ў КДБ). Але справа была зробленая, пiсьменьнiкi ўпершыню засьведчылi, што могуць не падпарадкавацца грознай партыйнай волi. Toe ўжо было небясьпекай, якая дайшла да Масквы i якую належала прадухiлiць.
Зусiм нечакана ў Гораднi паявiўся мой перакладчык Мiхась Гарбачоў. Ранкам проста зь цягнiку ён прыбег да мяне на Алега Кашавога, сказаў, што прыехаў iнкогнiта, бо мае дужа пiльную справу. Праз публiкацыю маёй аповесьцi, да якой i ён прычынiўся, у ЦК КПСС падняўся вялiкi скандал, рыхтуецца закрытая пастанова на гэты конт, якая чорт ведае што можа нарабiць. Таму трэба папярэдзiць — прызнаць крытыку i павiнiцца. Найлепш таемна, у выглядзе асабiстага лiста ў ЦК. Я, натуральна, не пагадзiўся, Мiхась пачаў нацiскаць. Мы ўсчалi спрачацца, сварыцца i, вядома, пiць. Спрачалiся i пiлi цi ня суткi запар, але да згоды так i не прыйшлi. Сказана было шмат усялякай п’янай лухты, але нямала i прынцыповага, што неадольнай мяжой разьдзялiла мяне з маiм перакладчыкам. У канцы ён сказаў: што ж, аповесьць, канешне, цяпер ня выдадуць, будзе ляжаць, бы запасны капiтал у сэйфе. Можа, калiнебудзь… Апроч шмат чаго iншага, яму як перакладчыку, канешне, было шкада ўласнае працы, якая прападала марна, i ён спадзяваўся на калi-небудзь. На жаль, ягоныя спадзяванкi ня спраўдзiлiся, Гарбачоў памёр, так i не дачакаўшыся выданьня адыёзнага твору.
Правёўшы Гарбачова на маскоўскi цягнiк, я засеў за прамову. Нячаста я выступаў на пiсьменьнiцкiх зборышчах такога роду, але тут рашыўся. (Пасьля некаторыя з маiх дужа iнфармаваных апанэнтаў абсалютна дарэмна звальвалi гэта на невiнаватага ў тым Гарбачова.) Ды й Алесь Адамовiч сказаў па тэлефоне: прамаўчаць ты ня маеш права, асаблiва калi за цябе могуць пацярпець iншыя. За дзень я накiдаў выступ з маiмi поглядамi i маiмi нязгодамi.
Прыехаўшы ў Менск, даў прачытаць тое некаторым маскоўскiм гасьцям — Аскоцкаму i Лазараву, яны не пярэчылi. Хiба толькi Лазараў, якi крыху ведаў маю ня надта спрактыкаваную манеру выступаць, сказаў: не затараплiвай. Тое было правiльна: я стараўся прачытаць напiсанае як мага хутчэй, i тое выглядала кепска. Чытаў у вялiкiм нэрвовым напружаньнi, пры абсалютнай цiшынi ў залi, а як скончыў, заля нечакана грымнула воплескамi. Некаторыя ў заднiх шэрагах нават усталi. Начальства ў прэзыдыуме, вядома, сядзела з каменнымi тварамi. Але начальства ведала тое, чаго ня ведалi iншыя — недарма яно рыхтавала зьезд доўга i старанна. Пасьля перапынку адразу выступiў Алесь Савiцкi, якi незадоўга перад тым прыехаў з асьпiрантуры Лiтаратурнага iнстытуту i таксама пачынаў кар’еру. Цьвярдым, разьмераным голасам пераконанага артадокса ён умомант прыгвазьдзiў да ганебнага слупа рэнэгата i антысаветчыка Быкава за яго паклёп на Савецкую армiю i яе авангард — партыю камунiстых. Савiцкаму таксама апладзiравалi, а я там жа ў залi напiсаў яму запіску: «Далёка пойдзеш, Алесь!». I бы ў ваду глядзеў. Не мiнула i месяца, як мой зямляк i аднагодак апынуўся на хлебнай i ганаровай пасадзе ў ЦК КПБ. Праўду казалi: «Галоўная iсьцiна веку: сябра зьеў — сам таўсцейшым стаў».