Ворагаў той прамовай я, вядома, набыў нямала (усё кiраўнiцтва, якое пасьля доўга пазьбягала са мной вiтацца), але паболела i сяброў. На сустрэчах i ў рэстаранным застольлi вельмi прыязна аднесьлiся да таго факту Рыгор Бярозкiн i яго маладзейшыя таварышы — Валя Тарас, Навум Кiсьлiк, Хведар Яфiмаў. Зь iмi ж часьцяком быў i няп’ючы Алесь Адамовiч, тым ня менш цi ня самы актыўны iнiцыятар застольных сустрэч. Пакуль мы хмялелi, ён разумна i зьмястоўна гаварыў пра татальны ўцiск лiтаратуры i нязломнасьць асабiстай волi. У абставiнах звыклай несвабоды тое было няпроста. Але неабходна. Iнакш справа лiтаратуры ператваралася ў банальную палiцэйскую справу сыску i пакараньня. Я казаў, што тое вельмi важна было б давесьцi нашаму кiраўнiцтву СП, на што Адамовiч толькi iранiчна хмыкаў — яны тое ведаюць лепей за нас. Бо ў тым непасрэдна ўдзельнiчаюць. Што ж, як заўжды, Саша меў рацыю, бо ўжо быў навучаны скандальнай гiсторыяй у Маскоўскiм унiвэрсытэце.
Тэкст майго выступу на зьезьдзе трапiў у Маскву, адтуль на Захад. Радыё «Свабода» передало яго ў эфiр. А неўзабаве я атрымаў з Бэрлiну цудоўна выдадзеную кнiжку «Мёртвым не балiць» на нямецкай мове. Дырэктар заходнебэрлiнскага выдавецтва «Propileen» пытаўся, якiм чынам ён можа заплацiць мне ганарар. Мы з Аляксеем Карпюком доўга раiлiся над адказам i вырашылi пакiнуць гэтае пытаньне нявырашаным. Iнакш не абярэшся бяды. I, мабыць, зрабiлi правiльна, бо ўсе замежныя ганарары тады iшлi праз адмысловую дзяржаўную структуру, абыходзiць якую было небясьпечна. Яшчэ нядаўна паведамлялася пра суд над нашчадкамi Барыса Пастарнака — быццам бы за парушэньне правiлаў валютных апэрацыяў.
Неўзабаве пасьля зьезду я атрымаў першы лiст ад Твардоўскага. Пасьля ён прысылаў мне нямала лiстоў i паштовак, але той самы першы стаўся для мяне самым важным ва ўсiх адносiнах. Аляксандр Трыфанавiч найперш абгрунтаваў уласную пазыцыю ў дачыненьнi да сучаснай лiтаратуры i засьведчыў пэўную прыхiльнасьць да майго выступу на зьезьдзе. Яму спадабалася, што я не апраўдваўся там, не вiнiўся, а хутчэй — наступаў i абвiнавачваў. Пахвальнае слова рэдактара i мэтра расейскай лiтаратуры было для мяне важней за ўсе пагрозьлiвыя напады ўсiх «лiтаратураведаў у штацкiм». Я адчуў сябе яшчэ болей упэўнена, калi аднойчы пад восень атрымаў тэлеграму зь Ялты ад славутага аўтара «Акопаў Сталiнграду» i таксама ўжо бiтага крытыкай (за падарожныя нататкi з Захаду) Вiктара Някрасава. «П’ём за ваша здароўе, жадаем новых кнiг праўды пра нашу вялiкую вайну», — значылася ў тэлеграме…
У выніку буйнай кампаніі дыскрэдытацыі твору Быкава аўтар пачаў атрымліваць шмат лістоў ад яго чытачоў. Пісалі зь Беларусі, з Масквы, зь Пецярбургу і нават зь Сібіры і Далёкага Ўсходу. Аўтары былі самыя розныя — ад ветэранаў былой вайны да моладзі і студэнтаў. Значная бальшыня пісьмаў была ў падтрымку пазыцыі аўтара, падзяка за праўду вайны. Тады ж празь лісты я пазнаёміўся зь некаторымі пісьменьнікамі, што былі, так бы мовіць, «укушаныя вайной», інваліды, якія самі пісалі пра яе. Гэта быў выдатны рускі пісьменьнік У. Тэндракоў, а таксама С. Круцілін, В. Ганчароў, [нечытэльная ўстаўка], Д. Гусараў зь Петразаводзку. Яны дзякавалі мне і пісьмова ціснулі руку. Тады і пасьля такіх лістоў у мяне набраўся не адзін чамадан. Частку іх пазьней я спаліў на дачы, як пабачыў, што іх могуць украсьці, бо дужа цікавяцца пэўныя людзі. Але ўжо тады заўважыў, што ўсе лісты былі пэрлюстраваныя, што ня надта і ўтойвалася пэрлюстратарам і. Вядома, што папера савецкіх купэртаў была благая, і сьляды гарачага адпарваньня на другім баку былі відавочныя. Пры тым некаторыя з лістоў пэрлюстраваліся па некалькі разоў, у розных інстанцыях. Асабліва пашкуматаным і выглядалі лісты да бацькоў, у вёску. Падобна, іх адпарвал і ў Гародні, дзе я іх апускаў у скрынку, затым у Менску і, вядома ж, па месцы адрасата — усім трэба было ведаць, што піша Быкаў. Але я даўно ўжо не пісаў нічога падазронага, тым болей бацькам. Як, дарэчы, і яны мне, чые лісты былі ня лепшыя з выгляду. Калі трапляла якая бандэроль — кніга ці рукапіс, дык яна была бязьлітасна пашкуматаная (бы яе грыз сабака) і мела чорны паштовы штэмпель: «Поступила в поврежденном виде».