Выбрать главу

Некаторыя лісты наогул не прыходзілі — мабыць, адразу ішлі ў «справу». Тады ксэраксаў яшчэ не было, а на перадрук органы ашчаджалі працу «кваліфікаваных машын істак».

Яшчэ падчас паездкi Найдзена Вылчава ў Беларусь было дамоўлена, што балгарскi Саюз пiсьменьнiкаў запросiць мяне на госьцi. На тое мелiся падставы, i першая зь iх — мае «Трэцюю ракету» i «Альпiйскую баладу» пераклалi на балгарскую мову i выдалi ў Плоўдзiве. Значыць, я меў права на нейкi там ганарар. Але ў мяне не было замежнага пашпарту. Калi я зьвярнуўся ў менскi МВД, дык там доўга не адказвалi, штосьцi цягнулi. Мiнаў час, настала восень. I тады аднойчы пазванiлi: можаце прыехаць па пашпарт. Праз тыдзень я ўжо ехаў цягнiком з Масквы ў Сафiю. Мне дужа карцела наведаць краiну маёй хай сабе i малашчасьлiвай маладосьцi, зiрнуць на знаёмыя i мiлыя мне мясьцiны. Ну i, вядома, пагасьцяваць. Усё ж я ехаў паводле запрашэньня афiцыйнай арганiзацыi, а не як бяспраўны прыватны паязджанiн.

На памежнай станцыi Унгены, якую я некалi адваёўваў у немцаў, ужо добра функцыянавала пiльная памежная служба, i мяне адразу папрасiлi з вагону ў будынак вакзалу. Чамадан, сказалi, можна ня браць. Я нiчога з сабой ня вёз, апроч бутэлькi гарэлкi ды пару кнiжак. Яшчэ праўда, жонка Аркадзя Куляшова — Аксана Хведараўна — дала каробку цукерак для дачкi Валi, што была замужам у Сафii. У вакзале павялi на другi паверх, дзе ў прасторным габiнэце сядзеў бляндынiсты чалавек, што яўна мяне чакаў. Я адразу здагадаўся, хто гэта, хоць ён i не назваў сябе. Пачалася размова — што, як? Адкуль i куды? Якiя там у вас сябры? Якiя зь iмi сувязi — паштовыя цi асабiстыя? Пасьля гаворка набыла болей эмацыйны тон — чаму вы гэтак тэндэнцыйна пiшаце? У нас шмат вайсковых пiсьменьнiкаў, але ж iншыя пiшуць добра, без скажэньня праўды вайны i працы органаў. Без арганiзаванай працы органаў не было б i нашай перамогi ў вайне — ворагi i здраднiкi хутка б здалi Савецкi Саюз Гiтлеру. А так во вы маеце магчымасьць паехаць у Балгарыю, сустрэцца i выпiць зь сябрамi. У гэткай размове мiнула гадзiна цi болей, i я пачаў баяцца, што магу адстаць ад цягнiка. Пра тое яму i сказаў. Ён толькi ўсьмiхнуўся — цягнiк бяз вас ня пойдзе. I праўда, добра нагаварыўшыся i, мабыць, дарэшты выканаў шы свой абавязак, ён правёў мяне да вагону. Як цягнiк перайшоў мяжу, я расчынiў свой чамадан i зьдзiвiўся: усё там было ператрэсена. Адзiн з суседзяў па купэ пасьля шапнуў у калiдоры: чамадан яны таксама бралi туды. Што ж, дзякуй, што хоць не пакралi чужыя цукеркi…

Рэшта таго шляху па Румынii i да самай Сафii была азмрочана, я ўжо не хацеў i ехаць. Але неўзабаве ў Сафii, якая спаткала мяне знаёмым пахам смажанай кебабчы, настрой памалу падняўся. Асаблiва пасьля добрай чары грэнай ракii ў сьцюдзёны час. Найдзен тут жа ўладкаваў мяне ў гатэль i папярэдзiў, што на тым афiцыйная гасьцiна СП канчаецца, далей мной апекваюцца прыватна. У тым лiку i ён. Так загадала Масква, наогул хацела адмянiць вiзыт, але балгары палiчылi такi акт бестактоўным i дазволiлi прыехаць. Што ж, прыватна яны прымалi таксама няблага. Найперш добра пачаставалi на кватэры ў Найдзена зь яго мiлай Мiнкай, куды прыйшоў другi Вылчаў — Георгiй, зь якiм я знаёмiўся ў час ягонага прыезду ў Менск i Горадню. Празаiк Iвайла Пятроў пры сустрэчы на вулiцы пачаставаў вiном i распавёў дужа палiтычны анэкдот. У паветранай катастрофе загiнулi тры нацыянальныя лiдэры: Адэнаўэр, Эйзенхаўэр i Хрушчоў. Пытаньне: якi народ найбольш шкадаваць будзе? Адказ: балгарскi. Чаму? Таму што сярод iх не было Тодара Жыўкава. Анекдот у алегарычнай форме ўсё вытлумачыў. Болей пра настроi i жыцьцё ў Балгарыi можна было не пытацца. Хаця жыцьцё тое было ва ўсiх адносiнах куды лепшае, чым у нашай краiне. Я там меў гонар быць запрошаным на некаторыя госьцi i памятаю, як гаварыў пра Менск рэдактар адной балгарскай газэты. Казаў, што, наведаўшы Беларусь, хацеў плакаць, бо ня ўбачыў на вулiцах нiводнай беларускай шыльды, не пачуў у Менску нiводнага беларускага слова i тады зразумеў, што чакае Балгарыю. Ён быў недалёка ад праўды…

У Сафii зьезьдзiў на Плоўдзiўскую шашу, у былы наш вайсковы гарадок. Гарадок быў на сваiм месцы — тыя ж драты агароджы, прахадная, будынкi i казармы. Але нешта i зьмянiлася. У рамантычнай вiле цераз дарогу, дзе жыў балгарскi генэрал, а пасьля наш камбрыг, цяпер месьцiлiся камунальныя гаспадары, у двары сушылася на вяроўцы бялiзна, а ў доле два балгарыны смалiлi кабана. Акурат, як на беларускай вёсцы. Вёска i там прыйшла ў горад. Гасьцiнныя балгарскiя пiсьменьнiкi хацелi пачаставаць мяне славутым iх каньяком «Плiска», ды марна. Шукалi па ўсiм горадзе, завiталi ў фiрменны гатэль «Плiска», але каньяку не знайшлi, сказалi — пайшоў на экспарт. Я падумаў тады: добра, што наш «сучок» не iдзе на экспарт, хоць ёсьць што выпiць.