Выбрать главу

На пачатку сьнежня, якраз на дзень сталiнскай канстытуцыi памёр бацька. Паехаў на паховiны. Да Полацку ехаў цягнiком, а адтуль — на таксi. Не даяжджаючы Кублiч, у Штундаравых гарах таксоўка забуксавала, давялося iсьцi пехатой. Добра, было недалёка. Бацька перад сьмерцю доўга хварэў на нейкую лiхаманку, якую лячылi ў Селiцкай бальнiцы, ды марна. Ён дужа пакутаваў — ад хваробы i яшчэ за сына. Як я прыяжджаў апошнiм часам, пiльна ўглядаўся ў мяне i цяжка ўздыхаў: дастаецца табе, сынок, лепш бы ты кiнуў пiсаць. Пад страхой хлеўчука ў яго даўно ляжала колькi хваёвых дошак, якiя, мяркуючы па ўсiм, чакалi свайго часу. Не дачакаўся мой стары бацька, калi я кiну пiсаць. З тым i пайшоў у хвойнiк пасярод вёскi, дзе сабралiся ўсе тамтэйшыя пакаленьнi жыхароў. Жылi i адносiлiся адзiн да аднаго па-рознаму, але тут ляжаць цесьненька — у мiры i згодзе. Мусiць, толькi на могiлках тое i магчыма.

Усё апошнiм часам перажытае, зьвязанае зь лiтаратурай, аднак, ня змусiла мяне адрачыся ад вайсковай тэмы. Хоць i даводзiлася часам пакутна, парой безнадзейна. Але падтрымка сяброў — у Менску i Маскве — сьведчыла, што ў творчым сэнсе я на плённым шляху. Неяк у Маскве давялося добра i шчыра пагутарыць з Лазарам Лазаравым, якi рабiўся цi ня самым аўтарытэтным дасьледчыкам вайсковай лiтаратуры i ўжо што-нiшто надрукаваў у маю падтрымку. Як заўжды, на ўсiх калектыўных мерапрыемствах пахвальна i горача гаварыў пра мае аповесьцi Алесь Адамовiч. Чытачы прысылалi масу водгукаў, пераважна з адабрэньнем аповесьцi. Сярод iх аднойчы атрымаў добры лiст ад малазнаёмага тады, а пасьля аднаго з самых выдатных пiсьменьнiкаў Расеi Вiктара Астаф’ева. Выдатны лiст у падтрымку майго погляду на вайну прыслаў камандуючы ЗАКВА генэрал армii Стучэнка. Шкада, мала што з тых эпiсталярыяў захавалася: частку я сам спалiў на лецiшчы (не было дзе хаваць), частку раскралi. Што-колечы здаў у лiтаратурны музэй.

Тады ўлетку вольны час бавiў на Нёмане. Тут маiм сябрам заставаўся Валя Чэкiн, разумны музыка i паэт. Неблагiя вершы яго часам друкавалiся ў абласной газэце. Зь iм можна было шчыра пагутарыць пра жыцьцё i лiтаратуру. Ён умеў слухаць, не любiў спрачацца — таксама, як я. Ну i рыбак быў адмысловы.

Стаўшы сакратаром абласнога аддзяленьня СП, Аляксей Карпюк iмкнуўся актывiзаваць працу гродзенскiх пiсьменьнiкаў, арганiзоўваў усялякiя вечары i сустрэчы — у школах, на прадпрыемствах, часам з выездамi ў раёны. Звычайна для таго запрашаў Дануту Бiчэль, Вольгу Iпатаву, якая са школьных урокаў прыбягала куды-небудзь — у пэдiнстытут цi ў рэдакцыю i бойка чытала вершы.

Карпюк звычайна ганарыўся маладымi i недалюблiваў старых — некалькiх дужа актыўных пэнсiянэраў-адстаўнiкоў. Да майго сяброўства з Чэкiным ён адносiўся даволi стрымана, але я лiчыў, што ён памыляецца. Toe маё меркаваньне яшчэ ўзмацнела пасьля аднаго выпадку.

У адзiн зь першых сонечных дзён лета мы дамовiлiся з Чэкiным спаткацца на Нёмане, каб пераабсталяваць нашы лодачныя прычалы. Напярэдаднi Валянцiн прыцяг дзьве таўшчэзныя дошкi, якiя за бутэльку здабыў на недалёкай будоўлi. Прыйшоўшы да лодак, я доўга чакаў сябра, а яго ўсё не было. Нарэшце ён паявiўся, але выглядаў чымсьцi заклапочаны i не адразу паведамiў мне пацiху, што яго клiкалi ў КДБ. Не на Урыцкага, дзе было iхняе ўпраўленьне, а ў гасьцiнiцу. I спрабавалi завербаваць, але ён адмовiў ся. Toe ня стала для мяне вялiкiм сюрпрызам, але настрой сапсавала грунтоўна. Зноў жа я ня ведаў, як да таго аднесьцiся, тым болей, што Чэкiн сказаў, быццам яго папярэдзiлi аб «неразглашэньнi». Toe, што Валяньцiн адмовiўся працаваць супраць мяне, рабiла яго ў маiх вачах яшчэ болей шаноўным сябрам. Болей, аднак, пра тое мы нiколi зь iм не гаварылi, i ён не казаў, цi былi ў яго новыя кантакты з КДБ. Я таксама нiчога пра той выпадак нiкому не сказаў, апроч як праз шмат год — Карпюку. Аляксей тады крыва заўсьмiхаўся — то ж у iх гэткi прыём, а ты думаў… Я падумаў тады, што калi прыём, дык самы паганы i подлы. Бо тое прызнаньне сябра выклiкала ў мяне самыя сяброўскiя да яго пачуцьцi i поўны давер. Думаў, што калi чалавек, не зважаючы на забарону, прызнаецца ў тым, значыцца, ён сапраўды адданы табе сябра. Аказваецца, — прыём…

За кароткi час, можа, за месяц, напiсаў невялiчкую аповесьць, названую «Праклятая вышыня». Гэта ўсё муляў у сьвядомасьцi той выпадак вясны сорак чацьвёртага году на фронце. Думалася, там ёсьць штосьцi новае, што можна выкарыстаць, прынамсi ў лiтаратуры. Хаця новае — вельмi адноснае разуменьне, тое, што я меў на мэце, даўно стала банальнасьцю ў нашым жыцьцi, удоўж i ўпоперак пранiзаным тымi самымi «органамi». Але напiсаўшы, завагаўся, цi варта друкаваць? Хацелася з кiмсьцi параiцца, ды ў Гораднi такiх людзей было мала. Карпюк, здаецца, на той час кудысь зьехаў, мой Валянцiн беларускай мовы ня ведаў. Ды й наогул, будучы паэтам, ён ня надта цiкавiўся маёй празаiчнай творчасьцю. Але часам я сустракаўся (пераважна ў кампанii Карпюка) з выкладчыкам мэдыцынскага iнстытуту дацэнтам Клейнам. Барыс чытаў будучым мэдыкам гiсторыю КПСС, быў эрудзiраваны навуковец, ведаў лiтаратуру i фiлязофiю. Да нашай рэчаiснасьцi адносiўся стрымана крытычна, i тое надало мне рашучасьцi прапанаваць яму аповесьць. Ня надта ахвотна ўзяўшы, ён прачытаў яе за адну ноч i пры сустрэчы дужа хвалiў. Сказаў, што гэткую рэч Твардоўскi з радасьцю надрукуе. Яна таго вартая.